У сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя, што літоўскімі даследчыкамі дакладна ідэнтыфікаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага. Нібыта нават прызначаная дата перапахавання кіраўніка паўстання 1863 года на тэрыторыях Беларусі і Літвы на 6 ліпеня на могілках Роса.
Дырэктар Інстытута гісторыі Літвы Рымантас Мікніс у размове з «НН» адзначыў, што «канчатковага заключэння экспертызы яшчэ няма».
Таму казаць дакладна, што напрыканцы мінулага лета на Замкавай гары ў Вільні быў знойдзены менавіта Каліноўскі, не выпадае.
Антраполагі Літвы шукалі сваякоў Каліноўскага, каб правесці генетычную экспертызу.
Кастусь Каліноўскі — лідар паўстання 1863—1864 гадоў на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Ягонымі намаганнямі выдавалася газета на беларускай мове «Мужыцкая праўда».
Каліноўскі быў павешаны 22 сакавіка 1864 года ў Вільні на Лукішках. Яму было 26 гадоў.
Кастусь Каліноўскі стаў адным з сімвалаў змагання беларусаў за ўласную незалежнасць і ідэнтычнасць. На сёння Каліноўскага малюе моладзь на графіці, майках, набівае татуіроўкі. У Мінску ідзе збор подпісаў за адкрыццё помніка герою.