Янка Саламевіч, фота Андрэя ЛянкевічаУчора беларускаму пiсьменнiку, лiтаратуразнаўцу, энцыклапедысту i фалькларысту, лаўрэату Дзяржаўнай прэмii Беларусi Янку Саламевiчу споўнілася 70 гадоў. Напярэдаднi юбiлею я вырашыў пагутарыць з iм пра беларускi фальклор, пра якi наш юбiляр можа расказваць бясконца.

Янка Саламевіч, фота Андрэя ЛянкевічаУчора беларускаму пiсьменнiку, лiтаратуразнаўцу, энцыклапедысту i фалькларысту, лаўрэату Дзяржаўнай прэмii Беларусi Янку Саламевiчу споўнілася 70 гадоў. Напярэдаднi юбiлею я вырашыў пагутарыць з iм пра беларускi фальклор, пра якi наш юбiляр можа расказваць бясконца.

— Спадар Янка, ведаю, што вы ўсё жыццё запiсваеце ад людзей беларускiя прыпеўкi, жарты, выразы, анекдоты i гэтак далей, адным словам, фрывольны фальклор. Дарэчы, ён у Беларусi слаба даследаваны. Цi не так?

— Неяк я ляжаў у бальнiцы, i ў галаву пачаў лезцi гэты самы фрывольны фальклор. Я пачаў яго запiсваць. Нiл Гiлевiч аднойчы сказаў, што такi фальклор у нас вельмi багаты, але пакуль нiхто яго не выдаваў асобным томам цi тамамi. Некалi ўкраiнскi фалькларыст Уладзiмiр Гнацюк назбiраў украiнскага фрывольнага фальклору на некалькi тамоў. Але выдаў 2 тамы па‑нямецку. Прапаў увесь цымус.

У 1949 годзе ў сваёй роднай вёсцы Вялiкая Кракотка на Слонiмшчыне на адным вяселлi я пачуў i запомнiў такi тост: «Каб ваш ложак добра скрыпаў i да году сынок выпаў!».

Пасля, на вяселлi недзе ў 1980 годзе ў вёсцы Талькаўшчына на Слонiмшчыне я за гэты тост выйграў першае месца. Ён заўсёды добра ўспрымаецца вясельнiкамi. А мой стрыечны брат Сяргей у 1947 годзе, сам яшчэ смаркач, бо з 1939 года, памятаецца, спяваў прыпеўкi:

    Пашоў дзед вальца,
    Пашоў дзед вальца.
    Вывернуў капусту,
    Апарыў яйца.

Цi пра нейкую Палагею:

    Пашла танцаваць
    Наша Палагея:
    Спераду барабан,
    Ззаду батарэя.

Наш былы старшыня калгаса (ужо памёр), па‑вясковаму Мiкiцюк, выспеўваў пад мухаю:

    Курыца зайца любiла,
    Яна яму яйца прышыла.

Калi мой дзед Раман Сцяпанавiч мацюкаўся на бабу Наталлю Антонаўну, то казаў: «Тваю маць, няхай!». Чамусьцi абавязкова дадавалася гэта «няхай». А яна абавязкова парыравала: «Сучку!».

Мы, энцыклапедысты, ездзiлi ў свой час у калгас на праполку i збор ураджаю капусты, морквы i г.д. Валодзя Сацута ўспамiнаў, як там адна з жанчын выказвала сваю адзiноту:

    Наварыла, напякла —
    Няма каму есцi.
    Лягла, ногi развяла —
    Няма каму лезцi.

Мой зямляк Дзмiтрый Супрун пачуў у Жыровiчах: «Каб ты ўср..ся на вяселлi» i праклён «Каб тваю хату жабракi абмiналi!». На экспромт Грышы (Рыгорам ён стаў пасля) Барадулiна, якi тады яшчэ пiў многа,

    Памёр Бальзак,
    .Памёр У Ну,
    .Сумуй, труна,
    Па Супруну.

Дзiма адказаў iмгненна, i, па‑мойму, здорава:

    Даўно сумую
    Па труне,
    Ды як тут будзе
    Без мяне.

Некалi Рыгор Барадулiн пад псеўданiмам Алесь Чабор надрукаваў у «ЛiМе» (1963, № 84) такую пародыю на Алега Лойку (Лойка, праўда, думаў, што аўтар — Пятрусь Макаль):

    З БДУ выходзяць у людзi,
    Расце ў СП
    .кандыдатаў праслойка.
    Калi зусiм на рыфмы забудзе,
    Дык акадэмiкам стане Лойка.

Якубу Коласу прыпiсваюць словы, што найчасцей кажуць на вяселлях. Алег Лойка сцвярджае, праўда, што гэта мо народныя словы з Мiкалаеўшчыны:

    Душа ў гарэлцы меру знае,
    I лiшку не бярэ нiколi —
    Як ракам стаў,
    Дык i даволi…

Эпiтафiя Роберта Бёрнса на Грызель Грым у перакладзе Язэпа Семяжона:

    Спынiся, падарожны пiлiгрым,
    Глядзi, якая д’ябальская
    ў смерцi сiла,
    Што нават гэту грыжу,
    Грызель Грым,
    Загрызла i зубоў не пакрышыла.

I яшчэ адна з Роберта Бёрнса ў перакладзе таго самага Семяжона:

    З такой укормленасцю твару
    Вам быць бы шыльдай
    пры тавары,
    Дзе надпiс гэтакi прыблiзна:
    Свiныя вушы, лыч i галавiзна.

Пачуў ад Анатоля Валахановiча:

    Вось i вер пасля гэтага людзям.
    Я яму аддалась пры луне.
    Ён узяў мае белыя грудзi
    I вузлом завязаў на спiне.

I яшчэ ад Валахановiча:

    Мяне мiлы тузаў, тузаў,
    Думаў, што я без рэйтузаў.
    — Дурань ты, не рвi штаны,
    Гузiк з левай стараны!

Бацька мой казаў пра надта вузкi загон зямлi: «Станеш сц..ь — на чужое ляцiць!». А на карову, якая залезла ў агарод, крычаў: «Вылазь, падла, каб табе моль голаў аб’еў!».

Памятаю, адзiн раз зайшоў да Алега Лойкi. Туды заходзiць якраз Уладзiмiр Караткевiч. Ён так цiкава заўсёды расказваў, нiбы пiсаў. Апавядаў пра адзiн заходнебеларускi каляндар, дзе былi партрэты беларускiх паслоў i грамадскiх дзеячаў з рознымi подпiсамi. Янку Станкевiчу далi подпiс: «Не прымкнуў нi да якога клюбу». Калi мне тут жа падпiсваў сваю «Матчыну душу» Уладзiмiр Караткевiч напiсаў: «Ад аўтара, якi не прымкнуў нi да якога клюбу».

— Бачу, што вы любiце лавiць i запомнiць яркiя беларускiя словы i выразы…

— Бацька некалi казаў: «Мёрзлая зямля заскалела» (стала цвёрдаю як скала). Ён успамiнаў аднаго жыхара Кракоткi, якi еў блiнцы: сем мазаных, сем нiмазаных, сем сухама — збольшага перакусiў. I яшчэ чуў: маленькi хлопчык, не проста хлапчаня, а хлапчачок, не зладзейчык, а зладзяйчук. Тоўсты чалавек — паўтарак, раскалi — два будзе. Цётка Надзя ў Слонiме казала: «Некiя гэтыя картоплi патрупяшалi». У вёсцы маёй мовiлi: сучка маленька, нiзенька, як слончык на чатырох ножках. Пачуў ад бацькi таксама: iдзе нага за нагу, як назаўтра; е што гаварыць, ды нiма чаго слухаць; ужэ наш суп у сватэ збiраецца (пачаў кiснуць).

На вяселлi ў Салiгорскiм раёне казалi: «Дару вам кляновы лiст, каб першы сын быў трактарыст, гарманiст, праграмiст цi яшчэ нейкi iст». Фёдар Янкоўскi некалi згадваў: «З мядком i цвiк праглынеш»…

— Спадар Янка, вы даследавалi беларускi дзiцячы фальклор — гэты дзiўны феномен беларускай традыцыйнай культуры. Але ён таксама не выдадзены асобнымi выданнямi так, як ён таго заслугоўвае. Том «Дзiцячы фальклор» (1972), якi выйшаў у серыi «Беларуская народная творчасць», не ахапiў шмат тэкстаў, асаблiва варыянтаў з многiх рэгiёнаў Беларусi. Хоць дзiцячы фальклор у нас багацейшы, чым у суседзяў. А падросшы, дзецi самi нешта прыдумвалi, асаблiва ў гульнях (жмуркi, гульня «ў ножыка», «у каменьчыкi», у лапту i г. д.), лiчылках (каб выбраць вядучага), загадках, пасля ў жанры страшылак, якiя цяпер вельмi папулярныя, (мо пад уплывам фiльмаў жахаў).

— Давай пачнём з калыханак — раздзела пазаабрадавай бытавой лiрыкi:

    Люлi, люлi, люлi,
    Пашоў кот па дулi,
    Памарозiў лапкi,
    Скочыў на палаткi.
    Сталi лапкi грэцца,
    Няма дзе катку дзецца.

Як пасля такога не будзе ажыўляцца i працаваць дзiцячае ўяўленне?! Дарэчы, кот, i гэта ўсiм вядома, — самы любiмы персанаж нашых калыханак. Гэта i зразумела, ён быў у кожнай хаце, праз яго найперш малыя знаёмiлiся з жывёльным светам. Чаго толькi нi прасiлi ў ката ў калыханках (успомнi цудоўную i па мелодыi калыханку Мiхася Забэйды‑Сумiцкага) — укласцi малога ў люльку, пазабаўляць яго, каб хутчэй заснуў.

— А гайчуканкi?

— У нас гайчукаць — гэта падкiдаць дзiця на калене, каб не плакала, пагуляць з iм. Некалi мая баба Наталля спявала нам такiя гайчуканкi:

    Гоп, камень‑валун,
    За каменем горка.
    Пасеяла буракi,
    А вырасла моркаў.

А вось гульнi з пальчыкамi, ножкамi малых, прыгаворкi‑забаўлянкi пра iх. Iх тысячы:

    Кую, кую ножку,
    Паеду ў дарожку.
    Дарожка крывенька,
    Кабылка сляпенька.
    Жарэбятко пад мосцiк,
    А Вася цап‑царап яго за хвосцiк.

Па‑мойму, такiя варыянты, калi не памыляюся, у нашых фалькларыстаў, у хрэстаматыях не траплялiся.

— Адным з жанраў дзiцячага фальклору з’яўляюцца лiчылкi. Даволi папулярныя былi ў маё маленства, ды i цяпер.

— Лiчылкi вельмi простыя па змесце i форме, часам нават без усялякага сэнсу, абы складна было:

    Кацiлася торба
    З высокага горба.
    А ў той торбе
    Хлеб, пшанiца.
    З кiм ты хочаш
    Падзялiцца?

* * *

    Мiхась, Сцяпан,
    Падай стакан.
    Падай лiмон,
    Выходзь вон.

Ёсць яшчэ заклiчкi, прыгаворкi. Нашых варыянтаў, па‑мойму, у друку не было:

    Дожджык, дожджык,
    Секанi.
    Я паеду на канi.
    Богу малiцца,
    Хрысту хрысцiцца.

— А ў Кандрата Лейкi верш гучыць так, напiсаны ажно ў 1883 годзе:

    Бусел, бусел, галяндач,
    Пашоў жыта аглядаць.
    Яшчэ жыта зеляно,
    Буслу ногу адняло,
    Скача бусел на кiю,
    Кляне доленьку сваю.

Дарэчы, акрамя прыпевак беларускi дзiцячы фальклор багаты на загадкi. У 1989 годзе вы склалi i выдалi цэлую кнiжку беларускiх загадак.

— Да вайны на Палессi ад 16‑гадовай дзяўчынкi руская фалькларыстка Рыбакова запiсала больш за 100 загадак. Яны ў том «Беларускай народнай творчасцi» не ўвайшлi. У нас iх безлiч. Вось некалькi. «Авечка ў каровi» (нага ў шкарпэтцы з авечай воўны ў чаравiку, якi зроблены са шкуры каровы). Цi многа такiх у кнiжках фальклору?

— А скорагаворкi?

— Гэта ж скарб для любога лагапеда (беларускамоўнага, найхутчэй, не знойдзеш). Паспрабуй сказаць, вымавiць спалучэнне нялёгкiх лiтар цi складоў хутка, каб не зблытацца. Напрыклад, «дзе цётчынаму дзядзьку дзецца?». Дарэчы, я сам гэта прыдумаў. Па‑мойму, у чытанкi для дзяцей iх трэба ўключаць паболей. Цi многа iх выдавалася асобнымi кнiжкамi? Я ведаю пакуль толькi сваю кнiжку «Мама Мышка сушыла шышкi».

— Цяпер сталi папулярнымi страшылкi. Рускiя нават пiшуць пра iх навуковыя даследаваннi.

— Я да iх стаўлюся неяк кансерватыўна. Лiчу, што яны нiчому добраму дзяцей не навучаць. Але дзецi любяць страшылкi. Асаблiва сучасныя. Калi я чытаў лекцыi па беларускiм фальклоры (1988—1997), прасiў студэнтаў даваць мне праклёны i страшылкi. I быў здзiўлены, калi адна студэнтка‑мiнчанка, якая працавала ў дзiцячым садку, дала мне тэксты на беларускай мове. Ну, цi не цiкавая сваёй незвычайнасцю такая страшылка (а можа проста гумарэска):

    Дзедка старэнькi
    Пайшоў у лясок,
    Дзедка старэнькi
    Прысеў на пянёк.
    Выбух!
    Доўга над лесам
    Ляталi штаны —
    Гэта праклятае
    Рэха вайны.

Мяне заўсёды расчульвалi песенькi ў казках. Яны нейкiя вельмi сентыментальныя, быццам разлiчаны, каб малое пашкадавала персанажаў, што трапiлi ў бяду.

У казцы каза просiцца ў сваiх казлянят, каб адчынiлi:

    Дзетачкi, казлянятачкi,
    Я ваша мама.
    Чуць дадому прыйшла,
    Малачка прынясла.
    Поўны цыцы малачыцы.

Думаю, што тут болей спагаднасцi, дабрынi, светлых пачуццяў, чым у страшылках:

    Маленький мальчик
    Нашёл пулемёт,
    Больше в деревне
    Никто не живёт.

Ну, скажы праўду, чаму могуць навучыць такiя «творы»? Думаю, што нiчому добраму i гуманнаму. Не так сабе на радзiнах беларусы жадаюць немаўляцi тры долi ўзяцi: хлебавую, салявую, здаровейкую. Толькi калi змалку ў душу дзiцяцi будзе закладзена тое, што вучыць яго добраму, светламу, спагаднаму, у будучым народзiць Чалавека, народзiць тую асобу, якая будзе думаць не толькi пра сябе, але i пра iншых. Усяму гэтаму выдатна вучыць наш дзiцячы фальклор. Таму i кажу, што лепшыя ўзоры трэба збiраць, друкаваць, каб выхаванне маладога пакалення iшло на высокiм педагагiчным узроўнi, каб яно расло здаровае, вясёлае, радаснае, каб любiла бацькоў сваiх, суседзяў, усiх добрых людзей, каб думала, як не перашкаджаць жыць iншым, як дапамагаць слабейшым, як шкадаваць усё жывое на зямлi.

Сяргей Чыгрын, Звязда

Глядзі яшчэ:
Янка Саламевіч: Псэўданімы - гэта маё жыцьцё

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0