1.Ад дошчачкі да дошчачкі

Больш чым дзьвесьце гадоў таму гісторык Джордж Стывэнс зазначыў, што ўсё тое, што вядома пра Ўільяма Шэксьпіра, можна падсумаваць некалькімі караценькімі сказамі: ён нарадзіўся ў Стрэтфардзе-на-Эйване, стварыў сям’ю, зьехаў у Лёндан, зрабіўся акторам і драматургам, вярнуўся ў Стрэтфард, напісаў тастамант і адправіўся да Абрагама на піва.

Праз чатырыста гадоў ліхаманкавых пошукаў дасьледчыкі здолелі знайсьці блізу ста дакумэнтаў, якія так ці інакш зьвязаныя з Шэксьпірам: запіс у царкоўнай кнізе, купчыя, пасьведчаньні на мыт, шлюбны ліст, судовыя пазовы (судзіцца было тады ў Ангельшчыне нечым накшталт нацыянальнага віду спорту) і г.д. У прынцыпе гутарка вядзецца пра неабыякую колькасьць матэрыялу, але праблема палягае ў тым, што граматы і пасьведчаньні пазбаўленыя жыцьця. Яны распавядаюць нам пра афіцыйнага Шэксьпіра, але ня кажуць нічога, які ён быў чалавек. Да таго ж мы ня ведаем такіх падрабязнасьцяў: колькі дакладна п’есаў ён напісаў, у якім парадку. Дарма што Шэкспір пакінуў пасьля сябе больш за мільён друкаваных словаў, але засталося ўсяго-толькі чатырнаццаць словаў, напісаных ягонай рукой — дый тыя ня надта інфарматыўныя — гэта ўсяго толькі 6 подпісаў уласнага імя і 2 словы —«by me» («напісана мною»), выведзеных ім пад тэкстам тастаманту. Мы нават ня ведаем, як правільна па-ангельску пісаць ягонае імя — хаця Шэксьпір, здаецца, сам ня меў паняцьця, бо ў шасьці знойдзеных подпісах ён штораз падпісваўся па-новаму — William, Willm Shaksp, Willm Shakspere, William Shakspere, Wm Shakspe, Shkespe i William Shakspeare.

2. Шэкспір і нацыянальны рух Квэбэку

На парозе ХХ стагодзьдзя гэтую прыкрую загану шэксьпіранязнаўства выправіць за ўсякую цану намысьліла адна амэрыканская пара, нейкія Чарльз і Гульда Ўоласы. Апантаныя навукоўцы прадалі дом у Амэрыцы і паехалі ў Ангельшчыну. На працягу 5 год, па 18 гадзін на дзень, яны аркуш за аркушам праглядалі ўвесь вялізны брытанскі архіў. І ўрэшце зрабілі гэта! — знайшлі дакумэнт, дзе Шэксьпір фігураваў як сьведка па справе аб бойцы двух яго суседзяў па доме. Старадаўняя папера захавала сьведчаньні Шэкспіра, у якіх ён... адмаўляецца ад даваньня сьведчаньняў (і варта дадаць, адмаўляецца справядліва — бойка паміж суседзямі была адбыўшыся 8 гадоў да суду).

Нягледзячы на мізэрнасьць сваіх знаходак, Ўоласы тады канчаткова прасякнулася ўласнай навуковай праніклівасьцю, і нават калі грашовыя цяжкасьці прымусілі іх, адмовіўшыся ад Шэксьпіра і Ангельшчыны, вярнуцца ў Злучаны Штаты, дык Чарльз Ўолас стаў шукаць у Тэхасе нафту без усякіх прыладаў, пры дапамозе аднаго свайго позірку. На апошнія сямейныя грошы Чарлз купіў адно з тэхаскіх палёў, дзе паводле ягоных зрокавых ацэнак павінна была быць нафта. Шэксьпіразнаўца памёр багаты як Кроз, але паводле сьведчаньня блізкіх, не зусім шчасьлівы. Хацелася ў Лёндан, у архівы.

Выдае на тое, што знаходкі апантанай пары ня толькі натхніла навуковыя колы на вялікія вычыны, але і прышчапіла шэксьпіразнаўчай грамадзе паранаідальныя нахілы. Нават самыя руплівыя навукоўцы не ўтрымліваюцца ад спакусы неабгрунтаваных дапушчэньняў — часьцяком у іх зашмат фантазіі, але замала аргумэнтаў. Так шанаваны гісторык Айвар Браўн прыйшоў да высновы, што ўсе факты біяграфіі Шэксьпіра выразна сьведчаць, што «Шэксьпір хварэў на інфэкцыю стафілякока ў сур’ёзнай форме і меў кораткатэрміновыя напухласьці на скуры». Іншая, цалкам паважаная ў Лёнданскага ўнівэрсытэце дасьледчыца Кэралайн Сфэрджан перакананая, што з руплівага прачытаньня п’есаў можна вывесьці выгляд Шэксьпіра: «спадар Уільям быў мужчына кампактнага целаскладу, камлюкаваты, крыху хударлявы, з выдатнай каардынацыяй, надзвычайнай гнуткасьцю і вострым зрокам». Дасьледчыца таксама ўпэўненая, што «скура ў Шэкспіра была сьветлая і сьвежая і ў маладосьці хутка мяняла колер у залежнасьці ад зьмены пачуцьцяў і эмоцыяў».

З гістарычнай постаці Шэкспір часьцяком ператвараецца ў навуковае насланьнё. Хуткага агляду навуковых часопісах, — ад мэдычных да гістарычных, — стае, каб наткнуцца на такія артыкулы, як: «Вушныя захворваньні ў п’есе «Гамлет»», «Закон разьмеркаваньня Пуасона ў санэтах Шэксьпіра», «Шэксьпір і нацыянальны рух Квэбэку», «Маці Гамлета: жанчына або мужчына?» і таксама на іншыя навуковыя працы на ня менш арыгінальныя тэмы.

3.Уільям наш Шэксьпір

Менавіта таму, што мы ведаем так шмат п’есаў Шэксьпіра, мы выразна адчуваем, як мала ведаем пра яго як пра чалавека. А захавалася ж цэлых 38 п’есаў — фантастычная лічба для аднаго аўтара з далёкага ХVI стагодзьдзя, асабліва пасьля ўдушлівай рэвалюцыі пурытанізму. І калі б мы былі знаёмыя толькі зь яго камэдыямі, дык былі б перакананыя, што Шэксьпір — павярхоўны шпанюк-жыцьцялюб. А калі б захаваліся толькі санэты — мы бы зрабілі выснову, што ў жыцьці вялікі ангелец быў апантаны змрочнымі страсьцямі. Але ж цэлы сьвет захаваных п’есаў надае Шэкспіру разгалісты суплёт эпітэтаў: ён і шляхетны, і разважны, і мэтафізычны, і не раўнуючы Макіявелі цынічны, і нэўратычны, і легкадумны, і жыцьцялюбны, і шмат які яшчэ. І менавіта таму, пэўна, нараджаецца супярэчлівае пачуцьцё, што мы ведаем пра Шэксьпіра ўсё. Усё і... нічога.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?