Лукашэнка ператварыўся ў супэррыначніка. Беларусі трэба значныя крокі па лібэралізацыі эканомікі, заявіў ён. І ня трэба пытацца, адкуль у людзей грошы: «Няпраўда, што свабодная эканоміка і рыначныя адносіны ў пляне вызваленьня магчымасьцяў чалавека - гэта кепска».

Пытаньні ўнутранай і замежнай палітыкі, у тым ліку вечны боль галавы — адносіны з Расіяй, і актуальны клопат – фінансавы крызіс, што ўжо вымеў з абменьнікаў даляры, разглядаліся 30 кастрычніка на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Як заўжды, публіцы абвешчана вельмі мала.

Абазначаючы тэмы нарады, Аляксандр Лукашэнка назваў іх у такім парадку: узаемадзеяньне з Расіяй, будучая сустрэча ў вярхах у рамках так званай «саюзнай дзяржавы», бягучая эканамічная сытуацыя ў сувязі зь фінансавым крызісам і, што сымптаматычна, лібэралізацыя эканомікі і дэбюракратызацыя дзяржсыстэмы.

Што датычыць апошняга, Лукашэнка выступіў з такой палымянай пахвалой рынкавай свабоды, што таго не даказаў бы нават Яраслаў Раманчук.

Аднак найперш дзяржагенцтвы паведамляюць пра расейскі блёк «цэ‑у»

«Нашы адносіны з Расійскай Федэрацыяй павінны быць больш прадуманымі, арганізаванымі»,
— сказаў ён. Нешта сукрытае, раз гаворыцца абінякамі.

«Пасля пасяджэньня Рады Бясьпекі прайшла сустрэча з Прэзыдэнтам Расіі. Таму першая тэма нашай нарады — вынікі сустрэчы на вышэйшым узроўні з пункту гледжаньня таго, аб чым мы дамовіліся, каб міністры і ўрад, іншыя ведамствы і структуры маглі б дзейнічаць у гэтым ключы ў бліжэйшы час у супрацоўніцтве з Расіяй. Я як Старшыня Вышэйшага Дзяржрады (БЕЛТА любіць вялікія літары) зраблю ўсё для таго, каб унесьці ў парадак дня істотныя, зьмястоўныя пытаньні, якія датычаць самага галоўнага ў нашых адносінах. У адваротным выпадку ВДР і праводзіць ня варта». Доля незадаволенасьці чуецца ў такіх фармулёўках.

«На Радзе Бясьпекі мы яшчэ раз канкрэтызавалі парадак дня і абмеркавалі многія пытаньні нашых узаемаадносін з РФ. На ўзроўні прэзыдэнтаў іх таксама разглядалі. І цяпер мы дамовімся аб канкрэтных дзеяньнях па тым або іншым напрамку».

Далей пайшоў крызіс.

Лукашэнка пацікавіўся ў старшыні Нацбанку сытуацыяй. Пры гэтым спакушаў развагамі, яшчэ пару гадоў нечуванымі: «Я гаварыў аб тым, што мы адмяняем дэкляраваньне па ўкладах: ніхто па кішэнях у насельніцтва не павінен «лазіць».

Ён выказаў перакананасьць у тым, што трэба зрабіць рашучыя крокі ў бок лібэралізацыі эканомікі, дэбюракратызаваўшы ўсю існуючую сыстэму кіраваньня ў дзяржаве.

«Да 1 студзеня ў гэтым пляне мы павінны зрабіць максымум. Ня трэба прыгожа «афармляць» нейкія пытаньні. Бачым, зьявіліся пытаньні, дапусьцім, з дэкляраваньнем (людзі ня вельмі любяць, калі ў іх пытаюцца, адкуль яны ўзялі грошы), — давайце здымем гэтае пытаньне, ня будзем у іх пытацца. Бачым, што ёсьць праблема з рэгістрацыяй прадпрыемстваў — давайце гэтую сыстэму дэбюракратызуем аж да заяўнага прынцыпу рэгістрацыі прадпрыемства. Хоць бы, дапусьцім, па тых кірунках, дзе асьцерагацца няма чаго, напрыклад, зьвязаных з вытворчасьцю і паслугамі. Гэта значыць нам пад гэты момант трэба зрабіць тое, чаго мы заўсёды баяліся, і тое, чаго не зрабілі раней. Няпраўда, што свабодная эканоміка і рыначныя адносіны ў пляне канкурэнцыі, вызваленьня магчымасьцей чалавека — гэта дрэнна. Гэта яны няхай так думаюць, яны на Захадзе дапрацаваліся да таго, што «загубілі» рыначную эканоміку і дэвальвавалі гэтыя паняцьці. Мы да свабоднай эканомікі ішлі спакойна, павінны ў гэтым напрамку і далей спакойна ісьці. Няма нічога дрэннага ў тым, што ў нас будзе эканоміка безь лішніх абузы і путаў, у гэтым ніякай небясьпекі (каму? – Рэд.) няма. Таму што асноўныя рычагі ў кіраваньні эканомікай і іншымі галінамі мы (г.зн. я і мая каманда – Рэд.) ня страцілі. У гэтым напрамку нам трэба імгненна дзейнічаць — гэта дасьць вельмі добры вынік».

З сусьветнага фінансавага крызісу Беларусь можа і павінна атрымаць пэўную выгаду, сказаў далей Лукашэнка. У прыватнасьці, будуць скарэкціраваны экспартныя патокі тавараў і пашырана геаграфія рынкаў збыту. Гаворка, бадай, выкарыстаньне нагоды для пошуку альтэрнатываў расейскаму вэктару.

Ні слова пра канкрэтныя праблемы і пагрозы, нібы іх няма. А бізнэс жа, калі ставіць задачы лібэралізацыі, ня любіць непразрыстасьці. Рынкавая эканоміка ня можа быць закрытай...

Што б там ні было, рыторыка зьмянілася. Толькі без палітычных свабодаў і падзелу ўладаў НЭП можна згарнуць таксама хутка, як і абвесьціць. Учора дэклярацый не патрабавалі, заўтра злупяць разам з скураю. Здаецца, тое самае пачынае разумець і абывацель. У дзень нарады ў сталічных абменьніках канчаткова зьніклі даляры, дэфіцытным робіцца і эўра. Ёсьць інфармацыя, што на пачатку лістапада з Расеі мае надысьці першы мільярд крэдыту. Калі абяцаньням НЭПу паверыць і Дамінік Строс-Кан з МВФ, прыйдуць яшчэ два. Тады гаспадарка зможа ўздыхнуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?