Збор сродкаў на абноўленыя версіі кніжак «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва» і «Час сэканд-хэнд» быў завершаны ўжо ў красавіку. Кампанія пабіла ўсе ранейшыя рэкорды народнага фінансавання ў Беларусі: да яе далучыліся 660 чалавек, якія агулам ахвяравалі 231 942 рублі, што склала 580% ад неабходнай сумы (першапачаткова арганізатары разлічвалі на 40 тысяч рублёў).
Выдавецтва «Логвінаў», якое і запусціла працэс па падрыхтоўцы выдання беларускамоўнай серыі «Галасоў Утопіі» яшчэ ў 2015 годзе (як толькі стала вядома, што наша пісьменніца атрымала Нобелеўскую прэмію «за шматгалосную творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час»), абяцала, што кнігі будуць перададзеныя спонсарам у маі, але працэс крыху зацягнуўся. Кніжкі сталі даступныя замоўцам у сярэдзіне наступнага месяца, а 25 чэрвеня адбылася закрытая прэзентацыя зборніка ў прасторы OK16, куды запрасілі ўсіх датычных да гэтай падзеі.
Cтрыт-арт на Кастрычніцкай.
На прэзентацыю прыйшлі і даехалі людзі розных прафесій і ўзростаў. Інжынер Віталь, стоячы ў натоўпе з досыць важкім стосам з пяці кніжак у драўляным кейсе і чакаючы выхаду Святланы Алексіевіч на сцэну, падзяліўся, што ніколі раней не чытаў яе. Але аб’ява пра збор грошай на пяцітомнік выданняў пісьменніцы стала добрай нагодай нарэшце пазнаёміцца з яе творчасцю грунтоўна.
Сітуацыя ў маладога педагога Таццяны, да якой таксама падыходзім у натоўпе, цалкам адваротная: «Я яшчэ калі вучылася ва ўніверсітэце, усё напісанае Святланай пачытала. Але набыць якасныя кніжкі ў хатнюю бібліятэку — гэта зусім іншы ўзровень».
Для тых, хто загадзя замаўляў кніжкі на краўдфадынг-платформе, 5 выданняў каштавалі 70 рублёў. У дзень прэзентацыі серыя прадавалася за 85, і каля сталоў збіраліся чэргі з ахвотных набыць хаця б адзін асобнік.
Над перакладам кніжак Святланы Аляксандраўны працавала каманда з найлепшых, на яе погляд, майстроў сваёй справы. Філосаф Валянцін Акудовіч, пісьменнікі Уладзімір Арлоў і Барыс Пятровіч, перакладчык Андрэй Хадановіч, публіцыст Сяргей Дубавец — кожны з іх быў адказны за сваё выданне, і, як пазней прызналася Алексіевіч, добра трапіў у настрой абранай для перакладу кніжкі. «Яны супалі з імі характарамі», — удакладніла аўтарка.
Андрэй Хадановіч назваў выданне «Галасоў Утопіі» «святам літаратуры».
Уладзімір Арлоў распавёў, што калі пачаў перакладаць на беларускую мову «Чарнобыльскую малітву», то тут і там сустракаў там беларускія акцэнт ці слоўцы, які ўжывалі героі: кшталту «бурачкоў», «бярозавіку», «могілак» і дзясяткаў іншых. «Я тады вырашыў: для мяне гэта кніжка самая беларуская з пяцікніжжа Святланы. Але калі нядаўна мы прэзентавалі яго для журналістаў і галоўных фундатараў і я сказаў гэта, мае калегі, якія перакладалі астатнія кніжкі, пачалі сцвярджаць, што гэта іх кніжка — самая беларуская. Карацей, мы зрабілі выснову, што яшчэ напісанае па-руску пяцікніжжа Святланы ўжо было вельмі беларускім. А цяпер стала яшчэ і беларускамоўным».
Уладзімір Арлоў.
Сама Святлана, якая выйшла на сцэну пад бурныя апладысменты, зноўку нібыта выбачылася за тое, што пісала па-руску, але ў каторы раз патлумачыла: «Я пісала на мове імперыі. Калі б гэта было па-беларуску, то ўсю праўду пачуццяў перадаць не атрымалася б». Святлана аддзячыла ўсім датычным да з’яўлення зборніка, дадаўшы: «Калі я даведалася пра сабраную суму, зразумела, што мы як нацыя ёсць, бо, калі з'яўляецца хаця б ідэя, мы выходзім з дастаеўскага падполля і кажам: «Мы ўсё зробім». Гэта дае надзею на будучыню. І тое, што нас так шмат, сведчыць, што ў склад іншых дзяржаў мы не ўвойдзем. Якімі б істэрыкамі нас не пужалі, трэба спакойна рабіць сваю справу і верыць у сябе і будучыню. Каб, калі прыйдуць новыя часы, мы былі да іх гатовыя».
Як вядома, адзін з самых вялікіх фінансавых унёскаў у краўдфандынг-кампанію зрабіў Белгазпрамбанк: банк замовіў дадатковы тыраж з 3000 камплектаў кніжак з мэтай перадаць іх у абласныя і раённыя бібліятэкі краіны.
Старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка распавёў, што першыя 452 камплекты былі паспяхова перададзеныя ў бібліятэкі віцебскага рэгіёну. А вось з Гродзеншчынай узнікла непаразуменне: «Прадстаўнікі ідэалагічнага ўпраўлення афіцыйна адказалі нам, што ў іх «достаточно» кніг Святланы Аляксандраўны, таму яны адмаўляюцца ад нашага дару. Я не веру ў гэта і спадзяюся, што супрацоўнікі гродзенскіх бібліятэк самі звяжуцца з намі і пакінуць заяўку на камплекты кніг. Сыходзіць усё: кіраўнікі, сістэмы кіравання, але нобелеўскія лаўрэаты застаюцца заўсёды», — выказаўся Віктар Бабарыка.
Віктар Бабарыка з партрэтам Святланы Алексіевіч, які намалявалі вучні 21-й школы Віцебска.
У сваю чаргу яго сын, Эдуард Бабарыка, які з’яўляецца заснавальнікам Ulej, дадаў: «Гэта нармальна, што мы нікога не чакалі і сабралі грошы на выданне гэтых кніжак самі. Не чакалі, пакуль нехта прапануе, а ўзялі ініцыятыву ў свае рукі. За вынікам гэтага добрага праекта стаяць зусім незнаёмыя людзі, але ўсе мы любім нашу мову, культуру і ганарымся нашай нобелеўскай лаўрэаткай. І гэтага дастаткова, каб разам рабіць гісторыю. У такой Беларусі хочацца жыць».
Эдуард Бабарыка.
Пасля прэзентацыі людзі стаялі ў чарзе па аўтографы больш за гадзіну. Спачатку пісьменніца кожнаму на развароце кнігі афармляла персанальнае пажаданне, пасля пачала проста распісвацца. Інакш аўтографы атрымалі б не ўсе ахвотныя, а Святлана Аляксандраўна гэтага не хацела.





