Працэс над бізнэсменам Аляксандрам Кныровічам і яго калегамі па «СарматТэрма-Інжынірынг» набліжаецца да завяршэння. Пракурор просіць прызначыць фігурантам ад 3 да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Пракурор Аксана Дудко нагадала: усе абавязаны плаціць падаткі. Але па версіі следства, супрацоўнікі «СарматТэрма-Інжынірынг» недаплацілі ў казну 3,374 мільёна рублёў. Для гэтага падатковую базу нібыта зніжалі праз створаную ў Расіі кампанію-пасярэднік «СТІ-Трэйдынг», аформленую на маці Аляксандра Кныровіча. Здзелкі паміж кампаніямі ДФР КДК абвясціў ўяўнымі. Але фігуранты настойваюць: сыравіна і прадукцыя з/у Расію пастаўляліся ў рэальнасці.
Акрамя таго, бізнэсменаў абвінавачваюць у дачы хабару супрацоўнікам прадпрыемстваў ЖКГ і энергетыкі за правядзенне «заказных» біржавых таргоў на пастаўку тэрмаізаляваных труб, якія вырабляла кампанія. Тут фігуруюць сумы ў 5 тысяч, адну тысячу, 10 тысяч рублёў і пляшка каньяку.
Дзяржабвінаваўца адзначыла, што Кныровіч не хавае: ён ведаў аб перадачы хабараў, хоць нібыта «стараўся не ўнікаць». Але на судзе «мінімізаваў сваю ролю».
У выніку просіць прызначыць Аляксандру Кныровічу пакаранне ў выглядзе 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць распарадчыя пасады на працягу 5 гадоў.
Максімаву — прызначыць 4 гады з канфіскацыяй і забаронай на 5 гадоў, Кускову - 3 гады і забаронай на працягу 5 гадоў займацца прадпрымальніцтвам, Папоўскаму — 4 гады пазбаўлення волі.