Jamie Street

Jamie Street

«Сын як сапраўдны сябар раздаў інтэрнэт на ўвесь аўтобус. Ён не ведаў, што гэта дарагое задавальненне», — распавядае жыхар Дзяржынска Валерый Мацяновіч. Яго 11-гадовы сын у чэрвені ездзіў на аздараўленне ў Балгарыю. У дарозе хлопец выйшаў у роўмінгу ў інтэрнэт, адкрыў пункт доступу для астатніх — усяго ў аўтобусе было каля 50 дзяцей.

Доступам у інтэрнэт скарысталіся каля 15 чалавек — яны глядзелі фільмы, гулялі ў гульні. У выніку Валерыю Мацяновічу, на якога зарэгістраваная сім-карта, прыйшоў рахунак на суму каля 14 500 рублёў.

— Сям'я небагатая, сына адправілі на адпачынак на апошнія грошы. Для іх гэта непад'ёмная сума, — распавядае трэнер Віктар, які суправаджаў дзяцей у аўтобусным туры ў Балгарыю. — Чалавек 10—15 сядзелі ў інтэрнэце. Дзецям па 6—10 гадоў, яны па няведанні.

Бацька Міхаіла — Валерый — працуе кіроўцам, а мама — медык.

— Мы ў суме з жонкай зарабляем каля 500 даляраў у месяц на дваіх. 7500 даляраў — гэта проста катастрофа. Дапамогі з боку няма, — распавядае Валерый. — Мы звярталіся ў МТС, пакуль ідзе абмеркаванне пытання, прыходзяць дадзеныя з краін, у якіх гэта адбывалася. Зараз працуюць тэхнічны аддзел і аддзел бяспекі па пытанні спісання гэтай сумы. Чакаем, молімся, спадзяемся, што ўсё ж такі часткова нам гэтую суму спішуць.

Валерый кажа, што «сын вельмі засмучаны, ён зразумеў, вядома, усю гэтую сітуацыю».

У кампаніі МТС, абанентам якога з'яўляецца Валерый Мацяновіч, зараз разглядаюць гэтую сітуацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?