Калаж Ірыны Пуставалавай, «Народная Воля».

Калаж Ірыны Пуставалавай, «Народная Воля».

Гэта твор-фантасмагорыя з мноствам метафар, дзея ў якім пачынаецца са смерці Купалы і яго пахавання. А пасля час ідзе ў адваротны бок.

Аўтар пісаў раман два гады. Ён кажа, што трыста старонак даліся б хутчэй, але час забірала палітычная дзейнасць. 

Сваю зацікаўленасць асобай Купалы Някляеў тлумачыць карэспандэнту НН «недастатковым усведамленнем нашымі суайчыннікамі маштабаў таго, што Купала зрабіў для Беларусі».

«Сёння такі час, што глыбінныя рэчы, на якіх палягае свядомасць беларусаў, іх характар пачынаюць адплываць з рачной быстрыцы да месца, дзе вада мелкая і мутная.

Кожная жаба ўскоквае на свой корч і крычыць: «Я ёсць Беларусь». Гэта тычыцца не толькі падзей, але і людзей, якія з імі звязаныя: палітыкаў, прадстаўнікоў культуры і іншых. Чамусьці многія забываюцца пра тое, што яны існуюць толькі дзякуючы таму, што рабілі папярэднікі.

Такога, на мой погляд, дапускаць нельга. Калі мы згубім арыенціры, то не знойдзем дарогу ў будучыню. Асобы кшталту Купалы заўсёды павінны быць навідавоку. І калі некаму нечага ў іх не хапае, то задача нашчадкаў не гэта заўважаць, а дадаць да таго вялікага, што яны зрабілі, яшчэ больш», — лічыць Някляеў.

Раман «На крыжы» будзе надрукаваны цалкам ў «Дзеяслове» гэтай восенню. Пасля гэтага мае выйсці кніжкай.

У рамане Купала аказваецца ўкрыжаваным разам са сваім катам, Сталіным. Публікуем урывак з твору.

(Дзея адбываецца на Краснай плошчы ў Маскве, дзе на лобным месцы раскрыжаваныя на адным крыжы Купала і Сталін).

-Таварыш Сталін!.. - у трэці раз надрыўна, як параненыя звяры выюць, пачулася ад маўзалея, па трыбуне якога ўсе бегаў безгаловы Кашкадамаў, і правадыр заварушыўся на крыжы, на якім павіс, быццам заснуў.

- Што?.. Што такое?.. - Мне прыснілася, нібы вы размаўляеце з некім, але ў сне не разабраць было, з кім і пра што? У гэтай краіне ніколі не ведаеш, хто, з кім і пра што размаўляе. Хіба толькі тады дазнаешся, калі памрэш і не спіш. А я заснуў. І нават не магу сказаць, ці прачнуўся… Я прачнуўся, Ганна?

Хто мяне пабудзіў?

- Безгаловы нейкі, абмыўшы ногі Купалу і адпіўшы вады з вядра, паглядзела на плошчу, на ўзбуджаны ў чаканні відовішча натоўп, на маўзалей, на трыбуне якога тоўпіліся кіраўнікі партыі і ўрада, на Лётчыка над імі і на Хрыста над усім, Ганна. - У гэтай краіне заўсёды нехта знойдзецца, каб вас пабудзіць.

Яна гучна гэта сказала, і Красная плошча прагула, нібы будзіла Сталіна, які спытаў: «А хто-небудзь, каб ногі абмыць, знойдзецца?..»

Ганна прамаўчала, а галава патрыярха Ціхана прамовіла: «Вам рукі мыць трэба». Сталін паклікаў: «Лаўрэнцій!..» - але Берыя таксама не адгукнуўся. Тады правадыр стаў выкрыкваць імёны адно за адным: «Хама!.. Юда!.. Пётр!.. Варфаламей!.. Якаў!… - Ён доўга крычаў, пакуль не стаміўся. - Андрэй!.. Сымон!.. Піліп!.. Фадзей!.. Ян!.. Мацвей!..» - Сціх і павярнуў, наколькі змог, галаву да Купалы. - «Бачыце… Я ж казаў, што ўсе… Апроч маці… А я з ёй нават не развітаўся. Барадзіно ў той дзень, калі яе хавалі, прысніў. Толькі пад Масквой не французы, а немцы. І фельдмаршалам у мяне Кутузаў-Тухачэўскі, які кажа: «Трэба здаць Маскву». Дык што з ім рабіць было? У той жа дзень расстраляць! Вось чаму я на пахаванне маці не паехаў… Каб зратаваць Расію…»

Ён змоўк знясілена, схіліўшы галаву на плячо, і Купала падумаў: «Гэта ўжо трызненне… Вар’яцтва. Калі нехта кажа, што не змог пахаваць маці, бо ў той дзень яму трэба было расстраляць саснёнага фельдмаршала, каб зратаваць Расію, гэта вар’яцтва».

- Што ж, калі ніхто… - пераставіла Ганна вядро пад ногі Сталіна і вада ў вядры, калыхнуўшыся і засвяціўшыся на дне, загарэлася.

«…І агонь Ягоны ў вадзе!» - тут жа успомніўся Купалу сон, убачаны ў трэці дзень па смерці, і Хрыстос у тым сне, і падарожнік, які прыйшоў у горад, збудаваны Ірадам, каб сказаць Хрысту: «Шлях твой да Яна Купалы. Ідзі да яго на Іардан».

Купала кінуў вокам на Лётчыка - той зорку на шлеме не кранаў: вада загарэлася сама.

Ганна нахілілася, зачарпнула агонь, які палаў у яе руках, і абмыла агнём боты Сталіна. Раз, другі, трэці…

- Падымі мяне, Ісідар! - амаль гэтак жа, як толькі што пракрычаў Кашкадамаў, так, як выюць параненыя звяры, выгукнула галава патрыярха і, высока ўзнятая архімандрытам Данскога манастыра Ісідарам, пачала прамаўляць. - Я пачуў Цябе, Божа!.. Дзякуй, што дараваў мне слабасць маю, і даў сілу служыць Табе не толькі ў жыцці, але і ў смерці! Дзякуй, што абраў мяне, каб сказаць пачутае тым дзецям Тваім, хто цябе не чуе!.. - завывала, хрыпела і булькала галава патрыярха. - Не толькі агонь з дымам, усё ў свеце цягнецца да нябёсаў. Кожныя травінка, былка кожная. І калі б Расія цягнулася да неба, у ёй бы болела Бога! Але яна сцелецца да небасхілу, каб у ёй болела зямлі! На захадзе і ўсходзе, на поўдні і поўначы. І пакуль будзе так, датуль валадарыць у ёй будзе той, хто рухаецца адразу ў чатыры бакі, не маючы ніякай іншай, апроч зямлі, мэты! І гэтым будуць апраўдвацца ахвяры, смерць, кроў! Так было заўсёды! Усё, што дзеелася ў Расіі вар’яцкага, жахлівага, нечалавечага, мела апраўданне ў тым, што дзеелася яно дзеля Расіі!.. - вяшчала ў чатыры бакі галава закатаванага Сталіным патрыярха, а полымя разгаралася, на Сталіне затлелі боты, ён стукнуў патыліцай у крыж: «А я казаў, што павесяць! Не ўгадаў…» - і Купала таксама ўжо адчуў свае ногі так, нібы нацёр іх у новых, не разношаных туфлях, у якіх да таго ж засмылелі падэшвы. Яму запякло, ён рвануўся левай рукой да правай, паспрабаваў вырваць цвік, але той не паддаваўся, Несцярэнка з Кашкадамавым, Кіраў з Тухачэўскім, Горкі з Маякоўскім, Коган з Куйбышавым увагналі яго па самую плешку, і тады віленскія мучанікі нахілілі крыж, Кумец з Кругляцом выдралі цвікі з рукі і ног Купалы, Няжыла зняў яго з крыжа, які падхапілі сталінскія сокалы, абодва ў лётных шлемах, Рыбко з Чкалавым, але здымаць Сталіна з крыжа яны не сталі, паднялі яго, аднаго, над лобным месцам.

- Браты і сёстры!.. - устрапянуўся, выструніўся на крыжы Сталін, і амаль адразу, перакрываючы і ягоны голас, і голас патрыярха Ціхана, па Краснай плошчы, якая слоў патрыярха нібы й не пачула, пракацілася: «Ур-р-а!..» І ўзвіліся чырвоныя сцягі, разгарнуліся транспаранты, узляцелі каляровыя шары. «Няхай жыве таварыш Сталін! Ур-р-а!.. Слава таварышу Сталіну! Ур-р-а!..» - пачала выстройвацца, нібы па чыімсьці загадзе, плошча ў калоны, першая з якіх, спартыўныя таварыствы «Буравеснік», «Працоўныя рэзервы», «Дынама», «Лакаматыў», «Спартак» замаршыравалі пад музыку ваеннага аркестра, і пайшлі, пайшлі па плошчы перад лобным месцам прадстаўнікі працоўных калектываў, заводаў і фабрык, калгасаў і саўгасаў, акадэмій, інстытутаў і тэхнікумаў, мастацкіх вучэльняў і школ, таварыстваў педагогаў-марксістаў, гісторыкаў-марксістаў, краязнаўцаў-марксістаў, таварыства «Далоў непісьменнасць!» і таварыства па зямельным уладкаванні працоўных габрэяў, таварыства будаўнікоў пралетарскага кіно і проста таварыства будаўнікоў, таварыства шэфства горада над вёскай і таварыства вывучэння міжпланетных зносін, міжнароднай арганізацыі дапамогі змагарам рэвалюцыі, руху «Бі скаўтаў!», таварыства пралетарскага турызма, ваяўнічых бязбожнікаў і аматараў крэмацыі з двума партрэтамі Кашкадамава, з галавой і без галавы. За ваяўнічымі бязбожнікамі і аматарамі крэмацыі дзяўчынка з ружовым банцікам і хлопчык у піянерскай пілотцы неслі транспарант «ГУЛАГ», пад якім крочылі першыя ягоныя кіраўнікі на чале з Хведарам Эйхмансам, начальнікі Стэплагу, Мінлагу, Дуброўлагу, Азёрлагу, Берлагу, гулагаўскіх упраўленняў «Галоўгідраволгабалтбуд», «Сталінградгідрабуд», «Галоўспецнафтабуд», Усходняга ўпраўлення будаўніцтва і лагераў БАМ, Заходняга ўпраўлення будаўніцтва і лагераў БАМ, «Янісейбуд», «Асоббуд», «Галоўспецбуд», «Галоўасбест», «Галоўслюда», «Сярэднеазбуд», «Башспецбуд», «УЛСПЧМ», «УТП», «ГУАС», «ГУЛГМП», «ГУЛЛП», будаўнікі Беламорска-Балтыйскага канала імя Сталіна і Сталінградскай ГЭС, Волга-Данскога канала імя Леніна, Транспалярнай магістралі, Паўночнай чыгункі, тунеля на Сахалін, гарадоў Камсамольск-на-Амуры, Савецкая Гавань, Дубна, Дудзінка, Находка, Ухта, Інта, Пячора, Варкута, мільёны ледзь жывых і мёртвых зэкаў групы «А», групы «Б», групы «В», групы «Г», сярод якіх мільгалі і мільгалі знаёмыя твары сасланых і расстраляных: вунь невядома дзе памерлы і пахаваны Восіп Мандэльштам, сябар Маякоўскага Ўладзімір Нарбут, Абдула Тагі-Задэ, Тыцыян Табідзе, якога, у адрозненне ад Галактыёна Табідзе, Берыя не цытаваў, бо Галактыёну ў Тбіліся пашчасціла выжыць, а Тыцыяна расстралялі ў Тбіліся, як у Мінску расстралялі Кляшторнага і Таўбіна, Зарэцкага і Валасевіча, Кульбака і Аксельрода, Лявоннага і Дудара, маладых, таленавітых паэтаў і вучоных, музыкаў і актораў, болей за сотню якіх паклалі ў адну цёмную васеньскую ноч, вунь яны ідуць асобнай купкай, і Міхась Чарот, які надрапаў перад смерцю на сцяне турэмнай камеры: «Я прысягаю вам, сябры, мае палі, мае бары, — кажу вам — я не вінаваты!» — убачыў Купалу, замахаў, заштурхаў хлопцаў, паказваючы: «Купала! Купала!.. Вунь там, пад крыжам, на якім Сталін!» — і ўсе хлопцы ўскінулі рукі, запляскалі, бо мусіць, падумалі, што калі Сталін на крыжы, а Купала пад крыжам, дык гэта ён, Купала, Сталіна раскрыжаваў, і цяпер усё зменіцца!.. А як і што для вас можа змяніцца, калі па баках калоны ваенізаваная ахова, калі вы закатаваныя, забітыя, хлопчыкі мае, на якіх былі ў мяне, у Беларусі былі такія спадзяванні, гэткія надзеі!.. Родненькія!.. Алесік, Юрка, Тодар, Майсей, Міхась… Як жа сэрца мне цісканула, які жах паклаўся агнём і дымам наперадзе, калі вас не стала, і я ўвайшоў у гэты дым з агнём, падумаўшы, што разам з вамі можа не стаць Беларусі, маці, якая вас нарадзіла, і дасюль з гэтага жаху, з дыму гэтага і агню не магу выйсці…

Завод за заводам, фабрыка за фабрыкай, калгас за калгасам, лагер за лагерам, а паміж імі то Саюз кампазітараў, то Саюз мастакоў, то Саюз пісьменнікаў, то таварыства «Веды» з транспарантам «Няхай жыве нармальны Статут навуковых, навукова-мастацкіх і літаратурных таварыстваў!» крочылі і крочылі калоны, якім канца-краю не відаць было, і ў кожнай з іх, нават самай мёртвай, жыўцом спаленай у гарах Чачні ці затопленай на баржы ў вусці ледзянога Енісею, знаходзіўся нехта, хто крычаў Сталіну «ура!». Іх не зразумець было, гэтых людзей — ні жывых, ні мёртвых. Сталін нават не глядзеў на іх — ён пазіраў, усміхаючыся, на Хрыста.

Сын Божы доўга глядзеў на ўзвіраваную плошчу, зірнуў на Сталіна, потым ускінуў галаву ў нябёсы і нешта прашаптаў. Купала не пачуў гэтым разам Ягоныя словы, але па губах яму здалося, штоХрыстос прамовіў: «Гэй бэн-Іном…»

Раптам узняўся вецер. Ён мацнеў і мацнеў, сталінскія сокалы ледьве ўтрымлівалі крыж, за верх якога ўчапілася, каб яе на вянку ветрам не знесла, Спагада. Яна спусцілася ніжэй, падала руку, віленскія мучанікі ўсадзілі Купалу побач з ёй на вянок, які паціху пачаў падымацца, і Купала праплыў спачатку тварам да сталінскіх, якія ўжо гарэлі, ботаў, потым да ягоных галіфэ, кіцеля, а калі апынуўся твар у твар са Сталіным, вянок на імгненне завіс, галава Сталіна павярнулася, але ўбачыў Купала не сталінскую патыліцу, а твар Лётчыка ў шлеме, які разрагатаўся: «Каян Лупака!..» - і Спагада плюнула яму ў рознакаляровыя вочы: «Сатана пракляты!» - а ў грудзях Купалы ўскіпела такая злосць, што ён таксама не стрываў, плюнуў: «Не схаваешся за богам!» - але галава зноў імгненна павярнулася, плявок паляцеў у твар Сталіну, які скрывіў губы, усміхнуўся змрочна: «Пры жыцці паспрабавалі б…»

- Так! Паспрабавалі б пры жыцці!.. - страшна ўскрычала, ускаціўшыся на лобнае месца і павярнуўшыся да трыбуны маўзалея, галава Кашкадамава. - А то цяпер рассмялеліся! Тыран! Людажэр!.. А народ любіў! Жыць стала лепей, жыць стала весялей! Вы не Сталіна, вы народ прадалі! Ра-сі-ю!.. - хрыпла ляцела ад лобнага месца да маўзалея, і не паспеў Купала падумаць, што калі б Кашкадамаву далі слова на трыбуне, ён крычаў бы зусім іншае, як галава таварыства аматараў крэмацыі падкінулася, кульнулася цераз патыліцу і, стукнуўшыся лобам у вядро, перакуліла яго…

Полымя плёхнула на Лобнае месца, драўляны насціл якога адразу запалаў, пацякло на брукаванку, гарачым ветрам вянок ускінула ў нябёсы, і ён паляцеў над Краснай плошчай, над Крамлём, над Аляксандраўскім садам на захад, куды мкнуў вецер. Купала сядзеў, абняўшыся са Спагадай, якая, боўтаючы нагамі, весела прашчабятала, паказаўшы на машыну ўнізе, што выязджала з Кутузаўскага праспекта на Мінскую шашу: «У ёй урна з прахам. Людзі, якія ў машыне, думаюць, што гэта яны цябе перазахоўваць вязуць», - і Купалу, які ляцеў, узняўшыся, над самім сабой, трэці раз у жыцці стала гэтак соладка, як не бывала ні ад самага ранняга, ні ад самага позняга мёду: ён вяртаўся дахаты.

Азірнуўся за ім на захад, даганяючы сонца, скакалі на гнедым, на чорным і на белым конях Кумец, Круглец і Няжыла, а за імі, агнём і дымам паласуючы неба, з якога ўсміхаўся Бог, гарэла Масква.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?