З 1 красавіка па 22 чэрвеня ў горадзенскія школы паступіла 6 заявак ад бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці навучаліся ў першай клясе на беларускай мове, піша Радыё Свабода. Заявы ў першую клясу прымаюцца да 28 жніўня.

На сайце школы № 32 можна пабачыць, што ў першую клясу з навучаньнем на беларускай мове пакуль пададзена 5 заявак. І толькі адна такая заяўка пададзена ў школе № 34.

У Горадні пакуль няма ніводнай беларускамоўнай школы, але ўжо больш за 60 дзетак у розных клясах навучаюцца па-беларуску — у школах № 32 і № 34. 

Намесьніца начальніка аддзелу адукацыі Гарадзенскага гарвыканкаму Алена Пахомава расказала, што пакуль ня ведае, ці адкрыюць 1-я клясы з навучаньнем на беларускай мове: калі бацькі пададуць заяўкі, то клясы адкрыюць.

Старшыня горадзенскай арганізацыі ТБМ Віктар Парфёненка сказаў, што з красавіка сябры ягонай арганізацыі праводзяць агітацыю сярод бацькоў, каб яны аддавалі дзяцей у беларускія клясы.

Ён заклікае валанцёраў далучацца да ТБМ у справе агітацыі бацькоў, каб тыя пісалі заявы для навучаньня дзяцей на беларускай мове.

У дзіцячыя садкі зь беларускай мовай у Горадні з красавіка падалі 4 заяўкі. У горадзе існуе некалькі беларускамоўных групаў у садках № 65 і № 45.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?