Савет Рэспублікі сёння на пасяджэнні ўхваліў праект закона Беларусі «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь», перадае БелТА.

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч распавёў, што ў законапраекце прадугледжаны выразныя патрабаванні ў частцы забеспячэння аб'ёму тэлеперадач беларускай (нацыянальнай) вытворчасці. Гаворка ідзе пра 15% на працягу шасці месяцаў і 30% — за два гады.

У законапраекце канкрэтызаваны парадак заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і перарэгістрацыі СМІ, удакладнены падставы для адмовы ў іх. Удакладнена таксама, што СМІ з замежным удзелам у статутным фондзе могуць і далей ажыццяўляць сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі пры ўмове, што такі замежны ўдзел не будзе павялічвацца.

У законе аб СМІ вызначаюцца правы і абавязкі ўладальніка інтэрнэт-рэсурсаў. Сярод абавязкаў — ідэнтыфікацыя карыстальнікаў. Акрамя таго, прапануецца абавязаць уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў аналізаваць іх змест.