Ілюстрацыйнае фота Сяргея Зініна.
Чытач «Нашай Нівы» Сяргей наракае, што яму праз рэпетыцыю парада і затрымкі грамадскага транспарту давялося пешшу вяртацца дадому ў Зялёны Луг.
Сутыкнуўся з такой сітуацыяй: праз рэпетыцыю парада каля 23-й гадзіны рух па вуліцы Максіма Багдановіча быў перакрыты, апошні 53-і тралейбус, які паехаў у бок Зялёнага Луга і паспяхова даехаў да канцавога прыпынку, адправіўся з Нямігі ў 22.50. На вялікі жаль, я на яго не паспеў. Пасля чаго да 00.30, тралейбусы па маршруце 53 не хадзілі. У 00.30, ужо 29 чэрвеня, я сеў на тралейбус на прыпынку «Праспект Машэрава», тралейбус даехаў да прыпынку «Веры Харужай» і зноў стаў, кіроўца сказаў усім пасажырам перасесці ў апошні па часе тралейбус нумар 53-ы, а сам павярнуў у парк.
Апошні па маршруце тралейбус 53-ы ў бок Зялёнага Луга зноў спыніўся на прыпынку «Парк Дружбы народаў» і трохі пастаяў да заканчэння рэпетыцыі парада, гэта было ў раёне 00.49 (па раскладзе ён павінен быць на гэтым прыпынку ў 00.36), у 00.50, калі мы ўжо пачалі заязджаць на кальцавую парку Дружбы народаў, кіроўца спыніўся і сказаў, што яму патэлефанавалі з дыспетчарскай, каб ён ехаў таксама ў парк. У выніку каля ста чалавек патупалі ў бок Зялёнага Луга пешшу.
Мяне абурае той факт, што 53-і тралейбус не даехаў да канца маршруту, хаця па часе затрымка складала ўсяго толькі 14 хвілін.
Я лічу што, гэта свінскае стаўленне Мінсктранса да сваіх пасажыраў», — абураецца чытач Сяргей.