Фота - АР
Надоечы вярхоўны суд Францыі выпусьціў пастанову на карысьць здаровага сэнсу і адпрэчыў просьбу адвакатаў Нікаля Сарказі забараніць продаж лялек вуду ў вобразе францускага прэзыдэнта.
На думку адвакатаў, Сарказі, як і кожны іншы грамадзянін, мае права абараніць свой гонар і вобраз. І гэта супраць меркаваньня вытворца лялькі, выдаўца Жана-Фрасуа Кавальскі, які даводзіць, што гумар — неад’емная частка свабоды слова. Судзьдзі вынесьлі пастанову на карысьць вытворца, засьведчыўшы, што лялька — «гумарыстычная і сатырычная». У сваёй пастанове судзьдзі зрабілі заўвагу, што «праколваньне лялек, якія маюць падабенства з рэальнымі людзьмі, — дрэнны густ, але разам з тым, функцыяй суда ня ёсьць судзіць, што зьяўляецца добрым густам, а што — дрэнным».
Вытворца лялькі незадаволены самім фактам скаргі з боку Сарказі: «Дык яшчэ ў 2006 годзе будучы прэзыдэнт абвясьціў, што «лепей яшчэ адна карыкатура, чым яшчэ адна цэнзура» ».
«Вуду-камплект зь Нікаля Сарказі» каштуе блізу 13 эўра і акрамя самой фігуркі ў ім ёсьць 20 шпілек і брашура-інструкцыя, якая тлумачыць, як правільна праколваць ляльку.