Украінца Станіслава Клыха, які ўтрымліваецца ў расійскай турме, этапавалі з калоніі ў псіхіятрычную бальніцу.

Пра гэта ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людміла Дзянісава паведаміла тэлеканалу «Прямий».

Апошні раз Станіслаў размаўляў са сваёй маці 7 чэрвеня. Тады ён паведаміў пра стан свайго здароўя і сказаў, што абвяшчае галадоўку. Сёння, 28 чэрвеня, у каментары тэлеканалу Тамара Іванаўна распавяла, што ў час апошняй сустрэчы з Клыхам адвакат заўважыў значнае пагаршэнне яго здароўя.

Па словах маці палітвязня, яна заказала размову са Станіславам, але яна не адбылася, таму што яго адправілі ў псіхіятрычную бальніцу.

19 мая 2016 г. суд прысяжных у Грозным (Расія) прызнаў вінаватымі грамадзян Украіны Мікалая Карпюка і Станіслава Клыха. Паводле версіі расійскага следства, яны былі сябрамі арганізацыі УНА-УНСО і ў канцы 1994 г. — пачатку 1995 г. ваявалі супраць расійскіх войскаў у складзе ўзброеных фарміраванняў Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя. Вярхоўны суд Чачні прысудзіў грамадзян Украіны Мікалая Карпюка і Станіслава Клыха да 22,5 і 20 гадоў калоніі строгага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0