Акцыя «вызвалення і салідарнасці», ініцыяваная Міколам Статкевічам, мусіла распачацца ля выхаду з метро «Парк Чалюскінцаў», але палітыка затрымалі, калі ён выходзіў з дому. Хутчэй за ўсё, яго забралі ў Ленінскае РУУС, паведамляе Белсат.

Ля ягонага дома ад раніцы дзяжурылі міліцыянты, уся дарога застаўленая аўтамабілямі ДАІ, пад домам стаяў аўтобус для перавозкі затрыманых.

Мікола Статкевіч быў не адзіным арганізатарам акцыі, таму яна мела адбыцца. Аднак на плошчы каля метро людзей было мала, у асноўным праваабаронцы і незалежныя назіральнікі, журналісты і ціхары з навушнікамі. Назіральнікаў, якія не ўдзельнічаюць у акцыі, затрымалі сілавікі ў цывільным, пасадзілі ў аўтобус, каб адвезці ў РУУС. Дарогу перакрылі нарады ДАІ. На месца пад’ехаў аўтазак.

Людзі ў цывільным без пасведчанняў жорстка затрымлівалі людзей і закідвалі ў аўтазак, не даючы сабрацца на акцыю. Схапілі, у прыватнасці, Сяргея Спарыша з плакатам, які крычаў «Гітлер капут!» і «Смерць фашызму».

Пазней стала вядома, што ля дому затрымалі Вячаслава Сіўчыка.

Паводле папярэдняй інфармацыі, на акцыі таксама затрымалі Максіма Віняўскага, Андруся Крэчку, Таццяну Самнікаву, Ганну Саханкову, Алену Богдан, Юрыя Мецельскага, Андрэя Хрэнкова, Уладзіміра Неўмяржыцкага з Мазыра, Алеся Адамовіча, Ніну Багінскую, Яўгенія Грышко. Іх вязуць у Першамайскае РУУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?