«Залатую галіну» Канскага кінафэсту атрымала стужка брытанскага рэжысэра Кена Лоача «Вецер, што калыхае ячмень». Фільм распавядае пра барацьбу Ірляндыі за незалежнасьць і ўтрымлівае страшныя сцэны распраў акупантаў з ірляндзкімі сялянамі.
70-гадовы Кен Лоач – аўтар фільмаў «Кес» і «Рыф-Раф» – вядомы сваімі левымі поглядамі, са спачуваньнем ставіцца да працоўнае клясы й прыгнечаных народаў.
Фільм пра брытанскую акупацыю пастаўлены рэжысэрам у дакумэнталісцкай манеры. Сэр Лоач падкрэсьліў, што карціна ёсьць «крокам па ўсьведамленьні Вялікабрытаніяй свайго каляніяльнага мінулага».
У антываеннай карціне «Фляндрыя» ляўрэата Гран-Пры француза Брунэ Дзюмона таксама пануе вайна. Але гэта, хутчэй, вайна абстрактная.
Вайсковай тэмай і ўвагай да дыскрымінавай групы пазначаны фільм француза алжырскага паходжаньня Рашыда Бушарэба «Дні славы». Ён распавядае пра вайскоўцаў з Паночнай Афрыкі, якія змагаліся за вызваленьне Францыі ў 1944 годзе. Акторскі склад фільму атрымаў узнагароду за лепшую мужчынскую ролю.
Аналягічнае рашэньне было прынятае й да стужкі «Вяртаньне» Пэдра Альмадовара – толькі тут калектыўны прыз далі жанчынам на чале з Пэнелопай Круз.
Фільм «Вяртаньне», дзе дзе прывід маці вяртаецца дапамагчы дачцы, увогуле, лічыўся фаварытам фэсту – але сёлета рэй вялі вайскова-рэалістычныя карціны. Тым ня менш, стужка Альмадовара таксама ўзяла ўзнагароду за лепшы сцэнар.
А вось гістарычнай карціне Сафіі Копалы «Марыя-Антуанэта» зусім не пашэнціла. Ёё не далі аніводнага прыза.
Містычны складнік таксама прыйшоўся не даспадобы сёлетнім Канам. Карціна Гільерма дэль Тора «Лябірынт Пана», дзе маленькая дзяўчынка ўцякае ад вайны ў страшныя казкі – саступіла месца стужкам сацыяльнага рэалізму.
Андрэй Расінскі