Нават пасля крыўднай паразы камандзе Бельгіі заўзятары зборнай Японіі сабралі ўсё смецце на сваёй трыбуне.

Гульцы і персанал зборнай Японіі таксама прыбраліся ў распранальні і пакінулі на чыстым стале паперку з надпісам «Дзякуй».

Пасля такога нас цікавіць пытанне: чаму японцы такія акуратныя і ахайныя?

Абаронца зборнай Мая Ёсіда адказаў так: «У Японіі кажуць, што трэба пакідаць любое месца больш чыстым, чым яно было да цябе. Мы вельмі ганарымся тым, як медыя і заўзятары з усяго свету паставіліся да паводзін нашых заўзятараў».

Прафесар сацыялогіі Осакскага ўніверсітэта Скот Норф дадаў, што гэтае правіла закладваецца з дзяцінства: «Школьнікі кожны дзень прыбіраюцца ў сваіх школах, уборка — частка навучальнага працэсу».

Sports.ru сабраў пра японскія правілы крыху больш.

1. Цяжка паверыць, але падчас пасляваеннай індустрыялізацыі смецце было для Японіі сур'ёзнай праблемай. Не ўсё вывозілі своечасова, месца для звалак не заставалася. У сярэдзіне дзевяностых у Японіі прынялі жорсткія законы, у 2001 годзе стварылі Міністэрства навакольнага асяроддзя — і цяпер праблем са смеццем няма наогул.

2. Кожны, хто прыязджае ў Японію і здымае кватэру, павінен вывучыць Гомі-гайд (Гомі або ご み — гэта па-японску смецце). Напрыклад, у горадзе Нііхама спіс правілаў расцягнуўся на 42 старонкі. У адным з такійскіх буклетаў гаворыцца: «Пытанні, звязаныя са смеццем, лёгка могуць справакаваць праблемы з суседзямі. Каб камфортна было і вам, і ўсёй супольнасці, важна выконваць лакальныя правілы па зборы смецця».

3. Удакладненне аб лакальнасці — важнае. У кожным горадзе — свае правілы. Часцей за ўсё смецце трэба падзяляць на 4 катэгорыі: якое можна спаліць, спаліць нельга, можна перапрацоўваць і буйнагабарытнае (але гэта спрошчаны варыянт — катэгорый можа быць у некалькі разоў больш). У некаторых раёнах для кожнага тыпу смецця трэба купляць спецыяльныя рознакаляровыя пакеты. Дзесьці патрабуюць нават падпісваць пакет сваім імем.

У жыхароў ёсць дакладны расклад, у які дзень трэба выстаўляць на вуліцу пэўны тып смецця. Калі пераблытаць дзень і разнавіднасць адходаў або змяшаць розныя віды смецця, на пакет налепяць пагрозлівы стыкер з папярэджаннем. Той, хто не выправіцца, атрымае штраф і вялікія праблемы з суседзямі.

Строгія правілы дзейнічаюць нават унутры катэгорый смецця. Мала сабраць усе пластыкавыя бутэлькі і скрынкі, шкляныя бутэлькі і бляшанкі ў адзін пакет — напрыклад, ПЭТ-бутэлькі (з нумарам 1 унутры трыкутніка на дне — такую маркіроўку вы знойдзеце і ў Беларусі) трэба выкідаць асобна, бо гэта самы нізкаякасны і таксічны пластык.

4. Паколькі Японія не можа дазволіць сабе вывозіць або закопваць смецце, яна яго актыўна спальвае. Усё экалагічна: адходы апрацоўваюцца патокам плазмы пры тэмпературы 1200 градусаў — так разбураюцца таксічныя рэчывы і не ўтвораецца смала. Атрыманы попел прэсуюць у брыкеты, якія закладваюць у падмурак будынкаў і штучных выспаў. Адзін з прэстыжных раёнаў Токіа — востраў Адайба ў Такійскім заліве — пабудаваны менавіта так.

Завод — як невялікая цеплаэлектрастанцыя. Ён працуе на энергіі, якая выпрацоўваецца пры спальванне смецця, і пры гэтым прадае лішкі энергетычным кампаніям.

5. На вуліцах Токіа вельмі цяжка знайсці смеццевыя скрыні, але пры гэтым не брудна: японцы даўно прывучаныя выкідваць лішняе там, дзе гэта дазволена (напрыклад, усе віды скрыняў ёсць у крамах). Развіццю звычкі спрыяюць у тым ліку штрафы — да $80 тысяч за незаконны выкід смецця.

Колькасць урнаў моцна скарацілася пасля тэракту 20 сакавіка 1995 года: тады тэрарысты з неарэлігійнай секты «Аум Сінрыке» выкарысталі ў метро рэчыва зарын — загінула 12 чалавек, атручанне рознай ступені цяжкасці атрымалі 5000. Праваахоўныя органы палічылі, што смеццевыя скрыні занадта зручныя для ажыццяўлення новых нападаў.

***

Японцы так прывыклі да унутраных правілаў, што ўжо не могуць уявіць, як можна сысці са стадыёна, не прыбраўшы бутэлькі або ўпакоўку ад ежы.

Для іх гэта норма і абавязак, для нас — шок.

Калі сочыце за чэмпіянатам свету па футболе, раім вам зрабіць стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?