Кадры, якія цяжка сабе было ўявіць гадоў дзесяць таму: Аляксандар Лукашэнка ў кампаніі з прэзыдэнтамі Нямеччыны і Аўстрыі адкрываюць мэмарыял у Трасьцянцы. Прычым слова «Трасьцянец» на вялікай шыльдзе напісана беларускай лацінкай. Як быццам Беларусь стала рэспэктабэльнай краінай, перастала быць дыктатурай і эўрапейскім пудзілам з цэнзурай, палітвязьнямі і бутафорыяй замест выбараў.

Фота: TUT.BY

Фота: TUT.BY

Гэта на дадзены момант, безумоўна, найвялікшы сымбалічны трыюмф лукашэнкаўскай дыпляматыі апошніх гадоў, нягледзячы на тое, што кіраўнікам Польшчы і Ізраіля, таксама запрошаным на мерапрыемства, хапіла духу не прыехаць.

Нямецкі і аўстрыйскі кіраўнікі прыехалі на мерапрыемства ў Трасьцянец як спадкаемцы Нямеччыны 1940-х, то бок заведама дзеля жэста пакаяньня і жалобы. Такі кантэкст відавочна рабіў складанай крытыку на адрас прымаючага боку, пагатоў зважаючы на ролю «Вялікай Айчыннай вайны» і ўсяго зь ёю зьвязанага ў афіцыйнай ідэалёгіі беларускага рэжыму і ў сфармаванай гэтай ідэалёгіяй грамадзкай думцы Беларусі.

Таму, ушаноўваючы ахвяраў нацыстоўскай дыктатуры 75-гадовай даўніны, Штайнмаер і Ван дэр Бэлен аказалі падтрымку дыктатуры сучаснай.

Нічога не зьмянілася б для тых, хто ляжыць у Трасьцянцы, калі б замест двух бундэс-прэзыдэнтаў у цырымоніі ўдзельнічалі міністры замежных справаў ці нават проста амбасадары. Але ў такім выпадку, можа, і мэмарыялу б не было.

Штайнмаер кажа пра «руку прымірэньня», якую Лукашэнка нібыта працягнуў Захаду. У чым гэта праявілася, сказаць цяжка, бо Беларусь не дэманструе абсалютна аніякага прагрэсу з правамі чалавека і дэмакратыяй — нават сьмяротныя пакараньні працягваюць выносіцца.

Асобнае пытаньне, наколькі ўвогуле маральна адкрываць мэмарыял ахвярам нацызму разам з чалавекам, які вядомы публічнымі антысэміцкімі і гамафобнымі заявамі, а таксама знакамітым выказваньнем пра Адольфа Гітлера як выбітнага дзяржаўнага кіраўніка.

Паралельна з гэтым, паводле палітыка Ігара Лялькова, пры арганізацыі мэмарыяла ў Трасьцянцы ўлады зьнішчылі крыж памяці ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага — беларускага незалежніка, аднаго зь лідараў Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі і Беларускай Незалежніцкай Партыі, забітага нацыстамі ў Трасьцянцы. Важны штрых да афіцыйнага стаўленьня да памяці ахвяраў таталітарызмаў мінулага стагодзьдзя.

На наступны дзень пасьля таго, як Штайнмаер і Ван дэр Бэлен ціснулі руку Лукашэнку, па розных фармальных нагодах арыштаваныя актыўныя ўдзельнікі абароны Курапатаў. Некаторыя зь іх атрымалі па дзесяць сутак арышту. Улада, відавочна, чакала ад'езду высокіх замежных гасьцёў, каб дазволіць сабе рэпрэсіўныя меры супраць людзей, якія пратэстуюць супраць чарговага зганьбаваньня іншага месца масавага забойства бязьвінных людзей, якое, у адрозьненьне ад Трасьцянца, уладамі ігнаруецца.

Курапаты ня ўпісваюцца ў афіцыйную міталёгію вакол таго часу, бо забойцамі там былі савецкія спэцслужбы. Трасьцянец таксама ня ўпісваецца, бо там ахвярамі былі габрэі. Але галоўнае адрозьненьне Трасьцянца ад Курапатаў у тым, што на Трасьцянцы ўлады могуць зарабіць вонкавапалітычных балаў, а на Курапатах — не.

Усё мерапрыемства ў Трасьцянцы, відавочна, мела выключна вонкавапалітычныя мэты, выключна мэты прыцягнуць у Беларусь прэзыдэнтаў Нямеччыны і Аўстрыі дзеля легітымізацыі беларускага аўтарытарнага рэжыму.

Ахвяры ж Курапатаў патрэбныя толькі беларусам. І, відавочна, не патрэбныя Аляксандру Лукашэнку.

Дыпляматыю афіцыйнага Менска можна сапраўды павіншаваць: спачатку «Мінскі дыялог» з удзелам кіраўніцтва АБСЭ і без удзелу беларускай апазыцыі, цяпер — першы ў гісторыі візыт першых асобаў Нямеччыны і Аўстрыі, дзе правы чалавека і дэмакратыя ў Беларусі яўна былі не галоўным пунктам на парадку дня. І трэба ўсьведамляць, што ўсе гэтыя посьпехі маюць на сваёй мэце ў першую чаргу ўмацаваньне дыктатуры і працягненьне ейнага жыцьця. Карыснасьць для беларускай дзяржаўнасьці тут апошні прыярытэт або ўвогуле пабочны эфэкт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?