Фота Сяргея Гудзіліна

У сераду ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска агучылі прысуд бізнэсоўцу Аляксандру Кныровічу і яго калегам з «СарматТэрма-Інжынірынг», піша Tut.by.

Сузаснавальнік і дырэктар ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» Аляксандра Кныровіча суд прыгаварыў да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць распарадчыя пасады на працягу 5 гадоў. Намеснік дырэктара па эканоміцы Ігар Максімаў атрымаў 4 гады з канфіскацыяй і забаронай на 5 гадоў, вядучы эканаміст Андрэй Кускоў — 3 гады і забаронай на працягу 5 гадоў займацца прадпрымальніцтвам, намеснік дырэктара па продажах Яўген Папоўскі - 4 гады пазбаўлення волі.

Усе тэрміны адпавядаюць таму, што раней патрабаваў дзяржабвінаваўца.

Нагадаем, Аляксандр Кныровіч і чацвёра яго калег былі затрыманыя ў студзені 2017 года. Працэс пачаўся 18 красавіка. Яшчэ аднаго сузаснавальніка, былога дырэктара «СарматТермо-Інжынірынг» Уладзіміра Дашкевіча, будуць судзіць асобна з-за праблем са здароўем.

Кныровіча абвінавачвалі ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры і дачы хабару, Папоўскага ў хабарах, Максімава і Кускова ў дапамаганні ўхіленню ад падаткаў. Максімаў і Кускоў сваю віну прызналі цалкам, Кныровіч і Папоўскі — часткова.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна