Максіма Вінярскага затрымалі 3 ліпеня ў раёне бульвара Талбухіна перад акцыяй Мікалаая Статкевіча. Судзілі ж яго за пікетаваньне рэстарацыі «Паедзем, паядзім» — паводле артыкулу 23.34 ч.3 («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паўторна на працягу году»). Паседжаньне прайшло ў судзе Менскага раёну, піша Радыё Свабода.
Абвінавачаньне тычыцца падзеяў 23 чэрвеня каля рэстарана «Поедем поедим». Паводле яго, 23 чэрвеня Вінярскі з 15 да 18 гадзін прымаў актыўны ўдзел у пікетаваньні, дэманстратыўна перашкаджаў праходу і праезду грамадзян. У абвінавачаньні было зазначана, што пікетаваньне адбывалася з мэтай выяўленьня нязгоды з працай рэстарана.
Вінярскі віну не прызнаў. Паведаміў у паказаньнях, што перашкаджаў праезду аўтатранспарту на тэрыторыю рэстарана.
«Гэта была акцыя наўпроставага дзеяньня. Я супраць, каб называць гэта пікетаваньнем» — заявіў Вінярскі.
Свае дзеяньні ён патлумачыў тым, што лічыць недапушчальнай працу забаўляльнай установы побач з Курапатамі.
Максім Вінярскі (справа) падчас пікетаваньня рэстарацыі каля Курапатаў 27 ліпеня.
Сьведкам выступіў міліцыянт з Бараўлянскага аддзела міліцыі. Ён паведаміў, што склаў рапарт на падставе апытаньня супрацоўніка рэстарана, які і выклікаў міліцыю, зь Вінярскім не знаёмы, ня бачыў яго на месцы зьдзяйсьненьня магчымага правапарушэньня, а ягонае прозьвішча даведаўся ад заяўніка.