Рабін рэлігійнага аб’яднання грамадаў прагрэсіўнага іўдаізму Рыгор Абрамовіч асабіста наведаў рэстаран «Паедзем, паядзім», што знаходзіцца ля ўрочышча Курапаты. Другі месяц каля рэстарана праходзяць акцыі пратэсту. Актывісты лічаць, што не можа быць забаўляльны цэнтр побач з месцам пахавання тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Рыгор Абрамовіч. Фота з facebook.com.

Рыгор Абрамовіч. Фота з facebook.com.

Спадар Абрамовіч падзяліўся з «Нашай Нівай» сваімі ўражаннямі ад наведвання гэтага месца. Рабін адразу кажа, што нічога не еў у рэстаране.

«Было шмат інфармацыі ў сацыяльных сетках. Для таго, каб лепш зразумець, мы вырашылі з жонкай, што паедзем у гэты рэстаран, паглядзім, дзе ён знаходзіцца, што адбываецца, паразмаўляем з абодвума бакамі. Крыху пазней атрымалася паразмаўляць з адным з уладальнікаў рэстарана. Гэта рабілася, каб мець сваё меркаванне не на аснове публікацый, а на ўласныя вочы.

Высновы такія. Па-першае, у кожнага з бакоў супрацьстаяння ёсць свая праўда. Яны маюць права адстойваць сваю праўду. Па-другое, мы жывём у свеце, дзе пытанне «што» менш важнае за пытанне «як».

Праўда людзей, якія супраць рэстарана, калі яна пераходзіць у катэгорыі «узяць і ўсё знесці самазваламі», сканчваецца тым, што так можна палову Мінска знесці. Знайсці, што тут былі косці, нейкія важныя гістарычныя моманты. Я ўтрырую, але такі прэцэдэнт можа быць.

У нас нават пасля вайны многія рэчы зносіліся, многія могілкі перасоўваліся ці дэмантаваліся. І такое адбывалася не толькі ў Беларусі. Бывалі выпадкі, што ў вялікіх гарадах пераносіліся могілкі, каб было больш месца для забудовы. Мы тут не ўнікальныя.

Ва ўласнікаў ёсць дакументы, ёсць прававая база. Яны разумеюць, што знаходзяцца побач з Курапатамі. Я спытаўся, ці гатовыя яны былі да таго, што побач з імі знаходзіцца месца расстрэлаў вялізнай колькасці людзей? Але яны кажуць, што ёсць прамежак паміж месцамі расстрэлаў і месцам, дзе адкрыўся рэстаран. Маўляў, рэстаран не на касцях, а побач. А той, хто супраць, бачыць не прамежак, а гучную музыку, якая будзе апускаць значэнне, узровень і памяць гэтага месца. Гэта праўда абодвух бакоў.

Вяртаюся да свайго пытання «як». Наступныя людзі, якія будуць нешта будаваць, пачнуць думаць на аснове таго, што адбылося. У «як» я ўкладваю магчымасць абодвух бакоў сесці за супольны стол перамоваў. Мне здаецца, што да гэтага гатовыя ўсе. І знайсці тыя рэчы, якія іх аб’ядноўваюць. Іх, на жаль, няшмат, але іх неабходна знайсці. І гэта будзе першы крок да знаходжання рашэння. Там не адбываецца яшчэ вайна, там праходзіць канфлікт з праўдай з кожнага боку. Пытанне, хто арганізуе гэты стол, як ён будзе весціся».

Мы спыталіся ў рабіна Абрамовіча, а як ён персанальна бачыць выхад з гэтай сітуацыі?

«Любы чалавек, які скажа, што знайшоў рашэнне, праз хвіліну будзе абсмяяны іншым, што тваё рашэнне нічога не вартае. Мне здаецца, што павінна прагучаць абсалютна ўсе варыянты і паміж іх выбраць нешта сярэдняе. Адной сустрэчы будзе мала. І рэстаратарам не трэба імідж «на касцях», і пратэстоўцы там не будуць стаяць вечна.

Рабін Абрамовіч можа, канечне, нешта параіць, але ён не рэстаратар. Ён не «за» і не «супраць». Ён проста схадзіў і паглядзеў. Прыцягнуць да абмеркавання трэба і Міністэрства культуры. Не павінна быць рашэнне ў духу «ўсё знесці», ці «ўсё пакінуць як ёсць». Крайнасці нікому не дапамогуць», — лічыць Рыгор Абрамовіч.

Жонка рабіна Ірына Абрамовіч пакінула не самыя прыемныя каментары ў дачыненні людзей, якія пратэстуюць у Курапатах. Ці падтрымлівае спадар Рыгор меркаванне сваёй жонкі?

«Я ўстрымаюся. Мы бачылі не самую прыгожую карціну, хлопец ехаў на аўтамабілі ў рэстаран, яму кінуліся пад колы. Я лічу, што гэта не найлепшыя паводзіны тых, хто пратэстуе. Атрымліваецца, што чалавек, які туды заехаў і мог не ведаць усёй сітуацыі, становіцца таксама вінаватым. Павінны быць нейкія межы. Не заўсёды гвалт апраўданы толькі пазіцыяй быць супраць».

Таксама і Ірына Абрамовіч, і Рыгор намякалі, што пратэсты могуць быць праплачаныя. Яны сапраўды так лічаць?

«А чаму не? Я чую меркаванні і версіі з двух бакоў. Адны кажуць: нас ніхто не наняў, мы стаім за ідэю. Другія кажуць: а можа быць, і нанялі. У мяне няма доказаў ні там, ні там».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?