Ён атрымаў прэмію форуму, на якім у свой час зладзілі абструкцыю А.Лукашэнку.

Як стала вядома «Нашай Ніве», Фундацыя Сусьветнага Форуму Кран-Мантана прысудзіла Аляксандру Мілінкевічу сваю штогадовую прэмію. Пра гэтае рашэньне А.Мілінкевічу паведаміў старшыня фундацыі Жан-Поль Картэрон.

Прэмія прысуджаецца за вялікія заслугі ў справе барацьбы за мір, свабоду і дэмакратыю. Яна ўручаецца з 1989 году, і сярод яе ляўрэатаў былі Ангела Мэркель, Ясір Арафат, Зоран Джынджыч, Віктар Чарнамырдзін, Юлія Цімашэнка, Хуан-Антоніё Самаранч і яшчэ некалькі дзясяткаў палітычных і грамадзкіх дзеячоў з самай рознай, трэба прызнаць, рэпутацыяй.

Пікантнасьць сытуацыі надае той факт, што Форум Кран-Мантана быў адзіным сусьветным бізнэс-форумам, на якім пабываў Аляксандар Лукашэнка. Гэта было ў 1998 годзе. Пра ўдзел А.Лукашэнкі было дамоўлена падчас візыту Ж.П.Картэрона ў Менск. Хоць напярэдадні форуму распачаўся скандал з высяленьнем заходніх дыпляматаў з Драздоў, паездка тым ня менш адбылася. Толькі скончылася яна скандалам. Калі ў часе дыскусіі адзін з францускіх удзельнікаў форуму назваў беларускага прэзыдэнта дыктатаром і прадказаў, што ён скончыць свае дні як усе дыктатары, А.Лукашэнка з словамі «От ваша хвалёная заходняя дэмакратыя» сарваў зь сябе слухаўкі і пакінуў залю паседжаньняў.

У той час на Захадзе і ў Беларусі гучалі галасы з асуджэньнем арганізатараў Форуму, што запрасілі ў Кран-Мантана прэзыдэнта краіны, якога ўжо тады на Захадзе называлі аўтакратам.

Сёлетняя цырымонія ўручэньня прэміяў адбудзецца ў рамках 17-й гадавой сэсіі Форуму Кран-Мантана ў Манака.

Як паведаміў «Нашай Ніве» памочнік А.Мілінкевіча Андрэй Кусяльчук, пакуль невядома, ці лідэр Дэмакратычных сілаў зможа прысутнічаць на цырымоніі ўручэньня прэміі асабіста. Ягоны графік на чэрвень зьбіты вельмі шчыльна.

Мікола Бугай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0