Мы пагутарылі з Віктарам Варанцом пра тое, чаму з’явілася патрэба ў такім падручніку, ці ёсць яму практычнае выкарыстанне і як часта асабіста яму трапляюцца беларускамоўныя дактары.

У медыцынскім універсітэце Віктар Варанец працуе ўжо 25 гадоў.

«Гродзенцы першымі пачалі выкладаць факультатыўна беларускую мову студэнтам. І амаль палова студэнтаў у пачатку 90-х гадоў яе вывучала. А ў 1993 годзе, у сувязі з масавым прыездам замежных студэнтаў, ва ўніверсітэце адкрылася асобная кафедра рускай і беларускай моваў. А праз два гады ў ГрДМУ пачалі выкладаць для ўсіх першакурснікаў прадмет «Беларуская мова: прафесійная лексіка».

Паколькі ў той час не было ні досведу выкладання такога прадмета, ні дапаможнікаў, кожны ўніверсітэт саматугам пачаў іх распрацоўваць. Праграма на той час зводзілася да дубляжу школьнай праграмы.

«Але мяне вельмі зацікавіла пытанне менавіта медыцынскай тэрміналогіі, бо прадмет называўся «прафесійная лексіка». Тады і пачаў пакрысе збіраць. У 2001 годзе выдаў «Руска-беларускі слоўнік медыцынскіх тэрмінаў» аб’ёмам каля 500 слоў. Паралельна выдаваліся дапаможнікі для студэнтаў розных факультэтаў па беларускай мове. Але праца над тэрмінамі не спынялася. У 2005 годзе выйшаў мой «Русско-белорусский медицинский словарь», у якім змясціліся 5000 тэрмінаў, з іх больш за дзве тысячы ўласна беларускіх.

Такім чынам, тэрміналагічная база была створана, а таксама дасягнута асноўная мэта: даказана, што беларуская мова не толькі старажытная, але і дастаткова развітая, паколькі ўтрымлівае ў сябе такі вялікі гістарычны пласт медыцынскай лексікі.

Праца над слоўнікам вельмі марудная, прызнаецца Віктар Варанец.

«Спачатку ідуць пошукі ўсіх магчымых крыніц тэрмінаў. Потым складаецца картатэка на кожны тэрмін, пасля чаго яны выстройваюцца ў алфавітным парадку і заносяцца ў электронную базу. Гэта значыць, калі ў «Русско-белорусском словаре» падаюцца ў якасці крыніц 23 слоўнікі, дык трэба было прааналізаваць 23 кнігі агульным аб’ёмам больш за дзесяць тысяч старонак, напісаць пяць тысяч картак-слоў, размеркаваць іх у алфавітным парадку і зрабіць электронны набор.

Такая праца займае да 2-4 гадоў. Але гэта пачэсная справа, паколькі яе вынікамі карыстаюцца людзі на працягу ўсяго жыцця.

Што датычыцца мяне, дык і я для сябе са здзіўленнем адкрыў, што беларуская мова мае такую колькасць цікавых і адметных слоў. А асабіста мне падабаецца слова «кароста» («чесотка» рус.). Раззлаваны беларус на Гарадзеншчыне ў ранейшыя часы выкарыстоўваў такі «мат»: «Каб цябе кароста пабіла». Усё, як бачым, вельмі прыстойна».

Некалькі прыкладаў са слоўніка Віктара Варанца:

  1. Альвеола — пухірык (м.р.)
  2. Ангина — завалкі (м.л.),
  3. Аорта — тутніца (ж.р.)
  4. Аппендицит — кабылянец (м.р.)
  5. Гастрит — разачка (ж.р),
  6. Герпес — вогнiк (м.р),
  7. Золотуха — шкрофул (м.р)
  8. Зонд — шчупень (м.р)
  9. Изжога — пякотка (ж.р)
  10. Кишка — чарова (ж.р.)
  11. Клапан — затамка (ж.р.)
  12. Клитор — ласкацень (м.р.)
  13. Ключица — раменніца (ж.р.)
  14. Мениск — сярпок сустаўны (м.р.)
  15. Мочка — блінок (м.р)
  16. Насморк — наспель (м.р)
  17. Пазуха — сулонь (ж.р.)
  18. Понос — лякса (ж.р.)
  19. Пуп — жаронак (м.р.)
  20. Рахит — ангелька (ж.р.)
  21. Рецидив — адрыг (м.р.)
  22. Свинка — завушніца (ж.р.)
  23. Селезёнка — каса (ж.р.)
  24. Сосок — музок (м.р.)
  25. Таз — лагво (н.р.)
  26. Чашечка (надколенник) — рэпка (ж.р.)
  27. Экзема — водрыца (ж.р.)
  28. Энурез — бруй (м.р.)
  29. Эрекция — юр (м.р)
  30. Ягодица — гала (ж.р.)

Пасля выхаду медыцынскага слоўніка, Віктар Варанец працягнуў працу над укладаннем іншых дапаможнікаў. У 2013 годзе выйшаў першы ў гісторыі беларускай лексікаграфіі «Тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў», а ў 2016 — «Дыялектны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў Беларусі».

Увесь гэты час ішла праца над удасканаленнем дапаможнікаў па беларускай мове. Ужо былі перапрацаваны і выдадзеныя дапаможнікі для лячэбнага, педыятрычнага, медыка-дыягнастычнага факультэтаў, падручнік «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» з грыфам вучэбна-метадычнага аб’яднання па медыцынскай адукацыі Беларусі для студэнтаў універсітэтаў па спецыяльнасці «Медыка-псіхалагічная справа». Але адзінага падручніка, які пасаваў бы ўсім медыцынскім універсітэтам Беларусі, не было. Нейкая з чатырох ВНУ мусіла стаць першай.

«І я падумаў: вопыт ёсць, тэарэтычная база для складання падручніка падрыхтавана, тэрміналогіяй займаюся не першы дзень. Трэба паспрабаваць. Вынік аказаўся станоўчым: Міністэрства адукацыі прысвоіла дапаможніку грыф і рэкамендавала ўсім медыцынскім універсітэтам для выкарыстання, а выдавецтва РІВШ выдала друкаваную версію кнігі».

Падручнік створаны згодна з тыпавой праграмай па курсе «Беларуская мова: прафесійная лексіка». Яго асноўная задача — сістэматызаваць працэс вывучэння беларускай мовы ў медыцынскіх універсітэтах рэспублікі, прывесці да нейкіх адзіных нормаў.

«Гэта не абмяжоўвае іншых выкладчыкаў у падборы матэрыялаў да заняткаў, — кажа Віктар, — але прызваны дапамагчы і студэнтам у падрыхтоўцы, і выкладчыкам у правядзенні гэтых заняткаў. Таму Міністэрства адукацыі і рэкамендавала ўсім універсітэтам падручнік для выкарыстання».

Складаецца кніга з некалькіх раздзелаў.

Першы — паходжанне беларускай мовы і яе гісторыя развіцця. Тут жа падаецца параўнальная характарыстыка кірыліцы і лацінкі. Студэнтам прапануецца прачытаць на беларускай лацінцы казку «Вавёрка і воўк».

«Гэта вельмі падабаецца першакурснікам», — удакладняе аўтар падручніка. 

Наступны раздзел прысвечаны тэрміналогіі і беларускай медыцынскай тэрміналогіі — паходжанне, спосабы ўтварэння тэрмінаў, асаблівасці перакладу.

Трэці раздзел — структура аховы здароўя. Этапы клінічнага абследавання. Знаёмімся з назвамі медыцынскіх спецыяльнасцяў на беларускай мове. Тут жа ключавыя выразы пры апытанні хворага, складанне эпікрызу, запаўненне медыцынскай карткі.

Чацвёрты — гонар беларускай медыцыны. Знаёмства з найлепшымі прадстаўнікамі беларускай медыцыны 18-20 стагоддзя: Я.Багданоўскі, Я.Наркевіч-Ёдка, Ю.Ясінскі і іншымі.

У пятым — тэксты для пісьмовых перакладаў і вусных пераказаў. Яны ўсе звязаны з медыцынай. Ёсць тут і Святлана Алексіевіч з «Апавяданнем медсястры» («Цынкавыя хлопчыкі»).

І апошні раздзел — руска-беларускі і беларуска-рускі медыцынскія слоўнікі.

Адкуль жа ў філолага цікавасць да медыцынскай тэрміналогіі?

«Я нарадзіўся, рос і вучыўся ў Гродне, і руская мова была значна бліжэйшай па духу.

Але ў падлеткавым узросце паездкі з сябрамі ў літоўскія Друскенікі нарадзілі натуральнае абурэнне: чаму ў Савецкім Саюзе літоўцы паўсюль падкрэсліваюць сваю нацыянальную адметнасць, размаўляюць па-літоўску, а мы, беларусы, для іх нібы тыя ж рускія.

Так нарадзілася цікавасць да беларускай мовы. Адсюль і выбар навучальнай установы. Я скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, філалагічны факультэт, руска-беларускае аддзяленне. Пасля заканчэння ГрДУ накіравалі настаўнікам рускай мовы ў мястэчка Азёры за 30 кіламетраў ад Гродна. Але назаўтра, калі зайшоў у раяна, атрымаў накіраванне ў вёску Рацічы, што недалёка ад Аўгустоўскага канала настаўнікам беларускай мовы. Так і стаў выкладаць беларускую мову, хаця, прызнацца, яшчэ крыху сумаваў па рускай. Але як водзіцца ў вёсцы, перыядычна выкладаў і рускую мову, і матэматыку, і фізіку. Таму паступова канчаткова перайшоў на беларускую».

Ці часта яму самому даводзілася звяртацца да беларускамоўных дактароў?

«З уласнага вопыту: калі вы заходзіце да ўрача на прыём і бачыце, што той не старэйшы за 35 гадоў, можаце смела звяртацца да яго на беларускай мове — ён усё зразумее, не здзівіцца і ў 75% адкажа вам на беларускай мове, — адказвае Віктар. — 

Сярод гродзенскіх, а можа і не толькі, студэнтаў-медыкаў беларуская мова паступова становіцца брэндавай: размаўляць на ёй — паказваць сваю адметнасць, пэўную арыстакратычнасць, індывідуальнасць».

Беларускай мовы сёння ў ГрДМУ дастаткова, кажа выкладчык. На першым курсе ўсе абавязкова вывучаюць яе і прыкладна 90% ставяцца да такой практыкі прыязна. На чацвёртым курсе для ахвотных ёсць факультатыў «Культура беларускага маўлення». На шостым курсе для ўсіх факультэтаў абавязкова чытаюцца лекцыі «Беларуская мова ў прафесійнай дзейнасці ўрача». Працуюць курсы для аспірантаў і саіскальнікаў.

Рэктар універсітэта, многія загадчыкі кафедр, выкладчыкі свабодна размаўляюць па-беларуску.

«У лютым бягучага года запісалі відэафільм «Медыкі чытаюць Купалу», у якім рэктар, прарэктары і дэканы чыталі на камеру «Курган» Янкі Купалы. А яшчэ са студэнтамі знялі беларускамоўны відэаквэст «Музей пад адкрытым небам», — хваліцца Варанец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?