За часамі незалежнасці Канстанцін Сумар правёў на пасадзе старшыні аблвыканкама найболей з усіх калег. Амаль адзінаццаць гадоў ён узначальваў Брэсцкую вобласць. Чым цяпер жыве былы чыноўнік?

Канстанцін Сумар. Фота belsat.eu.

Канстанцін Сумар. Фота belsat.eu.

«Я цяпер старшыня назіральнай рады «Рускага мора». Гэтае прадпрыемства знаходзіцца ў падначаленні «Санты-Брэмар», займаецца расійскім накірункам. Аляксандр Міхайлавіч [Машэнскі — «НН»] карыстаецца маімі шматлікімі сувязямі, адпраўляе ў тую ж Украіну, дзе я сябрую шмат з кім з былых губернатараў, з былым прэзідэнтам Украіны. Прынамсі я пры жыцці.

Першыя тры гады пасля адстаўкі было вельмі складана без дзяржаўнай службы. Толькі на трэці год стала крыху прасцей. Ды і тое, калі едзеш, бачыш, што пасевы сохнуць, то перажываеш праз гэта.

Новы губернатар прыйшоў са сваёй праграмай, са мной не раіцца, але я яму толькі поспехаў зычу».

Мы папрасілі ў Сумара, каб ён расказаў нам пра сваю знакамітую фразу, сказаную падчас адной з селектарных нарад. Тады брэсцкі губернатар адзначыў, што Лукашэнка «крыху вышэйшы за Бога». Дзякуючы той фразе ён і праславіўся.

«Фразу гэтую ўтрыравалі. Я меў на ўвазе, што Аляксандр Рыгоравіч найбліжэй як чалавек, з якім можна сустракацца, рашаць задачы. Наш «Брэсцкі кур’ер» ужо неяк пісаў: людзі добрыя, не майцеся дурным, хопіць ужо абсмоктваць гэтую фразу.

У мяне быў і ёсць прэзідэнт, якога я паважаю, з якім у мяне вельмі шмат усяго звязанага. І калі быў дэпутатам, і калі быў у Камітэце дзяржаўнага кантролю, і міністрам па падатках і зборах, амаль адзінаццаць гадоў губернатарам, таму я рады таму часу, які правёў разам з прэзідэнтам», — кажа Канстанцін Сумар.

***

Канстанцін Сумар

Нарадзіўся ў 1949 у вёсцы Вічын на Лунінеччыне. Закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут (1973), Мінскую вышэйшую партыйную школу (1977). Працаваў аграномам, старшынёй калгаса, у Лунінецкім і Брэсцкім райвыканкамах. У 1996—1998 — намеснік старшыні Дзяржкантролю. У 1998—2000 — першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама, у 2000—2004 — міністр падаткаў і збораў. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама (2004-2014).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?