Сталіца Літвы прыцягвае да сябе тысячы беларусаў штодня. І гэта не дзіва: ад Мінска да Вільні ўсяго 180 кіламетраў — гэта бліжэй, чым да любога абласнога цэнтра.

Усяго праз пару гадзін вы можаце трапіць не проста ў адну з сталіц Еўрасаюза, але і ў горад, прасякнуты беларускай мінуўшчынай. У гэтым доме жыў Адам Міцкевіч, тут друкаваў свае кнігі Францішак Скарына, а вось там выдавалася «Наша Ніва». Многія любяць Вільню за яе кавярні і гандлёвыя цэнтры. Карацей, кожны здольны знайсці ў гэтым горадзе нешта сваё.

Цяпер пяройдзем да разгляду ўсіх магчымых варыянтаў, як даехаць з Мінска да Вільні.

Цягнікі Мінск — Вільня

Час: Ад 2,5 да 4,5 гадзіны
Цана: ад 34 да 89 рублёў

Мабыць, самы папулярны варыянт для тых, хто хоча даехаць з камфортам, але не аддаць за квіток істотную частку заробку. Цягнікі ходзяць ад Цэнтральнага чыгуначнага вакзала. Варыянт даехаць цягніком прываблівае тым, што не трэба доўга стаяць у чэргах. Беларускія памежнікі правяраюць дакументы проста ў цягніку падчас руху. На віленскім вакзале вам усё ж давядзецца пастаяць у чарзе. У залежнасці ад таго, ці хутка вы прыйдзеце на пашпартны кантроль, або будзеце плесціся ў канцы, залежыць час, праз які вы апынецеся ў самім горадзе.

Цягнікі да Вільні ходзяць сучасныя, вырабленыя на «Штадлеры». У вагонах ёсць кандыцыянер, шмат месца для ног, разеткі, каб зарадзіць ноўтбук ці мабільнік. Працуе і вай-фай. Курсуюць па гэтым маршруце і літоўскія цягнікі. Яны мала чым у зручнасці саступаюць беларускім.

Большасць цягнікоў адпраўляецца раніцай. Можна таксама паехаць увечары, каб пераначаваць у Вільні. Каштаваць гэта будзе ў сярэднім 35—40 рублёў. Расклад можна паглядзець тут.

Калі асабліва не эканоміце грошы ці не маеце іншых варыянтаў, то дабрацца можна на цягніках кшталту Масква — Калініград ці Адлер — Калініград. Але папярэдзім, што іх час адпраўлення не надта зручны. А час знаходжання ў дарозе павялічваецца да 4,5 гадзіны. Затое ёсць магчымасць паспаць у плацкарце ці купэ. Цана плацкарты — каля 30 рублёў, купэ — 75—80 рублёў.

Аўтобусы Мінск-Вільня

Час: ад 4 да 5 гадзін
Цана: ад 12,5 да 35 рублёў.

З аўтобусамі ніколі не адгадаеш, колькі будзеш у дарозе, бо можна нечакана завіснуць на мяжы. І ўмоўныя чатыры гадзіны ператворацца ў пяць ці нават болей. Але гэта больш бюджэтны транспарт, чым цягнікі, які ходзіць нашмат часцей.

Аўтамабіль Expressbus.by. На такіх адбываюцца паездкі ў Вільню.

Аўтамабіль Expressbus.by. На такіх адбываюцца паездкі ў Вільню.

Перавозчык Expressbus.by мае камфортныя аўтамабілі з wi-fi і dvd, пры патрэбе выдае на час усяго шляху пледы і падушкі. Кіроўца дае магчымасць аформіць Tax Free і заязджае ў Duty Free.

Што тычыцца раскладу, то ён улічвае вылеты і прылёты ў аэрапорт Вільні. Гэта асабліва зручна для тых, хто лятае лаўкостамі Wizz Air і Ryanair. Калі раптам ваш самалёт спазняецца, кіроўца маршруткі чакае да 20 хвілін. Месца ў маршрутцы можна забраніраваць анлайн і адразу аплаціць.

Аўтамабіль Expressbus.by. На такіх адбываюцца паездкі ў Вільню.

Аўтамабіль Expressbus.by. На такіх адбываюцца паездкі ў Вільню.

Іншы папулярны прыватны перавозчык — Ecolines. Іх аўтобусы ходзяць тры разы на дзень. Цэны пачынаюцца ад 24 рублёў.

Калі скарыстацца рознымі зніжкамі і купонамі, то гэтую суму можна заўважна знізіць, аж да 11 рублёў. Зніжкі на білеты да Вільні нярэдка можна знайсці на сайце Slivki.by. Праўда, каб набыць танны квіток, давядзецца спачатку купіць спецыяльны купон за 1,50 рубля.

Таксама перавозкамі ў Вільню займаюцца кампаніі Busfor, Intercars, Sheddi Tours і іншыя. Іх білеты можна купіць як у офісах, так і ў інтэрнэце.

Аўтобусы «Мінсктранса» адпраўляюцца ў Вільню каля дзесяці разоў на дзень. Прычым адправіцца можна не толькі з Мінска, але і з Гомеля, і з Барысава. На большасці з гэтых аўтобусаў дабрацца можна не толькі да Вільні, але і да аэрапорта. Паглядзець расклад і набыць квіткі можна тут. Базавая цана — 22 рублі.

Самалёт Мінск — Вільня

Час: 35 хвілін
Цана: ад 103 рублёў

Білет «Белавіа» ў адзін бок нібыта каштуе ад 103 рублёў.

Ляцець самалётам крыху болей за паўгадзіны, але дадайце да іх яшчэ час дабірання да аэрапорта «Мінск» і з віленскага аэрапорта. Так што атрымаецца не надта хутчэй за цягнік. А каштаваць будзе ў два разы болей.

Як дабрацца ў Вільню аўтамабілем

Час: ад 3 гадзін і болей
Цана: 30 еўра на страхоўку + паліва

Шчаслівыя ўладальнікі ўласных аўто, натуральна, могуць паехаць у Вільню на сваім транспарце. Толькі хочацца папярэдзіць, каб ахвочыя ўважліва правяралі сайт Дзяржпагранкамітэта, а то заўжды ёсць імавернасць палову дня прастаяць на мяжы ў заторах. Ці не ў кожнага ёсць знаёмыя, якія могуць распавесці падобныя гісторыі.

Калі едзеш за мяжу машынай, то, апроч медычнай страхоўкі, не забудзьцеся аформіць «зялёную карту». Гэта адмысловая міжнародная страхоўка грамадзянскай адказнасці для аўтамабілістаў, якія едуць за мяжу на сваёй машыне. Каштуе такая паслуга як мінімум 30 еўра, калі афармляець яе на 15 дзён. Адпаведна, калі браць большы тэрмін, то і плаціць давядзецца больш. Аформіць «зялёную карту» можна ў страхаўшчыкоў проста перад мяжой.

Дарогі ў Літве бясплатныя, а вось за паркоўкі, хутчэй за ўсё, давядзецца плаціць, калі толькі паездка не будзе ну зусім кароткатэрміновай.

BlaBlaCar

Час: ад 3 гадзін і болей
Цана: як пашанцуе

Сайт BlaBlaCar існуе для людзей, якія шукаюць папутчыкаў сабе ў дарогу. Напрыклад, Мікалай з Малінаўкі едзе ў Вільню на сваім аўто, ён мае два вольныя месцы і гатовы на іх ўзяць з сабой пасажыраў. Для гэтага ён размяшчае абвестку на сайце, а ахвотныя ў той самы час накіравацца ў Літву знаходзяць аб'яву і звязваюцца з кіроўцам. Уласнік аўто сам выстаўляе цану, за якую гатовы перавезці спадарожніка з пункта А ў пункт Б. Можна дамовіцца і на меншую цану, калі кіроўца будзе да вас прыхільным. З цаной на BlaBlaCar угадаць немагчыма, проста сачыце за сайтам, каб не прапусціць самую выгадную прапанову.

Аўтаспын з Мінска ў Вільню

Час: Ад 3 гадзін і болей
Цана: бясплатна або як пашанцуе

Для самых адчайных ці безграшовых, вядома, існуе аўтаспын. Аўтаспын да Вільні, як і да любога іншага горада, не мае ніякіх гарантый. І праходзіць выключна на страх і рызыку тых, хто «стопіць» (ды і хто спыняецца, натуральна). Магчыма, машыну атрымаецца злавіць адразу, а, можа, давядзецца прастаяць палову дня на сонцы ці дажджы. Зрэшты, звычайна аўтаспыншчыкі разумеюць, на што ідуць, таму яны не схільныя наракаць на перашкоды. Бо якраз у такім баўленні часу адчуваюць кайф ад вандроўкі. Каб пачаць стопіць машыны на Вільню, вам трэба выехаць на гродзенскую трасу, якая пачынаецца адразу за Каменнай Горкай.

Добрай вам вандроўкі ў Вільню! Спадзяёмся, гэты горад вас не расчаруе.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?