У Мінску ў новым навучальным годзе адкрыецца яшчэ пяць груп з беларускай мовай навучання і выхавання ў дзіцячых садках.
Пра гэта сёння журналістам паведаміла галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Алена Макарэвіч, піша БЕЛТА.
Яна адзначыла, што колькасць груп у дзіцячых садках, якія працуюць на беларускай мове, залежыць ад запытаў бацькоў. «У 2017-2018 навучальным годзе на падставе запытаў бацькоў колькасць такіх груп у Мінску павялічылася на пяць. У новым навучальным годзе мы плануем адкрыць яшчэ пяць груп з беларускай мовай навучання», — сказала яна.
Па словах галоўнага спецыяліста, забяспечыць усіх жадаючых, каб іх дзеці навучаліся ў садзе на беларускай мове, месцамі крокавай даступнасці няма магчымасці.
«Недзе гэта можа быць у крокавай даступнасці, дзесьці па ходзе руху транспарту, але ўсім бацькам, якія выказалі такое жаданне, месца ў групе прадастаўляецца. Колькасць бацькоў, якія жадаюць, каб іх дзіця атрымлівала адукацыю і выхаванне ў садзе на беларускай мове, расце», - кажа яна.