У расійскай прэсе і палітычных тэлеграм-каналах пачала з'яўляцца інфармацыя пра новага імавернага пасла Расіі ў Беларусі Міхаіла Бабіча. Праз адсутнасць публічнасці ў справе прызначэння новага пасла, спраўдзіць усю гэтую інфармацыю пакуль немагчыма.
Міхаіл Бабіч. Фота: kremlin.ru.
Асабліва актыўна абмяркоўваецца новая пасада Бабіча ў ніжагародскай прэсе — раней Бабіч працаваў прадстаўніком Пуціна ў Прыволжскай федэральнай акрузе з цэнтрам у Ніжнім Ноўгарадзе.
Выданне «Версия» піша, што Бабіч — незвычайная фігура для беларуска-расійскіх дыпламатычных адносін, таму што яшчэ ніколі раней Масква не прызначала паслом у Мінску сілавіка.
Тэлеграм-канал «Ніжагародскі эксперт» паведамляе, што Бабіч можа і не паехаць у Беларусь.
Тэлеграм-канал сцвярджае, што ў пасольстве Беларусі ў Маскве яшчэ месяц таму абмяркоўвалі фразу нібыта самога Лукашэнкі пра перспектывы прызначэння Бабіча:
«Калі Расія хоча выбудоўваць з Беларуссю эканамічныя адносіны — хай прысылаюць эканаміста. Калі палітычныя — хай прысылаюць палітыка. Але якіх яны хочуць адносін, калі прысылаюць дыверсанта? [Бабіч служыў у ПДВ і КДБ — Рэд.]»
Тэлеграм-канал «Старая плошча» лічыць, што кандыдатуру Бабіча прапанавалі наўмысна, каб Беларусь, як раней і Украіне, яго не ўзгадніла і не дала агрэман. Тады ў расійскага боку будуць «развязаныя рукі» на шматлікія палітычныя крокі.
«Фігура Бабіча, відавочна, паміж хаўруснікамі неўзгадняльная. Калі ўнутры краіны ён можа быць выкарыстаны для жорсткай муштры ў рэгіёнах, якія адарваліся [менавіта ў часы кіравання Бабіча ў Прыволжскай федэральнай акрузе расійскія ўлады адмовіліся працягваць тэрмін дзеяння дагавора пра паўнамоцтвы паміж Расіяй і Татарстанам, які раней даваў рэспубліцы не абы-якія паўнамоцтвы — Рэд.], то ў дыпламатыі настройкі танчэйшыя.
Адмова беларусамі ў агрэмане дасць падставу прэзідэнту Расіі не займацца «перазагрузкай» нашых адносін, а тарпедаваць апошнюю бясконцую фронду Бацькі».





