Апошнімі днямі нямала спрэчак і абмеркаванняў выклікаў артыкул Уладзіміра Сцяпана, надрукаваны ў «Советской Белорусіі». Матэрыял быў прысвечаны рэканструкцыі Вайсковых могілак у Мінску.

У ім Сцяпан даволі рэзка выказаўся на адрас валанцёраў, абаронцаў і энтузіястаў, якія «набеглі» на могілкі, хоць рэканструкцыя яшчэ фактычна не пачалася. Раней жа, маўляў, могілкі стаялі не патрэбныя нікому, акрамя журналістаў «Советской Белорусіі», якія даглядалі іх.

Артыкулам абурылася вялікая колькасць дзеячаў культуры, сярод якіх філолаг і пісьменніца Ганна Севярынец, гісторык Зміцер Дрозд.

«Нейкія валанцёры» — гэта сакратар грамадскай камісіі па ахове помнікаў культуры, даследчык, гісторык Павел Каралёў, метадыст ВНУ, унучка пісьменніка Сяргея Знаёмага Таццяна Навасельская, студэнтка-гуманітарый Каця Парыжэская. Безліч людзей, якіх я, на жаль, не ведаю па імёнах, ну, і я там бываю таксама час ад часу — і не зусім разумею, чаму гэта нас можна назваць «нейкімі». Там працуюць у свой вольны, каштоўны адпускны час гісторыкі, даследчыкі, неабыякавыя людзі, і, між іншым, не зносяць помнікі, а рэстаўруюць іх, — эмацыйна адрэагавала на артыкул Ганна Севярынец у сваім фэйсбуку. — «Близко не было этих энтузиастов, когда мы гребли листья». Гэты пасаж наогул жудасны. Канкрэтна Таццяна Навасельская за два гады, якія віселі таблічкі пра «добраўпарадакаванне», за свае грошы паставіла помнік Алесі Александровіч і Міхасю Марозу, аднавіла безліч агароджаў, рэгулярна (аднойчы і са мной) саджала кветкі ў Чорнага і Труса, гэтыя два гады я бываю на Вайсковых часта і бачу, хто і што там грабе. Можа, калі рэдакцыя СБ сапраўды грэбла лісце, нас яшчэ на свеце не было?»

Сам Уладзімір Сцяпан у каментары «Нашай Ніве» прызнаў, што трохі перагнуў.

«Можа быць, я надта рэзка выказаўся ў бок тых, хто займаўся могілкамі. Я выбачаюся перад валанцёрамі, якіх я назваў «нейкімі», - паведаміў Сцяпан. — Што тычыцца таго, што некалькі магіл замацаваныя за «СБ» - 20 гадоў таму яшчэ нічога не было замацавана за газетай, але журналісты па сваёй ініцыятыве даглядалі могілкі, ніхто іх не прымушаў».

Таксама артыкул Сцяпана называлі «заказным». Сапраўды так, ці яму самому набалела?

«Гэта праца. Мне далі тэму, я пайшоў і напісаў», — тлумачыць ён.

Але ж ці лічыць ён добраўпарадкаванне сапраўды годным з эстэтычнага боку?

«У мяне тэорыя такая. Я вам яе раскажу, а вы лічыце, як хочаце. Вось стаіць стары дом на Камсамольскай. Ён амаль разваліўся. Прыязджаюць людзі, пачынаюць рэстаўрацыю. І адразу ў інтэрнэце і газетах ідзе хваля абурэння: маўляў, гэта гістарычная каштоўнасць, такое святое для нас для ўсіх. А тое, што ў дамку даўно не працуе вадаправод і святла няма — нікому не цікава. Вешаюць толькі фотачкі, як будаўнікі яго разбіраюць. А праз паўгода той дамок стаіць адрамантаваны, нармальны, вінаград у двары расце — і ніхто пра тое ўжо не піша, нікому ён не цікавы.

Горад не можа існаваць у закансерваваным выглядзе, ён мусіць мяняцца», —

упэўнены Уладзімір Сцяпан.

Таксама ён паведаміў, што замяняць усе помнікі так званымі «падгалоўнікамі» не плануецца.

«Але гэтым будуць займацца ўжо сваякі пахаваных, тыя ж валанцёры і людзі са Спецкамбіната. А пра падгалоўнікі — узгадайце Арлінгтонскія могілкі ў ЗША, галоўныя вайсковыя могілкі. Там аднолькавыя помнічкі, бясконцымі шэрагамі. І так робіцца па ўсім свеце», — адзначыў Сцяпан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?