гітарыст-віртуоз Віктар Смольскі (Фота - rage-online.ru)

гітарыст-віртуоз Віктар Смольскі (Фота - rage-online.ru)

У суботу аматары парокіцца-энд-пароліцца мусілі адказаць на пытаньне: «Каго ты любіш найбольш: Бабруйск або Менск?» Трэба было выбраць, ці то схадзіць на канцэрт «легендарнага мэтал-гурту» Rage зь менчуком Віктарам Смольскім на чале, або наведаць «легендарны гурт расейскага року «Бі-2», дзе танцы правяць бабруйцы Шура і Лёва. Я люблю абодва гэтыя гарады, але ўлічваючы, што бідвоечнікі — частыя госьці, выправіўся на Rage...

1.Сьцяпанаўна, чаду!

Канцэрт Rage з сымфанічным аркестрам быў самы хатні, які толькі можна ўявіць: спаміж пэтлатых мэталістаў пракідваліся нават менскія бабулькі, пачуваючыся на канцэрце мэталічнага гурту досыць нязмушана. У дадатак мяркуючы па іх колькасьці, можна было выснаваць, што сярод беларускіх пэнсіянэраў нямецкія мэталюгі карыстаюцца шалёным посьпехам. Нібыта пацьвярджаючы гэтыя здагадкі бабулькі прыпусьцілі далей: на грымотных прыпевах імпэтна махалі рукамі і міла танчылі ў праходах. Задуменна хітаючы ў такт сівавалосымі галовамі, кідалі: «Не, на гамбурзкім канцэрце ў Віці быў іншы рэпэртуар». Цяпер ужо я быў цалкам перакананы, што на правах груп-гёрлз бабулькі езьдзяць з гуртам на сусьветнае турнэ. Але сапраўдная прычына іх прыходу высьветлілася досыць хутка, калі на сцэну падняўся сымфанічны аркестар, які меўся суправаджаць рок-гурт. Пачаўшы адной рукой імпэтна трэсьці мяне за плячо, а другой — ляпаць па ім, адна з фэнак-пэнсіянэрак надрыўна, не раўнуючы юначка шэсьцідзесятых пры выглядзе Пола Макартні, заверашчала: «О, а гэта Леначка, бачыце-бачыце, у трэцім радзе, альт-скрыпка, гэта наша Леначка!». Рэч у тым, што ў сымфанічным аркестры «Маладая Беларусь» граюць збольшага маладыя таленты, вучні менскай кансэрваторыі, і, карыстаючыся нагодай, бабулі прыходзяць паслухаць сваіх унукаў. І... хоцькі-няхоцькі сочаць за творчымі ўзьлётамі мэталістаў.

2. Сымфонія для аркестра і сына

Але гваздом праграмы быў, безумоўна, гітарыст Віктар Смольскі. Ён даваў фаеру: крыважэрныя рыфы чаргаваліся з замарочнымі запіламі.

У дадатак слухачы мелі асалоду ўпершыню чуць сымфонію для электрагітары з аркестрам, укладзеную бацькам, Дзьмітрыем Браніслававічам Смольскім — хрэстаматыйным кампазытарам-сымфаністам, аўтарам опэры «Францыск Скарына» і араторыі «Паэт». Дарэчы, у канцэрце хоць і гучалі збольшага рыфы і солы Смольскага-малодшага, але ўсе сымфанічныя ўстаўкі — Смольскага-старэйшага.

Хоць Rage сьцьвярджаюць, што яны першыя спалучылі клясычную музыку зь цяжкой — гэта не зусім так. Мэталічная музыка ніколі не хавала сваіх клясычных каранёў. Патрыярхі хард-року Deep Purple ужо ў далёкім 1969 годзе разам зь Лёнданскім сымфанічным аркестрам сыгралі «Канцэрт для гурту з аркестрам». Праўда, пасьля іх выступу ў дыхтоўным «Альберт-Холе» пастанавілі, што ніякіх рок-музыкаў туды больш ня пусьцяць. У 80-х клясычную традыцыю цяжкавікоў перахапіў гітарны хуткастрэл, швэд Інгві Мальмстэен. Ён ужо не выкарыстоўваў клясычных інструмэнтаў, а проста перакладаў для электрагітары творы Баха і Бэтховэна. У пачатку 90-х расеец Віктар Зінчук, выконваючы ў цяжкай манеры ўсе хіты клясычнай музыкі: ад «Паравінаў году» Вівальдзі да «Разьвітаньня з Радзімай» Агінскага, зрабіў на «нэаклясыцы» кар’еру. У 90-ыя быў рух і ў адваротным накірунку, калі камэрны квартэт «Апакаліптыка» перакладалі для віялянчэляў і скрыпак баявікі «Мэталікі» і «Сэпультуры».

Смольскі — запатрабаваны ў сьвеце гітарыст-віртуоз і няўрымсьлівы шукальнік сваёй ігры. Кар’еру пачынаў удома, але на студыі «Песьняроў» для ягонай мэталічных рыфаў было зацесна, і ў 1988 ён заснаваў хард -гурт «Інспэктар», які пасьпяхова гастраляваў па Нямеччыне і 1993 запісала дэбютны альбом «Russian Prayer». Потым Віктар зьехаў у Нямеччыну, дзе паводле ўласных словаў памяняў гуртоў 15 перш чым не далучыўся да Rage. А дакладней, сам ўзяў пад свае тугія скрыдлы гурт, які дасюль сёньня трымаецца дзякуючы музычнаму таленту Віктара. І, відаць, нездарма па-рокерску непрыступны твар саліста Rage Пітэра Вагнэр нечакана расквеціўся ўсьмешкай, калі ён прадстаўляў беларуса, і пачулася пашанотнае «містэр», «містэр Віктар Смольскі». У 2004 годзе Смольскі часова перайшоў да гурту Кіпелава, былога саліста легендарнай хэвімэталічнай «Арыі». Віктар правёў з Кіпелавым некалькі сотняў канцэртаў, узяў удзел у запісы альбому «Реки Времён».

Дзякуй Віктару — у сваіх матляньнях з Захаду на Ўсход і назад, ён не забывае нас і хоць гады ў рады, але задае тут усім мэталічнага перцу зь імберцам. Увогуле кажучы, гэтымі днямі нас чакае добрае такое нямецкае супрацьстаяньне, бо да нас едзе яшчэ адзін гурт — усё ніяк неўміручы Scorpions. Выдае на тое, што на тле посьпехаў сваіх калегаў з Rage, «Скарпы» будуць штомоц даводзіць 7 лістапад ў Менску, што яны пакуль не стачылі свае джалы і здольныя зрабіць вялікую кастрычніцкую рэвалюцыю ў асобна ўзятым Палацы Спорту. Дамачкі, трапячыце!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?