Можна прагназаваць, што афіцыйны Менск выкарыстае эфэкт навіны і перамены для практычных крокаў па нармалізацыі адносінаў. Піша Барыс Тумар.

Амэрыканцы паўтара году прыглядаліся, каб выбраць сабе кіраўніка. Марафон скончыўся. Амэрыканцы нагледзелі сабе першага чорнага прэзыдэнта.

Хто б як да Абамы ні ставіўся, гэта новая эра.
Лёс чалавецтва, атамны чамаданчык і рычагі сусьветнай фінансавай сыстэмы трапілі ў рукі Барака Хасэйна, апошнія расавя бар'еры ўпалі. 50 гадоў таму, на нашай памяці, чорныя ня мелі поўных правоў. Дый ня толькі яны – яшчэ зусім нядаўна ў большай частцы сьвету палітычных правоў, права кіраваць і вырашаць законы ўласнасьці, ня мелі таксама жанчыны. На тым самым гістарычным прамежку адбылася і вялікая дэкалянізацыя: мала хто сёньня задумваецца, што ў Беларусі тутэйшых пачалі прызначаць на галоўныя кіраўнічыя пасады толькі 50 гадоў таму, і толькі 17 гадоў таму беларусы пачалі самі выбіраць свае ўрады. Абама – гэта амэрыканскі вынік усясьветнае перамены спосабаў фармаваньня палітычных элітаў і эмансыпацыі расавых меншасьцяў.

Як абраньне Абамы адаб’ецца на сьвеце?

Сусьветная эканоміка ўвайшла ў трывожны пэрыяд крызісу, сілу і працягласьць якога пакуль няма як прадказаць.
Калі наяўныя фінансавыя падстрахоўкі вытрымаюць, гэта будзе дэпрэсія, супастаўная з 1970‑мі. Калі рэзэрваў акажацца замала, каб кампэнсаваць пераборы глябальнага капіталізму, то можа аказацца, што сьвет стаіць на парозе поўнага пераўладкаваньня сусьветнай гаспадаркі і нават палітычнай сыстэмы. Вялікае падзеньне вытворчасьці здольнае выклікаць беспрацоўе, драмы, галадаморы, крах старых багатыроў і спробы ўратаваньня празь перадзел рэсурсаў – як тое было ў 30‑я гады мінулага стагодзьдзя былі радыкальнай формай таго. Як дасьць рады Абама? Многія ўжо цяпер прымяраюць на яго касьцюм вялікага Рузвэльта. З Абамам зьвязваюць надзею на аздараўленьне эканамічных мэханізмаў. Сам ён абяцаў таксама сапраўдную энэргетычную рэвалюцыю – каб Амэрыка разьвіла ўнутраныя крыніцы энэргіі, перастала імпартаваць нафту, рэзка скараціла энэргаёмістасьць ВУП. Аднак ключавую задачу вынаходжаньня альтэрнатывы вуглевадародам наўрад ці ўдасца вырашыць у валявым парадку.

Ад Абамы чакаюць таксама новае ідэалёгіі для заходняга сьвету, абноўленага духу Захаду, духу прагрэсу на грунце свабоды і адказнасьці індывіда. Асабістая прывабнасьць маладога чыкагца і ягоны бліскучы інтэлект дазваляюць параўнаньні з Кенэдзі.

Амбітны прэзыдэнт ЗША будзе ў любым разе кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі сваёй супэрдзяржавы, і трэба думаць, у чым яны супадаюць зь беларускімі.

Калі Абама зрэалізуе сваю энэргетычную праграму, гэта прысьпешыць вызваленьне Беларусі.
Калі Абама надасьць Захаду новы дух, гэта прысьпешыць вызваленьне Беларусі. Калі ж яму ня ўдасца выканаць свае перадвыбарчыя абяцаньні, гэта зацягне наша вызваленьне.

Пэўныя павароты палітыкі бліжэйшага месяца можна прадказаць зь вялікай доляй імавернасьці.

Ведаючы Лукашэнку, можна прагназаваць, што ён пастараецца максымальна выкарыстаць эфэкт Абамы — эфэкт навіны і перамены, нават калі ні сутнаснай навіны, ні перамены ў замежнай палітыцы Вашынгтону ня будзе.

Можна прагназаваць, што Лукашэнка выкарыстае the change we can believe in для практычных крокаў па нармалізацыі адносінаў. Павысіцца ўзровень дыпляматычных адносінаў між краінамі, вернуцца паслы, будуць адмененыя санкцыі з боку ЗША. Можа адбыцца нават зьмена прапагандысцкага дыскурсу — чаго б не. Адбылося ж тое ў адносінах з Эўропай, а чаму б не з Новай Амэрыкай? Урэшце, ніхто не адмяняў старога прынцыпу крызіснай геапалітыкі: сусед твайго суседа — твой сябар.

Нармалізацыя адносінаў ня проста ўпісваецца ў тактыку лукашэнкаўцаў на гэтым этапе, яна яшчэ і супадае зь перадвыбарнымі абяцаньнямі Абамы,
які настойліва даказваў патрэбу перамоваў і перакананьня дыктатараў. Лукашэнка, здаецца, будзе не адзін такі ў чарзе: сам ганарысты Чавэс працягнуў Абаму руку. Што вы хочаце: эканамісты падлічылі, што бюджэт Расіі выконваецца без сэквэстраў пры цане на нафту 70 даляраў за барэль, Беларусі — пры 82‑х, а Вэнэсуэле трэба аж 90. Сёньня ж цана панізілася да 65, і куды дзяецца пыха дыктатараў. З свайго боку, і Амэрыка сёньня вымушаная дзейнічаць інакш.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?