Калаж з фрагментаў відэа, зробленых дзецьмі ў польскім лагеры

Калаж з фрагментаў відэа, зробленых дзецьмі ў польскім лагеры

Мы цяпер сядзім у чарзе на прыём да псіхатэрапеўта, — распавядае Еўрарадыё Анастасія са Шчучына. — Пасля вяртання з лагера дачка стала вельмі плаксівай. Некалькі дзён ляжыць дома ў піжаме і плача. Яна такой не была».

«Мама, забяры мяне адсюль!»

На пачатку ліпеня дачка Анастасіі і яшчэ 50 дзяцей выехалі з Гродна ў летні лагер недалёка ад польскага горада Ломжа. Паездку арганізавала «Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Дзяцей суправаджалі трое дарослых выхавальнікаў.

Нішто не прадказвала бяды. Ды і ці можа нешта адбыцца ў каталіцкім лагеры? Але бацькі тых, хто адпачываў там, заяўляюць, што ў апошні дзень змены выхавацелька згуляла з іх дзецьмі ў «квэст на выжыванне». А арганізатары лагера ўсё адмаўляюць.

«Адпускаюць са спакойнай душой, — працягвае Анастасія. — Ведаю, што дзеці ездзяць у гэты лагер не першы год. Але літаральна праз два дні пасля прыезду дачка пачала тэлефанаваць і прасіць: «Мама, забяры мяне адсюль!». Я патлумачыла, што нават не ведаю, дзе яны знаходзяцца. Спытала, што здарылася. Яна казала пра жудасную ежу і што ёй перастала там падабацца. Мне падалося, што яна проста капрызіць, таму што ў першы раз так далёка з'ехала ад мамы. Я прасіла напісаць, яна патлумачыла, што баіцца, таму што будзе, як з хлопчыкам, які перапісваўся з мамай, потым у яго забралі тэлефон, пачыталі перапіску і моцна лаяліся».

Тым часам Ксенія, адна з трох выхавальніц, якія суправаджалі дзяцей, пачала пісаць у бацькоўскі Вайбер-чат, што ў лагеры дрэнна кормяць (не даюць ні садавіны, ні гародніны), па вечарах цёмна, няма медработнікаў. Да бацькоў дайшла інфармацыя пра тое, што іх дзеці не кладуцца своечасова спаць, лазяць па дахах дамкоў, замест касцёла ходзяць у басейн і плаваюць там колькі хочуць і калі хочуць.

Скрыны перапіскі выхавальніцы Ксеніі з бацькамі

Скрыны перапіскі выхавальніцы Ксеніі з бацькамі

«Мы маглі ўсе загінуць»

Па словах Анастасіі, усё гэта тлумачылася тым, што выхавацелька Ксенія, ўзбунтаваўшыся супраць прынятых у лагеры строгіх правілаў, вырашыла ўсталяваць свае парадкі.

«Недзе за тры дні да вяртання дадому ў дзяцей была экскурсія па Варшаве, — прыгадвае Анастасія. — Па словах дачкі, цётка Ксюша сказала: у лагеры сувязі з бацькамі больш не будзе, так што, маўляў, развiтвайцеся з імі да суботы. Сама цётка Ксюша папярэдзіла па Вайберы: «Лагер сёння і заўтра скалынецца».

Фота: lomza.caritas.pl

Фота: lomza.caritas.pl

Гэта ўсіх насцярожыла. Пазней, калі пыталася ў дачкі, што адбывалася, даведалася, што Ксенія ладзіла нейкія квэсты, называла дзяцей арлянятамі, арліцамі і абранымі, цалавала ў лоб і ў шчокі. На пытанне, у які час клаліся спаць, дачка адказала — у 2-3 гадзіны ночы. Гэтая Ксенія па поўнай іх вымотвала па начах. Днём яны спалі.

Яшчэ дачка распавядала, што выхавацелька пяцярых хлапчукоў зачыняла у капліцы. Казала, што цётка Ксюша пастаянна была п'яная і частавала алкаголем старэйшых хлопчыкаў і дзяўчат, якім было гадоў па 15-16. Дзеці нібыта кампоцікі папівалі.

Яшчэ ў яе там была «апошняя місія». У апошнюю ноч яна бегала з нажом па лагеры, хацела падпаліць дамкі, дзе жылі дзеці, раскідвала пад імі паперу. Я спытала ў дачкі, ці бачыла яна нож. Яна адказала, што асабіста — не, але ўсе дзеці баяліся, некаторыя дзяўчаты плакалі, таму што бачылі, што яна з ім бегае».

Гэты расказ пацвярджае Еўрарадыё яшчэ адна мама, Наталля. Яе 15-гадовы сын адпачываў у тым жа лагеры, але патрапіў у іншы атрад.

«Кажа, што яны ўсю апошнюю ноч ад яе [выхавацелька Ксенія. — Еўрарадыё] кідаліся, і выхавальнікі таксама. Я пытаюся, маўляў, а дзе была ахова? А ён: усе баяліся. Дзяўчаты сядзелі ў адным доміку, хлопцы іх ахоўвалі. Пакуль адпачываў, нічога мне страшнага не пісаў, але, калі прыехаў, сказаў: «Мы маглі ўсе загінуць. Яна б нас спаліла. Выжылі б толькі 3-4 чалавекі».

Калі дзеці вярнуліся ў Беларусь і распавялі бацькам, што адбылося, тыя забілі трывогу. Гродзенскі сайт s13.ru апублікаваў ананімны ліст з дэталямі таго, што адбылося. Аўтара гэтага ліста нам знайсці не ўдалося, аднак бацькі, з якімі ўдалося паразмаўляць Еўрарадыё, увогуле, пацвярджаюць яго змест. Яны распавядаюць, што іх дзеці сутыкнуліся з неадэкватнымі паводзінамі выхавацеля. Інцыдэнт быў вычарпаны толькі пасля таго, як у лагер прыехала паліцыя.

«Увесь перыяд знаходжання беларускай групы падлеткі паўнавартасна адпачывалі»

Напрыканцы мінулага тыдня Еўрарадыё звязалася з кіраўніцтвам «Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас»» Гродзенскай дыяцэзіі. Там адмовіліся ад падрабязных каментарыяў і сказалі, што рыхтуюць абвяржэнне інфармацыі, якая з'явілася ў прэсе.

«Такога інцыдэнту не было! — запэўнівае намеснік дырэктара «Карытас» Алена Міхайлік. — Дадзеная інфармацыя не адпавядае праўдзе. У нас ёсць дакументальныя пацвярджэнні».

Неўзабаве абвяржэнне было апублікаванае на сайце Сatholic.by:

«Інфармацыя, пададзеная названым рэсурсам [s13.ru. — Еўрарадыё] па пытанні забеспячэння бяспекі знаходжання моладзі з Беларусі падчас адпачынку ў цэнтры «Caritas бліжнім» (г. Ломжа, Польшча) не адпавядае рэчаіснасці. Па дадзеных адміністрацыі арганізацыі, якая запрашае і прымае ў Польшчы, а таксама ўпаўнаважаных органаў Рэспублікі Польшча, ніякія інцыдэнты, якія пагражаюць бяспецы падлеткаў, не мелі месца. Увесь перыяд знаходжання беларускай групы падлеткі паўнавартасна адпачывалі, выконвалася турыстычная праграма.

Выезды дзяцей для адпачынку і ў турыстычных мэтах за мяжу ажыццяўляюцца толькі ў месцы, забяспечаныя ўсімі неабходнымі ўмовамі для знаходжання непаўналетніх. Да выезду непаўналетніх за мяжу прад'яўляюцца асаблівыя патрабаванні, якія знаходзяцца пад пільным наглядам і кантролем.

Публікацыя і распаўсюджванне непраўдзівай і неправеранай інфармацыі з'яўляюцца безадказнымі і недапушчальнымі.

Згаданая публікацыя знеслаўляе гонар і годнасць нашай арганізацыі, названых у распаўсюджанай інфармацыі асоб і парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь».

Сваю пазіцыю кіраўніцтва рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства» Карытас»» Гродзенскай дыяцэзіі падмацоўвае лістом ад «Caritas» Ломжынскай дыяцэзіі (Польшча) і ад паліцыі горада Навогруд, да якога ад лагера каля двух кіламетраў. Сatholic.by паведамляе, што менавіта гэтае аддзяленне паліцыі забяспечвае парадак на тэрыторыі, дзе знаходзіцца цэнтр «Caritas бліжнім».

«Паліцыянты абмежаваліся выклікам на месца хуткай меддапамогі»

Еўрарадыё звязалася з Аленай, адной з трох выхавальнікаў, якія суправаджалі беларускіх дзяцей у лагеры «Карытас». Яна распавяла нам, што дзяцей сапраўды дрэнна кармілі, а на тэрыторыі лагера не працавалі ліхтары. Па словах Алены, у апошнюю ноч у лагер выклікалі паліцыю:

«Гэта здарылася пасля таго, як дзеці пачалі казаць, што ў яе нібыта ёсць нож, а да гэтага яна ўсіх цалавала ў лоб. Да мяне таксама падыходзіла. Сказала: «Калі хочаш выратавацца — бяжы ў каплічку». Яшчэ прасіла перадаць камусьці прывітанне і папярэдзіла: «Вы ўсе сёння апыняцеся там». Дзеці моцна спужаліся».

Па словах выхавальніцы, паліцыю выклікалі бліжэй да поўначы. Неўзабаве пасля яе прыехала карэта хуткай дапамогі. Ксенію павезлі ў Ломжу, каб яе агледзеў псіхіятр:

«Ксюшу забралі, — працягвае Алена. — Я асабіста з ёй ездзіла ў псіхіятрычную бальніцу. Яна ехала ў хуткай дапамозе, я з ксяндзом ў машыне. Мы прыехалі туды, я прысутнічала пры тым, як з ёй размаўлялі. Ксенія казала, што яна святая. У яе пыталіся, у чым гэтая святасць выяўляецца, ці чуе яна нейкія галасы? Яна адказвала: «Я не магу сказаць так, не магу сказаць не». Казала, што арлы выжывуць, каршуны загінуць. Сцвярджала гэта некалькі разоў. Казала, што вельмі хоча піць. Ёй далі — папіла. Потым сказала, маўляў, зрабіце мне ўкол, я хачу спаць.

У лагер я вярнулася недзе ў 01:30. Раніцай зразумела, што апошняя ноч перакрэсліла дзецям усё добрае, што ў іх адбылося за час адпачынку — і конкурсы, і танцы… Яны вярталіся да бацькоў са слязамі».

 У псіхіятрычным аддзяленні Абласной бальніцы горада Ломжы каментаваць сітуацыю адмовіліся. А вось у мясцовым аддзяленні паліцыі пацвердзілі, што атрымлівалі выклік у населены пункт Птакі, у якім знаходзіцца лагер «Caritas бліжнім».

«Пацвярджаю, што паліцыянты аддзела паліцыі ў горадзе Ломжа былі выкліканыя 2018/07/13 ў населены пункт Птакі. Пасля правядзення праверкі паліцэйскія абмежаваліся выклікам на месца хуткай меддапамогі. З нагоды інфармацыі, якая тычыцца лагера, калі ласка, звяртайцеся да арганізатараў», — адказала на пісьмовы запыт Еўрарадыё намесніца прэс-афіцэра Уршуля Бруліньска.

Сабраная намі інфармацыя не дазваляе зрабіць адназначныя высновы аб тым, што адбылося ў лагеры «Caritas бліжнім». Еўрарадыё працягне высвятляць абставіны здарэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?