«Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў 2018 годзе не адбудзецца», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве.

«З лістапада 2017 года па ініцыятыве Арганізацыйнага камітэта, прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, дзяржаўных органаў і іншых зацікаўленых бакоў вялася падрыхтоўчая праца па правядзенні кангрэсу ў Беларусі. Цягам апошніх сямі месяцаў праходзілі плённыя і насычаныя кансультацыі з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасці, грамадскіх арганізацый і іншымі зацікаўленымі бакамі.

Разам з тым,абмеркаванне тэхнічных дэталяў выявіла значную колькасць арганізацыйных складанасцяў. Відавочна, правядзенне кангрэсу на высокім арганізацыйным узроўні з узгадненнем інтарэсаў усіх бакоў патрабуе значна большага часу ды арганізацыйных захадаў і не можа быць рэалізаваным у гэтым годзе.

Мы выказваем удзячнасць усім акадэмічным установам, дзяржаўным органам і грамадскім структурам, якія фармальна і нефармальна падтрымлівалі Арганізацыйны камітэт у яго імкненні ўпершыню правесці кангрэс у Беларусі. Мы таксама разумеем, што многія тэхнічныя і арганізацыйныя перашкоды маюць аб’ектыўны характар і мы не бачым у іх палітычнага падтэксту», — запэўніваюць арганізатары.

«У адпаведнасці з вызначанай раней канцэпцыяй, Арганізацыйны камітэт мае планы правесці наступны Міжнародных кангрэс даследчыкаў ў 2019 годзе за межамі Беларусі і будзе працаваць над падрыхтоўкай кангрэсу ў Беларусі ў 2020 годзе.

У 2018 годзе плануецца толькі наданне прэміі Міжнароднага Кангрэсу даследчыкаў Беларусі за найлепшыя навуковыя публікацыі па выніках 2017 года. Дэталі стануць вядомымі неўзабаве», — дзеляцца планамі ў аргкамітэце кангрэсу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0