Сяргей Пятрухін затрыманы ў двары свайго дому ў Берасьці, яго адвязьлі ў Ленінскі РАУС, паведаміў ягоны сябра Аляксандар Кабанаў. На тэлефанаваньні Пятрухін не адказвае, піша Радыё Свабода.

На затрыманьні прысутнічала ня менш за шэсьць міліцыянтаў, у тым ліку з аўтаматычнай зброяй.

Сяргею Пятрухіну адмовіліся паказаць дакумэнты, паводле якіх яго затрымліваюць — міліцыянт пагадзіўся толькі зачытаць паперы. Раней Пятрухін атрымаў позву ў Берасьцейскі міжраённы сьледчы камітэт, дзе супраць яго распачатая крымінальная справа за абразу. Аднак ніякіх працэсуальных дзеяньняў з блогерам пакуль не праводзілі. Ён ня ведае, у чым канкрэтна яго вінавацяць

Як сьцьвярджае Аляксандар Кабанаў, праваахоўнікі таксама маюць ордэр на агляд кватэры, канфіскуюць тэхніку. Ён мяркуе, што затрыманьне — помста з боку маёра Мікалая Рабушкі.

Маёр узімку вёз Кабанава і Пятрухіна ў суд, тры гадзіны трымаў іх у аўтазаку, дзе было вельмі халодна, «недзе пад 27 градусаў марозу». Пятрухін нядаўна расказаў пра здарэньне ў сацсетках, пісаў, «так нават фашысты ня робяць». Таксама Пятрухін патрабаваў у пракуратуры прывесьці праверку таго факту, Кабанаў уздымаў гэтае пытаньне на сустрэчы з памочнікам Аляксандра Лукашэнкі па Берасьцейскай вобласьці.

Як сказаў Свабодзе берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк, ён не выключае, што затрыманьне Сяргея Пятрухіна можа быць прэвэнтыўным перад масавымі гуляньнямі на Дзень гораду ў Берасьці, якія праходзяць 28—29 ліпеня.

«Ведаю, што затрыманы, але на якой падставе, невядома, — кажа Кісьляк. — Верагодна, гэта прэвэнтыўнае затрыманьне. Магчыма, гэта зьвязана са сьвятамі. Яны прыйшлі правесьці ператрус, ён адмовіўся, яго затрымалі і даставілі».

Праваабаронца прыяжджаў у РАУС даведацца пра лёс Пятрухіна, аднак міліцыянты яго не пусьцілі і выштурхнулі адтуль. Раман Кісьляк паехаў у пракуратуру пісаць заяву аб перавышэньні паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0