Юрэвіч адбірае мяч у Дані. Фота Юліі Дарашкевіч.

Юрэвіч адбірае мяч у Дані. Фота Юліі Дарашкевіч.

Матч БАТЭ з «Зэнітам» прадэманстраваў, што наша каманда пакуль ня ў стане гуляць у Лізе чэмпіёнаў з пазыцыі сілы.

Неаднаразова казалася: «Зэніт» — каманда настрою. У першым тайме думалася, што галоўнае не прапусьціць у першую паўгадзіну, а пасьля будзе лягчэй. Былі спадзяваньні, што БАТЭ можа выкарыстаць тактыку бліцкрыгу на першых хвілінах, як было зь «Ювэнтусам», але не атрымалася.

Уся небясьпека ля варот галкіпэра піцерцаў Вячаслава Малафеева сыходзіла пасьля стандартаў — штрафных, вуглавых. Ужо на 13-й хвіліне Павал Няхайчык пасьля падачы корнэра ўпусьціў ці ня самы выгадны момант за матч.

Але «Зэніт» таксама ня ўражваў. Не было такога шквалу атак, як на «Пятроўскім».

«Зэніт» ня лез на ражон, даючы БАТЭ магчымасьць атакаваць. А вось вяртацца ў абарону ў нашых сілаў хапала не заўсёды. І на 34‑ай хвіліне атрымалася такая вось абрэзка. Піцерцы імгненна перайшлі з абароны ў атаку. Хагуш не пасьпяваў. Выдатны пас Зыранава на Паграбняка, і форварду зборнай Расеі заставалася толькі расстраляць пустую браму.

Фанаты «Зэніту» лікавалі. Як высьветлілася, яны былі амаль на кожным сэктары (і як толькі атрымалася пралезьці?). Былі запаленыя фаеры, а таксама дымавухі. Напэўна, БАТЭ атрымае ад УЭФА за гэта штраф. Увогуле, варта адзначыць, што заўзятары «Зэніту» стварылі для сваёй каманды цудоўны фон. Чаго ўжо хаваць, некалькі тысяч гасьцей перакрыквалі запоўнены беларусамі стадыён.

Частка месцаў была не запоўненая. Напэўна, некаторыя пабаяліся халадоў. Што значыць, калі білеты трапляюць у рукі не заўзятарам, а па разьмеркаваньні на прадпрыемстве.

Напрыканцы другога тайму Няхайчык і Сасноўскі маглі адыгрывацца, але зноў не пашанцавала. Варта таксама адзначыць досыць грубую гульню піцерцаў у першым тайме, але судзьдзя даў толькі адну жоўтую картку Пюйгрэнье.

У другім тайме мудры Адвакаат абраў тактыку гульні ад абароны. БАТЭ ўпершыню ў турніры аказалася ў ролі каманды, якая павінна была дзейнічаць першым нумарам. Чаго крывіць душой — не атрымалася.

Небясьпека ля брамы «Зэніту» ўзьнікла ўсяго пару разоў. Яшчэ было некалькі пэрспэктыўных штрафных, якія былі бяздарна выкананыя. «Зэніт» на контратаках выглядаў больш небясьпечна.

Пюйгрэнье ж дагуляўся да выдаленьня, сфаліўшы на Радзівонаве. Ганчарэнка пайшоў ва‑банк, выпусьціўшы другога нападніка Мірчава, а пасьля ўвогуле перабудаваўся на гульню ў тры абаронцы, замяніўшы Хагуша на Сівакова. Гэта таксама не дало вынікаў.

На чацьвёртай дададзенай арбітрам хвіліне партугалец Даньні падвоіў лік. Зрэшты, гэты гол нічога не вырашаў.

У двух астатніх матчах БАТЭ будзе надта цяжка заваяваць пуцёўку, хаця б у Кубак УЭФА. Але мы павінны быць удзячныя камандзе ўжо за тое, што маем.

***

Турнірнае становішча: Ювэнтус -- 10 (7-3), Рэал - 6 (5-5), Зэніт (4-4), БАТЭ - 2 (3-7).

«Ювэнтусس датэрмінова выйшаў у 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў.

25 лістапада гуляюць БАТЭ - «Рэал», «Зэніт» - «Ювэнтус».

Зьміцер Панкавец

Глядзі яшчэ:
Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч
Вынікі серады
Ліга чэмпіёнаў. Вынікі аўторка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0