Арыгінальная ілюстрацыя да кнігі «Хаціна дзядзькі Тома».

Арыгінальная ілюстрацыя да кнігі «Хаціна дзядзькі Тома».

Посьпех Барака Абамы мае ня толькі палітычныя складнікі, але і культурныя. Яго карані палягаюць у разьвіцьці афраамэрыканскай культуры, літаратуры, якія вядуць свой радавод ад часоў рабства.

Гэтая літаратура ня толькі агучыла і прэзэнтавала голас чорнай грамады, але і падсьцябнула ўсю Амэрыку думаць шматкультурна. Бачыць сябе як шматрасавую краіну, дзе ёсьць адрознасьць паміж людзьмі, і дзе кожны мае сваю адметнасьць.

Я таксама Амэрыка

Афраамэрыканская літаратура пачала сваю хаду ў пэрыяд рабства ў выглядзе дзёньнікаў і аповедаў, якія пісалі рабы і рабыні. Найвялікшы посьпех у тыя часы мела аўтабіяграфія вольнаадпушчаньніка Фрэдэрыка Дагласа: «Амэрыканскі раб: гісторыя жыцьця». Кніга зьявілася ў 1845 годзе і ўвадначасьсе зрабілася бэстсэлерам. Хоць яе ўплыў на грамадзтва, гісторыкі, збольшага белыя людзі, ня бралі пад увагу. Толькі ў 60-х гадах ХХ стагодзьдзя, калі пачалася барацьба за правы чалавека і паўсталі афраамэрыканскія асяродкі інтэлектуалаў, пачалі вывучаць падобную літаратуру і яе ўзьдзеяньне на амэрыканскую грамадзкую думку.

«Я нарадзіўся ў Такага, ля Гілсбара, якіх два дзесятка міляў ад Істану, акруга Талбот, Мэрылэнд. Я дакладна ня ведаю, колькі мне гадоў, бо ніколі ня бачыў ніякіх паперак, у якіх пісалася, калі я нарадзіўся. Уласна кажучы, пераважная большасьць рабоў ведае колькі ім гадоў ня лепей за коней. Наколькі мне вядома, гаспадары хочуць, каб іхнія рабы зусім ня думалі пра гэта. Ня памятаю я таксама, каб мне хоць калі сустрэўся раб, які дакладна ведаў, калі нарадзіўся».

Аўтабіяграфія Дагласа нароўні з творам Гарыет Бічэр-Стоў «Хаціна дзядзькі Тома» — вяха ў гісторыі Амэрыцы. Кніга вярнула чорнай грамадзе веру ў свае здольнасьці, а белыя амэрыканцы пачалі лепей разумець душу раба, які нядаўна выслабаніўся ад прыгону. Больш за тое, Даглас сьцьвердзіў, што супраціў рабству прывядзе Злучаныя Штаты да спраўджваньня ідэі роўнасьці, да сапраўднай, шырэйшай дэмакратыі, якая захопіць нават людзей з узбочыны грамадзтва.

Гарлемскі Рэнэсанс

Пасьля скасаваньня рабства расавае адасабленьне (сэгрэгацыя) па-ранейшаму існавала, але на пачатку ХХ стагодзьдзя на Поўначы, пераважна ў Нью-Ёрку, ужо сфармавалася сярэдняя кляса, складзеная з афраамэрыканцаў. Чорная культура пачала рабіцца ўсё папулярнейшай. Адзін зь яе прадстаўнікоў — паэт, драматург і празаік Ленгстан Г’юз (1902-1967), які ці ня першы сярод афраамэрыканцаў атрымаў званьне ганаровага доктара ва ўнівэрсытэце Гарвард. «Я таксама Амэрыка», — шакаваўшы многіх, пракрычаў ён на ўсе Штаты ў сваім знакамітым вершы, ня ведаючы, што многа год пасьля яго Барак Абама ў той ці іншай форме, таксама ашаломляючы, заяўляцьме: «Я таксама здольны кіраваць Амэрыкай».

У 60-я гады пасьля пастановы Вярхоўнага суду ЗША расавае адасабленьне скончылася і пачалася масавая міграцыя афраамэрыканцаў у паўночныя гарады ЗША. Нэалібэральная палітыка 80-х значна адбілася на мабільнасьці чорнага насельніцтва, а белы нацыяналізм ўзмацніўся. Чорныя супольнасьці, якія пасьля барацьбы 60-х датуль толькі дужэлі, цяпер гібелі ў выніку скарачэньня датацыяў і спаўзалі ў злачыннасьць. У чорныя кварталы прыйшоў крэк, какаін, і сабраў свой багаты плён. Крымінальныя банды пачалі панаваць у раёнах беднаты ў вялікіх гарадах. Заняпад у побыце афраамэрыканцаў прывёў таксама да заняпаду ў «чорнай» культуры. Веру ў грамадзкія перамены чорнай грамадзе вярнуў прыход да ўлады Біла Клінтана ў 90-я. Сам Клінтан заўсёды ўзгадняў сваю палітыку з афраамэрыканскай грамадой. Вядомы выпадак, калі і ў адной са сваіх штодзённых прабежак ён апрануў майку зь літарай Х, гэтак сьвядома рэклямуючы фільм, які тады выйшаў на экраны, пра лідэра чорнага руху, праваабаронцу, мусульманіна (і тут сувязь з Абамам!) Малькальма Экса, «Малькальм X».

Некалькі гадоў пасьля абраньня Клінтана, у 1993, Тоні Морысан, афраамэрыканская пісьменьніца, атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Яе прызнаньне выклікала цікаўнасьць да чорнай літаратуры ўвогуле, ад моманту яе паўставаньня. Творы Морысан — найскладанейшыя з напісанага ў амэрыканскай літаратуры. Морысан займаецца душой чорнага чалавека і яго жаданьнем пазбыцца зданяў клятай мінуласьці і цяжкай цяпершчыны. У адным сваім эсэ яна заклікае да больш глыбокай ацэнкі адносінаў паміж расамі ў ЗША і ў пэўнай ступені дыстанцыюецца ад галасоў, якія заклікаюць да расавага адзінства, нават сярод чарнаскурых. «Здаецца, менавіта цяпер можна і трэба размаўляцць на тэмы расы і гендэру без перашкодаў, змоўчваньняў і сарамлівых перапынкаў у гутарцы. Ужо, відаць, усім зразумела, што чорныя людзі думаюць па-рознаму і зразумела, што мінуў час дзяленьня на сваіх, чорных, і чужых — белых.

Морысан яшчэ раз раз сьцьвердзіла, што выбітны палітычны чын мае свой падмурак у культуры. Дарэчы, у перадвыбарчай гонцы яна адкрыта падтрымала Абаму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?