У Мёрах збіраюцца пабудаваць міжраённы медыцынскі цэнтр з нямецкімі інвестыцыямі і тэхналогіямі. Гаворка пра гэта ішла падчас наведвання Аляксандрам Лукашэнкам Мёрскай цэнтральнай раённай бальніцы, перадае БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся там з беларускім бізнэсменам Аляксеем Кавалёнкам, дзякуючы якому ў горадзе пачалі ўзводзіць унікальны прамысловы аб'ект з прыцягненнем нямецкіх інвестыцый і па нямецкіх тэхналогіях — Мёрскі металапракатны завод.

Прадпрымальнік прапанаваў пабудаваць у Мёрах падобным чынам яшчэ адзін аб'ект — высокатэхналагічны кардыялагічны цэнтр па нямецкіх стандартах. Ён будзе створаны для аказання экстранай і планавай спецыялізаванай дапамогі насельніцтву бліжэйшых раёнаў і экспарту медыцынскіх паслуг замежным грамадзянам.

«З бюджэту на будаўніцтва нічога не трэба, усё будзе пабудавана замежным партнёрам, кіраванне будзе замежнае. Такіх няма ні ў нас, ні ў Расіі, ні ў Казахстане», — адзначыў Аляксей Кавалёнак.

Аляксандр Лукашэнка адказаў, што вывучыў гэты праект. «Калі мы будзем у цябе лячыць людзей, якія не могуць заплаціць, мы за іх будзем плаціць», — сказаў Лукашэнка. Разам з тым ён падкрэсліў, што цэны павінны быць узважанымі. «Калі мы будзем бачыць, што нам гэта прапануюць для таго, каб зарабіць вялікія грошы (не думаю, што гэта так), мы адмовімся ад паслуг, таму што ў нас хапае, дзе лячыць людзей», — сказаў ён.

Праектыроўшчыкам і пастаўшчыком абсталявання, калі рашэнне аб будаўніцтве медцэнтра будзе прынята, стане нямецкая кампанія KBV GmbH & Co. KG з больш як 40-гадовым вопытам працы ў сферы аховы здароўя. Плануецца, што інвестыцыі складуць амаль 77 мільёнаў еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0