Колішняя першая намесніца Адміністрацыі прэзідэнта, «жалезная лэдзі» беларускай палітыкі Наталля Пяткевіч, якая з 2006 году знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, засвяцілася ў Нью-Ёрку. 

Фота ў сваім твітары выклаў адзін з амерыканскіх чыноўнікаў, па іроніі — дарадца па пытаннях правоў чалавека Раві Батра, які, мяркуючы па яго допісах, трымаецца жорсткай лініі ў дачыненні да Расіі. 

На фота можна ўбачыць саму Наталлю Пяткевіч, яе мужа — кіраўніка беларускага прадстаўніцтва ў ААН Валянціна Рыбакова, сына Пяткевіч — Філіпа, а таксама амерыканскіх паліцэйскіх. 

Фота зроблена 27 ліпеня. 

Наталля Пяткевіч па-ранейшаму застаецца пад амерыканскімі санкцыямі. Аднак лятаць да мужа ўсё адно можа праз прававую калізію — фармальна Рыбакоў можа запрасіць яе да сябе па лініі ААН, а не ў ЗША як дзяржаву.

Адзінае, што Пяткевіч не зможа карыстацца за акіянам выгодамі, якія патрабуюць ідэнтыфікацыі асобы, кшталту атрымання пасведчання кіроўцы ці адкрыцця рахунку.

Некалі Пяткевіч абуралася стаўленнем да яе ў амерыканскіх аэрапортах у інтэрв'ю «Рускай Амерыцы»: 

«Пасля прыбыцця ў аэрапорт Кэнэдзі мяне загналі ў адстойнік. Я маю дыпламатычны пашпарт, з'яўляюся высокай службовай асобай суверэннай дзяржавы, а мяне каля гадзіны трымалі ў адстойніку разам з пасажырамі з Афрыкі і іншых краін, у якіх былі сур'ёзныя праблемы з дакументамі», — казала яна. 

Але выглядае, што на гэты раз Пяткевіч перабралася да мужа надоўга — той жа Батра ў сваім твітары посціў фота з вечарыны ў гонар «далучэння Наталлі да мужа».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?