Віцэ-спікер Савета Рэспублікі Марыяна Шчоткіна нарэшце дабудавала дом на вуліцы Вербнай у Мінску. Яна атабарылася ў раёне Вяснінка («Дразды-2») на ўскрайку сталіцы. Участкі тут выдзяляліся лукашэнкаўскай эліце ў пачатку 2010-х.

Марыяна Шчоткіна. Фота Сяргея Гудзіліна.

Марыяна Шчоткіна. Фота Сяргея Гудзіліна.

Марыяна Шчоткіна атрымала свае элітныя 11 сотак у пажыццёвую спадчыну яшчэ ў верасні 2012 года. Тады яна была міністрам працы і сацыяльнай абароны. На якіх умовах ёй дастаўся надзел, невядома. Адпаведныя рашэнні Мінгарвыканкама не трапляюць у свабодны доступ.

Аднак нядаўна спартсменка Аляксандра Герасіменя, якая атрымала зямлю ў Драздах-2 адной з апошняй, расказала пра механізм: за такія надзелы плаціць не трэба ўвогуле нічога, гэта своеасаблівы падарунак ад дзяржавы. На рынку такі пусты ўчастак каштуе $400—500 тысяч.

Чытайце таксама. Як настаўніца з Запаляр’я ганяе беларускіх дармаедаў: гісторыя жыцця Марыяны Шчоткінай

Сям'я Шчоткіных узвяла катэдж плошчай больш за 400 квадратных метраў. Як ацэньваюць збудаванне спецыялісты?

Архітэктарка Аляксандра Баярына пагадзілася выказаць меркаванне наконт пабудовы.

«Даволі просты аб'ём будынка аброс выпадковымі па форме прыбудовамі і ганкамі, што сведчыць пра тое, што архітэктара тут асабліва не слухалі.

З эстэтычнага і эканамічнага пунктаў гледжання перад намі «залатая сярэдзіна абывацеля»: светлыя цёплыя сцены, коўка класічнага рысунку, эканом-агароджа ад суседзяў, двухколеравае развязанне ўсёй «гаспадаркі», газон і туі, тратуарная плітка 10х20, — расказвае яна. — 

Рамы вокнаў не белыя, а гэта сведчыць пра тое, што заканчвалі будаваць дом не так і даўно. Быў пэўны час, калі карычневыя рамы перамаглі белыя. Тым не менш размяшчэнне і форма вокнаў падказваюць, што праект яшчэ той, стары, які прыйшоў на змену «замкавай» архітэктуры катэджаў.

Даказвае гэта і вышыня цокаля — аж 9 прыступак. Камфортнай гэтую вышыню не назваць.

Раней было прынята так будаваць, а сёння архітэктар падобнае не прапануе нават дзясятым варыянтам».

Аляксандра Баярына здзівілася выгляду пліткі: кідаецца ў вочы яе мурзатасць і рэдкі варыянт раскладкі. Архітэктарка выказвае здагадку, што плітка была ў выкарыстанні. Маўляў, яна магла быць перавезена з іншага аб'екта, і ўжо па месцы будаўнікі вырашалі, як раскладваць адценні.

«Што тычыцца дэталяў, то відаць — пабудаваць шэдэўр мэты не было: несіметрычна змантаваная агароджа балкона, каркасы навесаў не пасуюць да коўкі, тонкія апоры-запалкі на ганках, празрысты пластык над уваходамі, комін аздоблены пад дах, а не пад сцены, дзверы пад лесвіцамі, дзверы рознай вышыні, гуллівыя трубы, што выглядваюць з коміна, блок кандыцыянера яўна дададзены ўжо пасля…» — працягвае Аляксандра Баярына.

«Сучасныя тэндэнцыі архітэктуры і дызайна дазваляюць больш граматна засвоіць бюджэт аб'екта падобнага памеру. Усіх вышэй апісаных недахопаў магло не быць і гэта не каштавала б больш. У чарговы раз хочацца заклікаць замоўцаў давяраць архітэктарам і карыстацца іх вопытам і ведамі», — падсумоўвае яна.

Чытайце таксама. Марыяна Шчоткіна абараніла кандыдацкую дысертацыю з сусветным рэкордам — рэпартаж

Раней сям’я Шчоткіных жыла ў сталічным раёне Кунцаўшчына. Тут ім належыць трохпакаёўка плошчай больш за 90 квадратных метраў.

Цікава, што паводле шлюбнай дамовы ў выпадку чаго дом у Драздах-2 застаецца віцэ-спікерцы Савета Рэспублікі, а кватэра на вуліцы Ляшчынскага — яе мужу.

Дом на вуліцы Ляшчынскага.

Дом на вуліцы Ляшчынскага.

59-гадовы Сяргей Шчоткін — бізнэсмен. Ён узначальвае прадстаўніцтва кампаніі, якая з’яўляецца дылерам МАЗ, МТЗ, МЗКТ і іншых заводаў.

Дарэчы, муж віцэ-спікера Савета Рэспублікі паходзіць з тых жа краёў, што і яна, — з Мурманскай вобласці Расіі. Знаёмыя сям'і кажуць, што Сяргей і Марыяна былі аднакласнікамі ў севераморскай школе.

Непадалёку ад адной кватэры ў Шчоткіных ёсць і другая — у новым раёне Дамброўка. Тут, менш чым за кіламетр ад старой бацькоўскай кватэры, пасяліўся 35-гадовы сын Андрэй. У яго таксама трохпакаёўка плошчай больш за 90 квадратных метраў.

Дом на вуліцы Алеся Гаруна.

Дом на вуліцы Алеся Гаруна.

Марыяна Шчоткіна

Нарадзілася 20 лістапада 1958 на востраве Кільдын Мурманскай вобласці Расіі. Вучылася ў школе ў Севераморску. Скончыла Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Жданава па спецыяльнасці «фізіка» (1982), Акадэмію кіравання (2007). Кандыдат сацыялагічных навук

У 1982—1986 працавала інжынерам ВА «Інтэграл», інжынерам філіяла Акустычнага інстытута імя М. Андрэева ў Севераморску.

У 1986 пераехала ў Мінск. Зрабіла кар'еру ў адукацыі — настаўніца фізікі, намесніца дырэктара школы, дырэктарка школы, начальніца ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска.

У 2003—2005 — намесніца кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска, у 2005—2007 — старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.

З 2007 года намесніца, першая намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны.

У 2009—2016 — міністр працы і сацыяльнай абароны.

З 2016 — віцэ-спікер Савета Рэспублікі.

Замужам, мае сына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?