Правільна пішуць у каментарах: гэта яшчэ не трыццаць сёмы. Гэта трыццаты. Тады яшчэ на допытах не білі, і нават, як успамінае Мікола Улашчык, іншы раз той, каго дапытвалі, хапаў за грудкі таго, хто дапытваў. Тады яшчэ людзі віталі арышты сваіх калег не з-за страху, а таму, што ім было зларадасна - ну, ці яны сапраўды лічылі, што бяруць «за справу». Тады і даносы пісаліся не з-за страху, а свядома - ціпа за праўду. І таксама нармальным людзям станавілася ўжо няёмка і непрыемна ад таго, што адбываецца, і некаторыя нават пісалі адкрытыя лісты і хадзілі па кабінетах прасіць вызвалення калегам, і таксама тым, хто першым пападаў пад каток, было зусім незразумела, як сябе цяпер паводзіць, і яны хто пагаджаўся супрацоўнічаць, хто спрабаваў лавіраваць, хто пісаў пакаянную.

Мы абсалютна нічым не адрозніваемся ад тых людзей ў трыццатым. Раней мне падавалася, што чалавецтва неяк пасталела за дваццатае стагоддзе - але не. І чалавецтва не пасталела, і таталітарныя рэжымы жывуць і развіваюцца па адных і тых жа законах. У трыццаць сёмым людзі адчувалі, што жывуць у вар'ятні, яны гэтаксама не разумелі, што адбываецца, як сёння не разумеем іх мы.

І не магу я ўратаваць сябе ад жудаснага, але выразнага пачуцця, што я назіраю за гэтым усім з дуракаватай нейкай цікавасцю і ідыёцкай надзеяй, што, назіраючы на свае вочы, я зразумею нарэшце, як яно адбываецца. Як гэта можа быць: каб чалавек, страціўшы чалавечае, пісаў заявы ў СК, плявузгаў на няшчасных маці, якіх кінулі за краты, адчуваў зларадства, калі калегі ў турме, сядзеў на працоўным месцы і вёў усе гэтыя допыты з поўным адчуваннем сваёй праўды і сур'ёзнасці - і ўсё гэта кацілася б у вар'ятню.

І яшчэ хацелася б зразумець, як гэта ўсё спыніць на гэты раз.

Гэта вельмі, вельмі дрэнны знак для нас усіх, што замест масавых гучных звальненняў з БелТА мы сёння маем словы гэтага чалавека з нейкага дзяржаўнага СМІ. Не хачу запамінаць ані імя ягонага, ані СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?