Маскоўскі абласны суд прысудзіў да пажыццёвага зняволення чатырох членаў «банды ГТА», яшчэ адзін атрымаў 20 гадоў строгага рэжыму, піша rbc.ru.

Усе яны прызнаныя вінаватымі ў забойстве 17 чалавек на падмаскоўнай трасе.

Раней на лаве падсудных былі дзевяць чалавек, але чацвёра загінулі ў выніку перастрэлкі ў судзе ў жніўні мінулага года.

Працэс цягнуўся каля двух гадоў.

Члены банды, як прызнаў суд, у 2012—2014 гадах здзейснілі 14 нападаў на аўтамабілістаў на трасе М-4 «Дон» у Маскоўскай вобласці. Злачынцы спынялі аўтамабілі з дапамогай раскладзеных на дарозе шыпоў, расстрэльвалі пасажыраў і рабавалі іх. Усяго былі забітыя 17 чалавек, яшчэ сямёра пацярпелых ад нападаў выжылі.

Назва «банда ГТА» замацавалася за групоўкай па аналогіі з камп'ютарнай гульнёй Grand Theft Auto (GTA), герой якой рабуе і забівае кіроўцаў.

Злачынцаў затрымалі ў лістападзе 2014, пры гэтым меркаваны лідар банды быў забіты. Банду выявілі на загарадным участку супрацоўніка Генпракуратуры РФ. Той пазней даў следству паказанні, што здаваў аднаму з бандытаў у арэнду гаспадарчую пабудову, не ведаючы, чым той займаецца.

Абвінавачванне прыйшло да высновы, што бандыты мелі выключна карыслівы матыў — яны зганялі аўтамабілі забітых, выкрадалі грошы і каштоўнасці; агульны кошт скрадзенага склаў не менш за 17 млн руб.

Грошы былі патрэбныя членам банды, каб зладзіць узброены пераварот ва Узбекістане, — гэта, як пісала «Новая газета», вынікала з вывучаных судом матэрыялаў следства.

Па меншай меры аднаго з членаў банды ва Узбекістане пераследавалі за экстрэмізм, ён навучаўся ў Пакістане ў спецыялізаваным лагеры ў групе ісламскага джыхаду, як вынікала з яго паказанняў. Падчас трэніровак бандыты стралялі па мішэнях з фатаграфіяй прэзідэнта Іслама Карымава, пісала «Новая газета».

На думку баевікоў, прэзідэнт «давёў краіну да галечы».

Адвакаты абвінавачаных настойвалі, што іх падабаронныя здзяйснялі напады не па сваёй волі — лідар банды прымушаў іх да злачынстваў, пагражаючы забойствам.

1 жніўня мінулага года члены банды зладзілі перастрэлку з сілавікамі проста ў будынку суда, куды іх даставілі на чарговае пасяджэнне.

Насуперак інструкцыі пяцярых абвінавачаных суправаджалі ў суд ўсяго двое канваіраў, адна з якіх — жанчына; у залу пасяджэнняў іх везлі на ліфце.

Бандыты напалі на паліцэйскіх і завалодалі іх зброяй. Канваіры змаглі выклікаць падмацаванне. Калі ліфт прыбыў на трэці паверх суда, супрацоўнікі Расгвардыі адкрылі агонь па ўзброеных абвінавачаных. Трое загінулі на месцы. Яшчэ двое былі шпіталізаваныя, адзін з іх памёр у бальніцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0