З візітам у Мінску пабываў адзін з самых уплывовых людзей Расіі, гендырэктар карпарацыі «Ростэхналогіі» Сяргей Чэмезаў. Ён прапанаваў Лукашэнку стварэнне супольных прадпрыемстваў.

Беларусь бачыць вялікія перспектывы супрацоўніцтва з расійскай дзяржаўнай карпарацыяй «Ростэхналогіі», заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада на сустрэчы з генеральным дырэктарам карпарацыі Сяргеем Чэмезавым.

Расійская дзяржаўная карпарацыя «Ростэхналогіі», створаная ў лістападзе 2007 года, аб’ядноўвае больш як 400 прадпрыемстваў самага шырокага спектру — ад металургіі, цяжкага машынабудавання, хіімі да авія‑ і прыборабудавання.

«Ваша карпарацыя ўяўляе вялікую цікавасць, бо займаецца прыкладна тым жа, чым 85% эканомікі нашай краіны. Нам вельмі выгаднае супрацоўніцтва з Расіяй па гэтых кірунках», — цытуе А.Лукашэнку ягоная прэс‑служба.

Як падкрэсліў ён, існуе двухбаковая зацікаўленасць у тым, каб пачаць глабальнае супрацоўніцтва з карпарацыяй «Ростэхналогіі». «Нас цікавіць структураванне вашай карпарацыі. Гэта вельмі выгадна і важна, па‑першае, таму што гэта пэўны вопыт, а па‑другое, нашы прадпрыемствы маюць магчымасць напрамую кантактаваць з вамі», — зазначыў А.Лукашэнка.

Цяпер цэлы шэраг буйных беларускіх заводаў і навукова‑вытворчых аб’яднанняў падтрымліваюць устойлівыя кааперацыйныя сувязі з прадпрыемствамі «Ростэхналогіі», зазначыў А.Лукашэнка. Паводле яго слоў, у прадпрыемстваў ёсць жаданне падтрымліваць гэтыя кантакты для развіцця кааперацыйных сувязей і надалей. На ягоную думку, для гэтага «неабходны дадатковы імпульс, сігнал да супрацоўніцтва».

Кажучы пра сусветны фінансавы крызіс, А.Лукашэнка зазначыў, што «гэта момант, калі павінны прымацца самыя сур’ёзныя рашэнні, калі павінна быць большая лібералізацыя эканомікі і большая свабода, каб выйсці з крызісу». Ён таксама дадаў, што ў Беларусі дзяржава не губляе пры гэтым эканамічны руль праўлення.

У сваю чаргу Сяргей Чэмезаў падкрэсліў, што кірункі супрацоўніцтва паміж беларускімі і расійскімі прадпрыемствамі разнапланавыя — ад узаемадзеяння ў абароннай прамысловасці да супрацоўніцтва ў грамадзянскім аўтамабілебудаванні, і «ўжо наспела неабходнасць, якая прымушае аб’ядноўвацца».

Каментуючы вынікі сустрэчы, генеральны дырэктар «Ростэхналогіі» зазначыў, што расійская карпарацыя прапанавала Беларусі стварыць сумесныя прадпрыемствы. «Для нас, напрыклад, вельмі цікавы МАЗ, Мінскі завод колавых цягачоў, — сказаў ён. — Хацелася б ствараць сумесныя вытворчасці, але не для таго, каб канкурыраваць паміж сабою на агульным рынку, а размяркоўваць яго, каб мы маглі канкурыраваць з еўрапейскімі, амерыканскімі, кітайскімі кампаніямі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?