Васіль Бульбянкоў, фота kp.by

Абавязкі начальніка ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі часова выконвае Васіль Бульбянкоў. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

Аляксандр Мендзелеў, які ўзначальваў гэту службу з пачатку 2006 года, адхілены ад займанай пасады. Калі было прынята такое рашэнне, карэспандэнту БелаПАН ва ўпраўленні ДАІ паведаміць не змаглі. Паводле наяўнай інфармацыі, гэта магло адбыцца ледзьве не паўтара месяца таму, аднак стала вядома толькі цяпер.

В.Бульбянкоў у 2004 — пачатку 2008 года ўзначальваў упраўленне Дзяржаўтаінспекцыі ГУУС Мінгарвыканкама. Затым стаў намеснікам начальніка рэспубліканскай ДАІ.

Аб прычынах адстаўкі А.Мендзелева 11 лістапада паведаміў на старонках «Советской Белоруссии» міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў.

«Арганізацыя асветы на ўсіх узроўнях — задача, з якой не справілася ранейшае кіраўніцтва ДАІ, за што яе начальнік і быў адхілены ад пасады», — сказаў У.Навумаў.

Паводле яго слоў, захоўваючы кантралюючыя функцыі, сёння ДАІ павінна выступаць яшчэ і арганізатарам, займацца раннім папярэджаннем аварыйнасці. «Напрыклад, калі асвета вадзіцеляў яшчэ больш‑менш вядзецца, то пешаходы правілаў амаль не ведаюць і не выконваюць, да сваёй бяспекі ставяцца безадказна, — канстатаваў міністр унутраных спраў. — Вядома, выпраўляць гэтую сітуацыю варта на ўзроўні школ і прадпрыемстваў, але арганізаваць такую работу павінна менавіта Дзяржаўтаінспекцыя». Кіраўнік МУС упэўнены, што «выскакваць з жэзлам наперарэз вадзіцелю, які перавысіў хуткасць, — справа ўчарашняга дня, сёння больш важна зрабіць так, каб у вадзіцеля нават не ўзнікла намеру перавысіць хуткасць».

Міністр таксама паведаміў, што новая кандыдатура на пасаду кіраўніка ўпраўлення ДАІ МУС яшчэ не разглядалася.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0