Бараўлянскі аддзел Менскага РУУС пачаў крымінальную справу адносна двух маладзёнаў, затрыманых у Курапацкім лесе 1 лістапада.

Яны падазраюцца ў зьнішчэньні крыжоў.

Пра гэта паведаміў начальнік сьледзтва Ігар Барадач.

Справа распачатая паводле артыкулу 344 (наўмыснае пашкоджаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў), яе вядзе сьледчая Бараўлянскай міліцыі Алена Хільчук.

Спн. Хільчук пацьвердзіла, што крымінальная справа распачатая і вядзецца сьледзтва. Менавіта ў момант тэлефанаваньня яна праводзіла допыт падазраваных.

Двое падлеткаў, падазраваных у гэтай крымінальнай справе, ад сёньняшняга дня будуць знаходзіцца ў камэры сьледчага ізалятара.

Кіраўнік сьледчага аддзелу Ігар Барадач паведаміў "Свабодзе":

"Гледзячы на іхны выгляд, я б не казаў, што яны фашысты. Нармальныя на выгляд хлопцы. Што іх падштурхнула?.. Яны катэгарычна адмаўляюцца, што датычныя да гэтага. Кажуць, што праходзілі міма, а хто ламаў крыжы, ня ведаюць.

Хаця тыя, якія іх затрымалі, канкрэтна на іх паказваюць.

Цягам аднаго дня сьледзтва не правядзеш. Трэба выехаць на месца. Потым правядзем сьледчы экспэрымэнт. Потым будзем даваць прававую ацэнку. Адбіткі пальцаў на дрэве не застаюцца.

Пакуль мы нікога не абвінавачваем. У нас ёсьць падазраваныя, і яны будуць сёньня затрыманыя. Гэта цяжкае злачынства.

Там нават прадугледжана пазбаўленьне волі ад трох да дванаццаці гадоў".
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?