Недзяржаўная рэгіянальная газэта «Борисовские новости» 11 лістапада атрымала папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі.

Паводле папярэджаньня, падпісанага 4 лістапада першай намесьніцай міністра інфармацыі Ліліяй Ананіч, падставай для санкцыі стаў артыкул «Бал сатаны, или третье пришествие Гуминского» (нумар «БН» ад 02.10.2008 г.). Папярэджаньне вынесена па артыкуле 32 Закону «Аб друку і іншых СМІ», які прадугледжвае права грамадзян праз СМІ праўдзівых зьвестак.

Як паведаміла Мінінфармацыі, 31 кастрычніка ў міністэрства паступіла скарга з Цэнтрвыбаркаму краіны, датычная гэтай публікацыі. «З названага ліста вынікае, што асобныя зьвесткі, прыведзеныя ў публікацыі, з’яўляюцца недакладнымі», — піша Л. Ананіч.

У спрэчнай публікацыі, прысьвечанай вынікам парлямэнцкіх выбараў у Барысаўскай выбарчай акрузе № 62, расказвалася пра верагодныя парушэньні на выбарчых участках.

Напрыканцы кастрычніка рэдактар і заснавальнік газэты «Борисовские новости» Анатоль Букас — былы кандыдат у дэпутаты палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня — па запатрабаваньні Мінінфармацыі ўжо мусіў пісаць тлумачэньне па зьмесьце гэтага артыкула.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?