Заходнія банкі практычна цалкам закрылі ліміты непакрытага фінансавання беларускіх банкаў пасля звароту ўладаў у МВФ за крэдытам.

Аб гэтым паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на прадстаўніка аднаго з беларускіх банкаў.

«Пасля інфармацыі аб звароце Беларусі ў МВФ за крэдытам, заходнія банкі, тыя, якія яшчэ працягвалі з намі працаваць, практычна імгненна прынялі рашэнне аб закрыцці непакрытых лімітаў на беларускія банкі», — сказаў прадстаўнік банка.

Ён удакладніў, што заходнія банкі закрылі свае непакрытыя ліміты на большасць беларускіх банкаў яшчэ ў верасні гэтага года ў сувязі з уласным крызісам ліквіднасці. Шэраг замежных банкаў у верасні‑кастрычніку працягваў працу на непакрытай аснове толькі з двума найбуйнейшымі беларускімі дзяржбанкамі — Беларусбанкам і Белаграпрамбанкам, адзначае АФН.

Пасля звароту Беларусі за рэсурснай падтрымкай у МВФ непакрытыя ліміты з боку заходніх банкаў былі закрытыя і на гэтыя беларускія банкі, канстатаваў суразмоўца. Ён лічыць, што такое рашэнне заходнія партнёры прынялі, асцерагаючыся ўзрослых рызыкаў свайго бізнэсу. Рызыкі выраслі ў сувязі з зваротам Беларусі за крэдытам МВФ, што сведчыць аб нестабільнасці сітуацыі ў фінансавай сферы, патлумачыў эксперт матывацыю заходніх банкаў.

«З тых, хто працягваў з намі працаваць на непакрытай аснове, 90% закрылі ліміты пасля звароту ўладаў Беларусі ў МВФ. Гэта значыць, што пасля сканчэння фінансавання бягучых праектаў і звароту сродкаў па раней вылучаных у межах лімітаў сродкаў, банкі, якія закрылі ліміты, спыняюць на нявызначаны тэрмін свой бізнэс з беларускімі банкамі», — удакладніў ён.

На яго думку, у сітуацыі, якая склалася, Беларусь «блізкая да поўнай адсутнасці знешняга фінансавання».

«Умовы прыцягнення любога знешняга фінансавання рэзка ўскладніліся, заходнія банкі гатовыя выдаваць толькі пакрытыя, гэта значыць, фактычна забяспечаныя закладам (сродкамі кліентаў альбо ўласным капіталам), рэсурсы, — канстатаваў банкір. — Але буйныя банкі, як правіла, не ажыццяўляюць закладных аперацыяў. Для нас няма сэнсу прыцягваць фінансаванне на пакрытай аснове».

Прадстаўнік банка адзначыў, што ў гэтай сітуацыі беларускія банкі маюць адзіную крыніцу рэсурсаў для крэдытавання — прыцягнутыя сродкі мясцовых кліентаў.

Кажучы аб перспектывах аднаўлення беззакладнага крэдытаванні, суразмоўца адзначыў, што «заходнія банкі наўпрост ўвязваюць такую магчымасць з рашэннем МВФ: калі фонд адкрые фінансаванне, дык і банкі адновяць ліміты, а калі фінансавання МВФ не будзе, дык заходнія банкі палічаць нашы рызыкі яшчэ больш узрослымі, і, у сувязі з гэтым, аднаўлення непакрытых лімітаў чакаць не прыходзіцца».

Між тым, эксперт не лічыць сітуацыю ў банкаўскім сегменце крытычнай з‑за закрыцця магчымасці прыцягнення замежных крэдытаў.

«Унутраныя рэсурсы, хоць і ў абмежаваным аб’ёме, але маюцца ў Беларусі. Трэба жыць па сродках. У гэтай сітуацыі трэба альбо адкласці некаторыя праекты, альбо адшукваць дадатковыя ўнутраныя рэзервы», — лічыць эксперт.

Паводле яго словаў, «у параўнанні з краінамі‑суседзямі сітуацыя ў Беларусі бліжэй да нядрэннай — вельмі дрэнная сітуацыя ва Украіне, Прыбалтыцы, краінах Закаўказзя, у Расеі непакрытыя ліміты пакуль застаюцца адкрытымі толькі на 5 банкаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?