Калі прызнацца па шчырасці, дык Пятро па мянушцы Бубніла, пенсіянер і бацька сям’і, глядзець гэтую праграму пра модныя транты зусім не збіраўся і адзеннем надта не цікавіўся. На халеру!

Яе і так поўная шафа. Лепш купіць скрыначку смаленскіх селядцоў, сала мяккага, пляшку «Сваяка», на дачу з’ездзіць. Удзень трохі на гародзе пакалупацца, вечарам кульнуць чарачку, паляжаць на канапе — такія цяперака былі Бубнілавы прыярытэты.

Сёння ён быў дома, вось і пстрыкнуў пультам, каб дазнацца — дождж ці пагода, толькі і ўсяго.

Але мусіць гадзіннік трохі адстаў ці навіны раней пусцілі — замест прагнозу надвор’я на экран выплыў акулярысты дзядзька ў зялёнай кашулі з брошкаю і ў стракатым кабаце — вядучы клятага моднага шоу.

«Адзеўся як жэншчына! — як заўжды не сцярпеў Пятро. — Вот ужо дзе ненавіджу!»

Але позна. «Дай паглядзець, Бубніла ты!»— пачулася з кута залы. Канапу абселі дачка з жонкаю. Ну, што ты будзеш рабіць! З сям’ёй жа не разводзіцца! Абураны пенсіянер патэпаў на кухню да лядоўні. Ён, канечне, меў поўнае права на абурэнне і ўласнае меркаванне. Бо ў маладосці быў першым моднікам на ўвесь свой цэх і нават на маласямейку №3, толькі на пенсіі Бубнілам зрабіўся.

Яно-то, канечне, як дзе ў сталіцы, ды яшчэ на культурнай рабоце, калі ў цёплым, у чыстым і грошы харошыя, моднікам быць — заслуга невялікая. Няма тут нічога ваеннага! Але Пятро жыў у райцэнтры і рабіў усё жыццё на заводзе слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў.

Праца не сказаць каб брудная надта, гэта ж не па каналізацыі лазіць, але ўсякае бывае: то ў салідол упэцкаешся, то так ля насоса церанешся дзе.

Пятро тады на завод заўжды капялюш насіў дарагі і прыстойны. Выглядаў так годна, што яго з начальнікам цэха блыталі!

Мясцоваму кіраўніцтву не падабалася, слесару настойліва раілі зняць капялюш або хаця б палі абрэзаць. Але ён адхіліў абодва варыянты. Злосна кінуўшы: «Я вам што — Вуйка які, у капелюшы без палёў хадзіць!» Хто такі Вуйка, Пецька не ўдакладніў, але, убачыўшы гэткую раз’юшанасць у ягоным абліччы, тэхнолаг з майстрам адчапіліся.

За моднымі навінамі хлапец таксама сачыў: джынсы з выцертымі каленямі купіў, як толькі ўбачыў, яшчэ й цаглінаю іх надраў каб бялейшымі глядзеліся! Прыехаў да маці ў вёску, а тая як загалосіць: «А, мой ты сынок, скідай гэтыя пашморганыя нагавіцы, як іншых у цябе няма, дык я грошай дам — купі сабе хаця б кортавыя!»

А ўжо дублёнка ў Пятра пазней з’явілася, калі дзеці ў школу хадзілі. Цягнулі на заводзе талоны на дэфіцытныя рэчы. Пятро хацеў шубу жонцы і дочкам, хаця адну на траіх, каб прайсціся, а выцягнуў ярка-рудую дублёнку.

Спярша спрабаваў прадаць яе ўдвая даражэй ці абмяніць на вагончык для лецішча, але нічога не выйшла. Давялося самому насіць. Затое ў такой апранасе ў сваім мікрараёне ён выглядаў экзатычна і быў відзён здалёк. На бяседы сваяцкія, ды і проста ў забягалаўку пасля палучкі першы моднік заўжды прыбіраўся быццам фраер, а не шарамыга які: у адпрасаваны строй пад гальштукам. Гальштукаў розных памераў і формаў за жыццё назапасілася каля дзясятка.

Але час няўмольны. Гады мінуліся — дублёнка абдрыпалася, шапку з нутрыі моль пасекла. Дзеці падраслі. Грошай не ставала. Выбраныя гуркі, скапаная бульба, плёнка для парніка зрабіліся важнейшымі за модныя фасоны.

Ды і жонка, калі Пятро ў госці ці піўбар збіраўся, слёзна прасіла не завязваць гальштука: « Набярэшся, як свіння гразі, павалішся на канапу і хрыпіш, а я здзець не магу ўдаўку гэтую, бывае, задушышся шчэ!»

Глынуўшы віна «Купальская песня» — харошага і недарагога, — Пятро закусіў гурком і зноўку прытэпаў у залу.

— «Следаваць модзе смешно, а не следаваць — глупа!» — даводзіў з экрана вядучы, «адзеты як жэншчына», Бубнілавай дачцэ і жонцы, што сядзелі разявіўшы раты.

Душа Бубнілы, сагрэтая цяплом «Купальскай песні», ужо не магла застацца абыякавай, багаты досвед колішняга модніка прасіўся вонкі:

— Апранацца па модзе трэба маладой дзеўцы, маладому хлопцу! А ўсім астатнім — усё адно як, абы на бамжа не быць падобнымі!

Побач з вядучым на экране з’явілася пакоцаная жыццём мажная бландзінка гадоў пяцідзесяці. Чырвоныя штонікі кабеты нібыта прыліплі да сцёгнаў і лытак. У выніку ўвесь задні мост праглядаўся ажно да самага маленькага ўзгорачка і лагчынкі.

— Каб трохі раскашней, дык, можа, і нічога б было, — заўважыла Бубнілава жонка.

Раз-пораз чухаючы вуха, бландзінка жалілася на жыццё, маўляў, і ў сям’і ладу няма і на працу не бяруць. Эксперты і вядучы, «адзеты як жэншчына», слухалі яе доўга ды ўважліва і ўрэшце зрабілі нечаканую выснову — ва ўсім чырвоныя штаны вінаватыя! Запыталіся:

— А можа, у вас няма грошай на новыя?

— Не, грошы ёсць, але мне гэтыя так пасуюць і паставу страйняць, што прыгажэйшага нічога і знайсці не магу! — гулліва адказвала кабета, выцягваючы вусны дудачкай.

— Во, няўдача, дык няўдача, — усміхнулася Бубнілава дачка, — цяпер пры грашах чорта купіць можна, не тое што новыя штаны справіць!

У кадры паказаўся бландзінчын муж, зусім не красавец, хутчэй, лысаваты шыбздзік, у паклычанай блякла-ружовай кашулі, бы з дзіцячых пялюшак пашытай.

З прычыны ўласнага несамавітага выгляду ён, аднак, зусім не журыўся, а вось жончыны штаны і прычоска, наадварот, турбавалі, настолькі, што разводам пагражаў!

— А ці не спрабавалі вы, скажам, купіць ёй нешта новае з адзення? — цікавілася эксперт у белай сукенцы.

— Купляў — насіць не хоча! — жаліўся шыбздзік.

«Капітула! Капітула! — раптам закрычаў Пятро, ускочыўшы з канапы. — У нас у вёсцы таксама такі быў! Толькі ён адзін купляў сваёй жонцы рэйтузы. Прыйдзе ў сельмаг, раскладзе па ўсім прылаўку і пядзямі мерае, каб цесныя не ўзяць!» І ужо спакайней дадаў: «Жэншчына сама сабе адзёжу павінна выбіраць!»

Эксперты на ўсе галасы пачалі раіць галоўнай гераіні апранацца як сапраўдныя лэдзі: англійская каралева і жонка прэзідэнта Кенэдзі — у стрыманыя і элегантныя строі.

— Дык то каралева, а то квахтуха нейкая, хто яе бачыць? Купі сабе мультавы халат дый добра будзе. Усё роўна дома сядзіш, а то раскатала губаньку! — адгукнуўся Бубніла.

— Заліў шаламэйку, цяпер язык як малатарня, — буркнула жонка.

Але колішні моднік насамрэч падчас рэкламнага перапынку споўзаў на кухню яшчэ раз на спатканне з «Купальскай песняй» — харошай і недарагой — і нізавошта не збіраўся спыняць палемікі.

Бландзінка ўзялася прымяраць розныя транты напоказ, стылісты навыперадкі выказвалі свае думкі. Заўвагі ж Пятра Бубнілы з канапы былі не такія далікатныя, але затое вобразныя, кожнаму ўцямныя. Стракатая сукенка, паводле ягоных словаў, была рабой, як яўрэйская карова, белыя штаны — акурат дзедавы споднікі, толькі падстрэленыя, тут з бацькам нават дачка пагадзілася: «Нікуды не варта, пад цёплую куртку белыя штаны, гэта ж на восенню насіць, дажджы йдуць. А які ж дурань пад дажджом у белых штанах цягаецца!» Камплект з жоўтага плашча і чорнага капялюшыка дык наогул на драцяніка падобны, хаця вядучы сцвярджаў, што надта шыкоўна. Мо ён праўду казаў, спецыяліст ўсё-такі, але і Бубніла не схлусіў. Гэта кожны пацвердзіць, хто бульбу перабіраў, а значыць, чарвяка-драцяніка бачыў: галава ў яго чорная, а тулава жаўтлявае.

Пасля эксперты прынеслі шэрыя пінжак са спадніцаю, сінюю куртачку па назваю бомбер. Сцвярджалі, што гэта дзелавы стыль, у такім трэба на працу хадзіць. Дачка ажно задумалася: ці не купіць ёй якога бомбера, увосень жа з дэкрэту выходзіць! Але прыгадала спіс, што сыну ў садзіку выдалі, і кінула дурное.

Тым больш бацька і тут са сваімі парадамі ўлез:

— Калі спяцоўка, то на працу ўсё адно ў чым хадзіць. Глаўна, каб папрыгажэй!..

Пятро яшчэ раз схадзіў да лядоўні. Бландзінку ўрэшце прычасалі, як мае быць, апранулі ў строі ад найлепшых стылістаў, і цяпер яна мо й не глядзелася першай красуняю, але відавочна была даражэй прыбраная. Шыбздзік і дзеці ягоныя, радыя, што ім новую мамку зрабілі, падарылі бландзінцы вялікі букет, такая ўжо завядзёнка.

Вядучы, адзеты як жэншчына, захліпаўся ў кампліментах. Вось, маўляў, памаладзела гадоў на дваццаць, сапраўдную лэдзі зрабілі мы з гэтай лахудры! Аднак жонка Бубнілы не падзяляла ягонай эйфарыі: «Ну баба і баба, якая была торба, такой і засталася. Хіба валасы прыгладзілі, замест штаноў спадніцу даўжэйшую адзелі, дык для гэтага трэба было ажно ў Маскву ехаць?

Лепш «Бітву экстрасэнсаў» пагляджу!

Валадарка пульта ўпэўнена пераключыла канал. Цяпер кашлаты, страхалюдны маладзён, увесь у чорным, падобны на нячысціка з «Вія» і цыркавога факіра адначасова, трымаў у руцэ кавеньку з чэрапам. Гэта было куды горш, чым той акулярысты дзядзька, адзеты як жэншчына! Апроч таго, скончылася «Купальская песня», а разам з ёю і лагодны Бубнілаў настрой:

— Смаркач васямнаццацігадовы! Уздзеў бараноў чэрап на кій — і ён ужо экстрасэнс! — зароў на ўсю хату раз’юшаны пенсіянер.

— І я некалі, як трохі меншы за яго быў, суседку цёмначы пужаў і гарбузом, і чэрапам казіным. Дык пасля баяўся, каб крапівою па срацы не ўрэзалі, не тое што на людзях гэтым пахваляцца!

Не зважаючы на квёлыя пярэчанні другой палавіны, Пятро выдраў шнур з разеткі і пачаў збірацца ўпрочкі. Цяпер у якасці стыліста выступала жонка, а колішні моднік слухаў яе парады: «Штаны, дык добра будзе, а майку пакамечаную скінь, вазьмі светлую кашулю з шафы, усё-такі не абы-куды ідзеш — на пошту! Тамака нашая свацця працуе!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?