У Басманным судзе Масквы пачаўся разгляд скаргі тэлеканалу 2х2 на тамтэйшую сталічную пракуратуру.

Пракуратура вынесла тэлеканалу папярэджаньне пра прызнаньне адной з сэрый мультфільму «South Park», паказанай па 2х2, экстрэмісцкай.

Паводле хадайніцтва тэлеканалу суд прызначыў лінгвістычную экспэртызу эпізоду мультфільму, у якім пракуратура ўгледзела прыкметы экстрэмізму.

Разгяд справы прыпынены да атрыманьня вынікаў гэтай экспэртызы, паведамляе Радио Свобода.

Напачатку восені Басманная раённая пракуратура Масквы прызнала экстрэмісцкім зьмест сэрыі «Калядныя песенкі ад містэра Гаўняшкі». На думку пракуратуры, мультфільм прыніжае гонар і годнасьць хрысьціянаў і мусульманаў. Рашэньне было прынятае на падставе закону «Пра супрацьдзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Тады ў выснове камісіі сьцьвярджалася, што галоўнай мэтай стварэньня мультфільму, а таксама ягонай публічнай дэманстрацыі, «ёсьць мэтанакіраванае распальваньне рэлігійнай нянавісьці й варожасьці шляхам вытанчанага зьдзеку ды глуму зь вернікаў-хрысьціянаў, мусульманаў, юдаістаў, цынічнае абразы іх рэлігійных пачуцьцяў, жорсткага прыніжэньня гонару й годнасьці вернікаў пазначаных рэлігій паводле рэлігійнай прыкметы, дысфарычнага высьмейваньня й зласьлівых зьдзекаў з сакральнага й рэлігійна значнага для вернікаў пазначаных рэлігій, фармаваньня паклёпніцкага скажонага, хлусьлівага вобразу пазначаных рэлігій, іх традыцый і вернікаў».

Расейскі аб’яднаны саюз хрысьціянаў веры эвангельскай, які з-за мультфільму заклікаў байкатаваць этэр каналу 2х2, назваў рашэньне пракуратуры «цалкам слушным». Прыхільнікі мультфільму й каналу 2х2 пачалі збор подпісаў падтрымкі.

Стваральнікі сэрыялу, Central Comedy, адрэагавалі на перасьлед містэра Гаўняшкі з захапленьнем: «Гэта ж выдатны сюжэт для новай сэрыі!»

Мультсэрыял для дарослых «South Park» выпускаецца з 1997 году. Праз прыгоды чатырох сяброў з маленькага гарадку South Park у ім высьмейваюцца недахопы грамадзтва, розныя забабоны й табу. Зазвычай у для гэтага выкарыстоўваецца чорны гумар ды нецэнзурная лексыка.

Асобныя сэрыі сэрыялу перакладзеныя на беларускую мову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?