Расійскія ўлады ўзяліся за поўную праверку правамернасці канцэртнай дзейнасці Лаймы Вайкуле пасля яе слоў пра тое, што яна не гатовая выступаць у Крыме, паведамляе Starhit.
Як заявіў кіраўнік працоўнай групы па пытаннях злачыннасці ў сферы эканомікі грамадскага савета пры галоўным упраўленні МУС Расіі па Маскве Аляксандр Хамінскі, замежныя артысты павінны выконваць пэўныя правілы.
Паводле яго слоў, гэта тычыцца таксама і бясплатных выступаў. Зараз органы збіраюць фатаграфіі і відэазапісы выступленняў спявачкі ў Расіі, каб устанавіць факт парушэння закона. Калі яны дакажуць, што яна незаконна працавала ў Расіі, ёй пагражае штраф і выдварэнне з краіны.
«Максімум, чым рызыкуе Лайма Вайкуле — гэта немагчымасць правядзення выступаў у Расіі ў будучыні», - падкрэсліў Хамінскі.
Раней у жніўні ў адным з інтэрв'ю Вайкуле сказала, што ні за якія грошы не паедзе ў Крым. Таксама яна заявіла, што шчаслівая з нагоды распаду СССР. У Расіі гэта выклікала скандал, яе словы ўспрынялі варожа, калегі пачалі масава крытыкаваць спявачку.