17 жніўня 57-гадовы жыхар вёскі Бабровічы Сяргей Дз. адкрыў агонь з паляўнічай стрэльбы па міліцыянтах, якія прыйшлі да яго праверыць умовы захоўвання зброі. У выніку 42-гадовы маёр міліцыі загінуў на месцы, а яго 23-гадовы калега трапіў у рэанімацыю. Падрабязнасці TUT.BY даведаўся на месцы трагедыі.

Вёска Бабровічы знаходзяцца на наводшыбе Івацэвіцкага раёна. Населены пункт маленькі: пара вуліц, некалькі дзясяткаў дамоў і жыхароў, якія ўсё адзін пра аднаго ведаюць. Да найбліжэйшага населенага пункта адсюль 10 кіламетраў па грунтавой лясной дарозе. Вёска быццам абаронена ад астатняга свету шчыльным шчытом з соснаў і елак. 17 жніўня звыклую цішыню спакойных Бабровічаў парушылі гукі стрэлаў.

«Падумаў, што дзядзьку хутчэй за ўсё заб'юць»

Усё адбылося на цэнтральнай вуліцы каля дома мясцовага жыхара Сяргея Дз. Паводле афіцыйнай версіі, супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС праводзілі рэйд па праверцы ўмоў захоўвання агнястрэльнай зброі. У вёсцы Бабровічы каля 12.00 яны падышлі да хаты Сяргея, які захоўваў паляўнічую стрэльбу ТОЗ 1985 года выпуску. Мужчына яе трымаў у сябе, бо з 2000 года быў паляўнічым.

Участковы Ігар Л. і яго калега Дзяніс С. падышлі да веснічак, прадставіліся і паведамілі пра мэту свайго візіту. Сяргей выйшаў да іх са стрэльбай і адкрыў агонь па праваахоўніках. 42-гадовы маёр Ігар Л. загінуў на месцы. Яго напарніку ўдалося выратавацца. Па словах мясцовых, стрэл карцеччу трапіў яму ў спіну. Суседка Сяргея з дома насупраць, у якой усё адбылося проста на вачах, кінулася да параненага міліцыянта, аказала яму першую дапамогу і выклікала хуткую. Медыкі, якія прыбылі на месца здарэння, завезлі яго ў рэанімацыю бальніцы.

Затым стралок замкнуўся ў сваёй хаце і нікога не падпускаў. Вяскоўца затрымалі ў выніку спецаперацыі. Відавочцам затрымання стаў яго пляменнік Сямён, які жыве ў доме непадалёк. Калі ў вёсцы падняўся шум, ён падышоў да дома сваяка:

— Я пачуў, што ўжо квадракоптэры тут лёталі. Падумаў, што каманду далі (на захоп). Кажуць, што дзядзька не даваў да цела забітага падысці, казаў, што будзе «да канца». Паранены нібы сам адпоўз. Яму ў спіну патрапіла. Потым я пачуў стрэлы. Падумаў, што дзядзьку хутчэй за ўсё заб'юць. (…)

Як мне распавялі, калі АМАПаўцы ўламіліся ў дом, ён паспрабаваў вылезці праз акно, але потым крыкнуў: «усё, я здаюся». І яго скруцілі. (…) Я пайшоў да плота і ўбачыў, як яго выводзяць.

Што паслужыла прычынай такой рэакцыі Сяргея на візіт міліцыянтаў, Сямён дакладна сказаць не можа.

Па словах сястры затрыманага Ніны, тры дні таму паміж яе братам і ўчастковым на беразе возера, размешчанага непадалёк, узнікла спрэчка з-за рыбалкі. Пра гэта жанчыне распавялі аднавяскоўцы Сяргея. Чуў пра канфлікт і Сямён.

— Дзядзька мой запальчывага характару. І вось калі міліцыянты (праз тры дні пасля канфлікту) прыехалі да яго, то ён або спалохаўся ці што. (…) У дзядзькі майго складаны характар, але на ўліку ў псіхбальніцы ён не знаходзіўся, — растлумачыў Сямён.

Сяргей жыў у доме з маці Аляксандрай Андронаўнай. Калі стан жанчыны пагоршаў, яе забірала да сябе сястра затрыманага. За некалькі тыдняў да трагедыі Аляксандра Андронаўна пераехала з вёскі да сваякоў у горад, і яе сын застаўся адзін.

Пасля таго, як жанчына пачула аб здарэнні, яна прыехала ў Бабровічы разам з дачкой і другім сынам. Аляксандра Андронаўна кажа, што была шакаваная навінамі:

— Ён мне і вады прынясе, і дом прыбярэ. Ён усё рабіў, не піў. Мне ён быў добрым сынам.

«Ён так любіў тату, а тата — яго»

Загінулы ўчастковы Ігар Л. пражываў з сям'ёй у гарадскім пасёлку Целяханы. Жыхары Бабровіч, з якім удалося пагутарыць TUT.BY, характарызуюць яго як прыстойнага міліцыянта, добрага сем'яніна. Мужчына пайшоў па слядах бацькі, які таксама служыў у органах унутраных спраў. Ігар Л. разам з жонкай выхоўваў сына-дзевяцікласніка.

З Бабровіч загінулага міліцыянта звязвае толькі цётка яго жонкі, 94-гадовая Тэкля Іванаўна. Пажылая жанчына распавяла, што Ігар часта прыязджаў яе праведваць. Часам браў з сабой сына Мікіту.

Апошні раз ён наведваў сваячку раніцай 17 жніўня.

— Сказаў, што выйдзе ў адпачынак, будзе ездзіць у журавіны. На развітанне спытаў: «Бабуля, як здароўе». Я яму сказала: «Унучак, добра». Засмяялася. Ён развітаўся і паехаў, — успамінае Тэкля Іванаўна.

Пра трагедыю Тэкля Іванаўна даведалася ад жанчыны, якая яе даглядае:

— Яна з ім (Ігарам) паразмаўляла, ён сышоў. А потым стрэл. Яна выбегла і басанож пабегла туды (да дома стралка). Яна вяртаецца, я пытаюся: «Што здарылася?» Мне ніхто нічога не кажа. Тады я выйшла на вуліцу, гляджу людзей шмат, бачу адзін участковы ходзіць, а яго няма. Бачу ля плота, што хтосьці ляжыць. Я думала, можа, ён упаў. А мне ж ніхто нічога не кажа, каб я не хвалявалася. Прыехала доктар, накалола мяне ўколамі … У яго ж сыночак застаўся … Мікітка. Ён так любіў тату, а тата — яго.

Распачата крымінальная справа

Увечары ў пятніцу месца здарэння было ачэплена, працавалі следчыя.

— Следчыя сумесна са спецыялістамі дзяржкамітэта судовых экспертыз праводзяць агляд месца здарэння, падчас якога ажыццяўляецца фіксацыя інфармацыі на месцы здарэння, а таксама канфіскоўваюцца неабходныя аб'екты, якія могуць мець значэнне для расследавання крымінальнай справы. У цяперашні час Следчым упраўленнем у дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа, — распавёў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Іванюк.

У дачыненні да затрыманага заведзена крымінальная справа па п. 10 ч. 2 арт. 139 (Забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці), ч. 1 арт. 14 п. 1, 10 ч. 2 арт. 139 (Замах на забойства дзвюх асоб у сувязі з ажыццяўленнем iмi службовай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У бліжэйшы час мужчына будзе агледжаны на прадмет знаходжання ў наркатычным або алкагольным ап'яненні. Следчымі будуць прызначаныя неабходныя экспертныя даследаванні, у ліку якіх псіхолага-псіхіятрычная экспертыза, якая высветліць псіхічны стан падазраванай асобы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?