Ва ўмовах фінансавага крызісу рэальная таварная вытворчасць у эканоміцы з’яўляецца вызначальным фактарам.

Аб гэтым заявіў журналістам прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі 12 лістапада падчас адкрыцця выставы «Беларусь‑ЭКСПА 2008» у Рызе. «Фінансавы крызіс паказаў усю згубнасць папяровай фінансавай сістэмы, якая існавала ў свеце», — лічыць С.Сідорскі.

Паводле яго слоў, Латвія і Беларусь «дастаткова надавалі ўвагі развіццю экспартных рынкаў дзвюх краін».

«Цяпер стаіць задача захаваць гэтыя экспартныя рынкі», — падкрэсліў С.Сідорскі.

Ён паведаміў, што па выніках 2008 года тавараабарот паміж дзвюма краінамі павінен павялічыцца ўдвая ў параўнанні з 2007 годам, і, як чакаецца, ён перавысіць 2,1 млрд. долараў. За студзень—верасень гэты паказчык склаў 1,9 млрд. долараў і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2007 года павялічыўся больш чым у 2,5 разу.

С.Сідорскі падкрэсліў, што Латвія трывала ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі ў знешнегандлёвым абароце Беларусі сярод краін па‑за СНД, займаючы шостае месца па ўзроўні тавараабароту. Экспарт беларускай прадукцыі ў Латвію за дзевяць месяцаў 2008 года склаў 1.767,7 млн. долараў, імпарт — 106,5 млн. долараў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0