Шэраг беларускіх банкаў прыпыніў на няпэўны час выдачу крэдытаў, падвысіўшы адначасова стаўкі. Экспэрты папярэджваюць грамадзянаў пра рызыку банкруцтва і раяць зьвярнуцца да дэпазытаў.

Шэраг беларускіх банкаў прыпыніў на няпэўны час выдачу крэдытаў,
а тыя банкі, што працягваюць выдаваць крэдыты, падвысілі пры гэтым стаўкі, паведамляе InfoBank.by.

Так, «Абсалютбанк» і «Сомбелбанк» практычна прыпынілі выдачу спажывецкіх крэдытаў. Пры гэтым заяўкі разглядаюцца, але тэрміны выдачы крэдытаў застаюцца нявызначанымі. «Белгазпромбанк» не выдае пакуль крэдытаў на нерухомасьць і аўто, а «Белагропрамбанк» часова спыніў выдачу валютных крэдытаў на жыльлё. «Белзьнешэканомбанк» не выдае валютных крэдытаў увогуле, «Беларусбанк» выдае валютныя крэдыты на спажывецкія мэты толькі на картках, «Трастбанк», наадварот, не выдае крэдыты ў далярах на картку.

Банкі «Масква- Мінск» і «BelSwissBank» абмежавалі максымальныя сумы па крэдытах, што выдаюцца на картку. Максымальныя сумы валютных крэдытаў скараціліся больш чым у 7 разоў, крэдытаў у рублях – у 3-5 разоў.

Абмежаваў максымальныя сумы па крэдытах і «Пріорбанк». Крэдыты на жыльлё і аўтакрэдытаваньне цяпер абмяжоўваюцца сумай у $35 тыс. Раней у залежнасьці ад крэдытнай праграмы крэдыты на жыльлё сягалі ад 30 да 150 тыс. даляраў.

У некаторых банках павялічыліся тэрміны разгляду і выдачы крэдытаў, як, напрыклад, у «БПБ-Банку» і «Белросбанку».

У шэрагу банкаў стаўкі па валютных крэдытаў практычна параўняліся з рублёвымі, а месцамі і перавысілі іх.

Што ў такой сытуацыі раяць эканамісты? Аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Уладзімер Тарасаў перасьцерагае ад спробаў атрымаць крэдыт у сёньняшніх умовах.

Найперш, усё больш актуальнай робіцца пагроза страты крэдытаатрымальнікам працы або зьніжэньня заробкаў, што зробіць немагчымым выплату па крэдыту. Па-другое, існуе пагроза страты сродкаў з-за зьніжэньня цаны залогу. У такім выпадку банк, які выдаў крэдыт, можа запатрабаваць дадатковых гарантыяў або павялічыць памер выплатаў. У выпадку, калі ад крэдыта адмовіцца немагчыма, эканаміст раіць браць яго ў той валюце, у якой чалавек атрымлівае прыбыткі.

Калі з крэдытамі спэцыялісты раяць пачакаць, то для дэпазытаў, кажуць яны, -- самы час. Тут паўстае пытаньне выбару валюты. У. Тарасаў нагадвае пра стандартны ў такіх выпадках варыянт – фармаваньне партфэлю дэпазытаў з розных валютаў. На набыцьцё нерухомасьці варта адкладаць у далярах, бо цэны на кватэры ў Беларусі указваюцца менавіта ў іх.

Паводле infobank.by і Белорусы и рынок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?